Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз беларускіх пісьменьнікаў выдаў “Літаратурную Беларусь”


Валянціна Аксак, Менск Саюз беларускіх пісьменьнікаў, найстарэйшая творчая арганізацыя краіны, якая цярпіць перасьлед улады, выдала першы нумар свайго незалежнага друкаванага органу — газэту “Літаратурная Беларусь”. Праўда, пакуль што гэта выданьне ў выданьні, але кіраўнік праекту старшыня СБП Алесь Пашкевіч у інтэрвію нашаму радыё заявіў, што такі фармат выданьня не зьмяншае яго значнасьці для беларускага літаратурнага працэсу.

“Літаратурная Беларусь”. Культурна-грамадзкі праект ГА “Саюз беларускіх пісьменьнікаў”. Выпуск 1” — гэтак пазначанае новае выданьне, якое разьмясьцілася на васьмі старонках газэты “Новы час”.

“Літаратурная Беларусь” — гэта ўвасабленьне ўжо даўняй мары Саюзу беларускіх пісьменьнікаў мець свой друкаваны орган, у якім можна будзе бесцэнзурна зьмяшчаць усю інфармацыю пра дзейнасьць арганізацыі і творы яе сяброў, сказаў кіраўнік праекту старшыня СБП Алесь Пашкевіч.

Ранейшыя выданьні ў 2002 годзе ў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў улада гвалтоўна адабрала. Асабліва адчувальная страта тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”.

“На сёньня пераважная большасьць сяброў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў ня могуць ня толькі апублікавацца ў гэтым пісьменьніцкім выданьні, але і ўбачыць там свае прозьвішчы і фатаздымкі. “Літаратура і Мастацтва” не асьвятляе шырока нацыянальны літаратурны працэс.

Таму, — сказаў спадар Пашкевіч, — мары мець сваё пэрыядычнае выданьне доўгі час выношваліся і нарэшце ўрэчаісьніліся ў асобным выпуску ці газэце ў газэце “Літаратурная Беларусь”.

Чаму свой друкаваны орган пісьменьнікі пачалі выдаваць як газэту ў газэце, старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў патлумачыў:

“Пачынаць рэгістраваць асобнае пэрыядычнае выданьне ў Беларусі зьвязана зь вялікімі і фінансавымі выдаткамі, і адміністрацыйнымі клопатамі.

Гэта зьвязана зь юрыдычным адрасам, зьвязана ў першую чаргу зь неабходнасьцю стварэньня ўнітарнага прадпрыемства. Таму мы сакратарыятам вырашылі, што будзе прасьцей тыя фінансавыя сродкі, якія будуць акумулёўвацца ў нас, укласьці якраз у пашырэньне фармату гэтага выпуску, а не ў аплаты чыноўніцкім бюракратычным гэтым рагаткам”, — сказаў Алесь Пашкевіч.

“Літаратурная Беларусь” з наступнага выпуску пабольшае да шаснаццаці старонак. Першы яе выпуск распаўсюджваецца сярод сяброў арганізацыі бясплатна.

Наступныя нумары можна набываць у незалежных распаўсюднікаў разам з газэтаю “Новы час”, заснаванай Менскай гарадзкой арганізацыяй ТБМ. На яе таксама можна падпісацца празь незалежную сыстэму падпіскі (празь якую ідзе падпіска на “Народную волю” і “Нашу Ніву”). З восені “Літаратурная Беларусь” будзе мець электронную вэрсію.
XS
SM
MD
LG