Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Магілёўская зямля ня хоча трымаць АЭС?</B>


Ігар Карней, Менск Папярэдне прызначаныя на будаўніцтва атамнай электрастанцыі пляцоўкі ў Магілёўскай вобласьці тэхнічна недасканалыя. “Праматамнагляд”, структурнае падразьдзяленьне Міністэрства надзвычайных сытуацыяў, абвясьціў: геолягі знайшлі паклады крэйдавых пародаў, а грунт з такой структурай можа ня вытрымаць вагі рэактара. Аднак чыноўнікі спасылаюцца на прэцэдэнт — Нацыянальную бібліятэку пабудавалі проста над “тарфяной лінзай”.

Да пляцовак, дзе мусяць разьмяшчацца аб’екты АЭС, ва ўсім сьвеце надзвычай жорсткія тэхнічныя патрабаваньні. Так, грунт павінен вытрымліваць нагрузку да 7 тон на 1 квадратны мэтар, паколькі ў вышыню пабудовы дасягаюць 60 мэтраў. Сам рэактар разьмяшчаецца пад зямлёй на глыбіні да 20 мэтраў.

Адлегласьць паміж Краснапалянскім і Кукшынаўскім пляцдармамі ў Чавускім і Шклоўскім раёнах – усяго 30 кілямэтраў, таму ідэнтычнасьць глыбіннай структуры цалкам зразумелая.

У дадзеным выпадку такое падабенства мала цешыць адказных за праектныя працы. Як прызнаўся начальнік упраўленьня нагляду за бясьпечным вядзеньнем работ у атамнай энэргетыцы (“Праматамнагляд”) Аляксей Шчаглоў, на абедзьвюх пляцоўках геолягавыведныя службы знайшлі паклады крэйдавых адкладаньняў.

А гэта ставіць пад пытаньне ўвесь праект: ці вытрымае зямля такое стратэгічнае збудаваньне?

Зрэшты, у ведамстве спадзяюцца, што вырашыць праблему ўсё ж удасца. Ва Ўкраіне на Хмяльніцкай АЭС на глыбіні 30 мэтраў гэтаксама знайшлі крэйдавыя адкладаньні. Дзеля ўмацаваньня грунту там прабурылі 11 тысяч сьвідравінаў, якія заліваюць бэтонам.

З падобнымі праблемамі ў Беларусі сутыкнуліся падчас будаўніцтва іншага аб’екту — Нацыянальнай бібліятэкі.

Як кажа галоўны інжынэр той стратэгічнай будоўлі Людміла Шохіна, карэктаваць працы давялося ўжо падчас будаўніцтва:

“Звычайна на глыбіню ціску, на глыбіню тоўшчы глебы, што сьціскаецца (існуе такая тэхнічная тэрміналёгія) бурацца сьвідравіны. Іх робяць, каб вызначыць нясучую здольнасьць грунту пад асновай падмурку ці пад вастрынёй паляў.

У першым набліжэньні тоўшча, што сьціскаецца, выявіла неабходнасьць 30-мэтровых паляў. Што мы і зрабілі. Але потым, калі мы пачалі лічыць па іншай праграме, яна паказала істотна большую тоўшчу, што сьціскаецца, — не 30, а 50 мэтраў. Гэта дакладна так жа, як дом паставілі, а пад ім грунт сьціскаецца, сьціскаецца. І ажно на 50 мэтраў уніз сьціскаецца”.

Да атамнай пляцоўкі даехаць немагчыма

Хоць канчатковае рашэньне будаваць першую беларускую АЭС яшчэ не прынятае, прыярытэтнай называецца Краснапалянская пляцоўка. Раз-пораз узьнікаюць размовы пра тое, што будаўніцтва там ідзе поўным ходам.

Аднак начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы Чавускага райвыканкаму Ўладзімер Зелянкоў удакладняе: вядуцца выключна выведныя працы:

“Там цяпер вольна, прыяжджайце, глядзіце. Ні агароджы няма, нічога. Але вы нічога там і ня ўбачыце, апроч слупкоў, трыганамэтрычных знакаў ды іншага. Ну, і людзі, якія там працуюць, — пашукоўцы, геолягі. Але ехаць туды трэба як мінімум на джыпе, бо дарогі як такой няма. На “Жыгулях” ці на якой іншамарцы зь нізкай пасадкай не праедзеш”.

Ізаляванасьць атамнай пляцоўкі абумоўленая патрабаваньнямі бясьпекі: патэнцыйна небясьпечны аб’ект мае быць далёка ад населеных пунктаў, дарог, газа- і нафтаправодаў.

Тэрміны будаўніцтва АЭС неакрэсьленыя

Дагэтуль ня пэўна, калі можа пачацца будаўніцтва АЭС і які міжнародны кансорцыюм можа ўзяцца за рэалізацыю праекту.

Як кажа мой суразмоўца Ўладзімер Зелянкоў, кожны высокі чыноўнік падае сваю вэрсію:

“Тэрміны ўсюды розныя называюцца, мы за гэтым вельмі ўважліва сочым. Але кожны, хто выступае, называе свой тэрмін. А як будзе афіцыйна — хто яго ведае. Да таго ж, тэндэр нібыта афіцыйна таксама не абвешчаны, хоць асобныя СМІ апублікавалі, што французы ад удзелу ў тэндэры ўжо адмовіліся. То бок, якіясьці пляны былі”.

Ад пачатку ўвядзеньне першага энэргаблёку АЭС плянавалася на 2014 год. Цяпер “Праматамнагляд” кажа пра іншыя тэрміны — 2018 год.

• У Магілёве прэзэнтавалі праграму супраць АЭС, 30.05.2007 • Пляцоўка пад АЭС будзе вызначаная праз некалькі месяцаў , 24.05.2007
XS
SM
MD
LG