Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Маргіналія, якая трымае ўсю нацыю”


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: філёзаф Валянцін Акудовіч і культуроляг Андрэй Расінскі.

3 ліпеня ў Беларусі ўрачыста адзначылі чарговы Дзень Незалежнасьці. Ці стала сьвяткаваньне знакавым у працэсе нацыятварэньня? Ці можа сфармавацца беларуская нацыя, не падобная на праекты адраджэнцаў?

Ці фармуе Лукашэнка беларускую нацыю?

Валер Карбалевіч: “Цяперашняе сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці прайшло з выразным акцэнтам ідэі незалежнасьці. Лёзунг прэзыдэнцкай кампаніі “За Беларусь!” быў заменены лёзунгам “За незалежную Беларусь!”.

Канцэрты пад новай назвай пачаліся 25 сакавіка (што сымбалічна), ішлі па ўсёй краіне, а закончыліся вялікім канцэртам у Менску 3 ліпеня. Гэтаму спадарожнічала сьпяваньне гімну Беларусі шматтысячным натоўпам, з удзелам кіраўніка дзяржавы. Што гэта, калі не фармаваньне нацыі?”

Валянцін Акудовіч: “Больш чым паўтара стагодзьдзя таму беларускія дзеячы пачалі думаць пра незалежнасьць Беларусі. І цягам усяго гэтага часу нікому зь іх не прыходзіла да галавы, што беларуская незалежнасьць можа загаварыць на расейскай мове. Апрыёры лічылася, што незалежнасьць Беларусі будзе грунтавацца на беларускай мове, культуры, гісторыі. Расейская мова зьвязвалася наўпрост з калянізацыяй Беларусі расейскай імпэрыяй.

Як гісторыя жорстка пасьміхаецца зь лепшых памкненьняў шаноўных людзей, аналітыкаў, тэарэтыкаў, якія напісалі тысячы артыкулаў, у якіх Беларусь разглядалася ў дыскурсе беларушчыны!

Другі момант. Падчас прэзыдэнцтва Ельцына ў Расеі беларускія ўлады імкнуліся не акцэнтаваць увагу на тэрмінах “незалежнасьць”, “беларуская нацыя” і падобных панятках.

І толькі калі да ўлады ў Расеі прыйшоў Пуцін, стала зразумела, што “шапка Манамаха” ад Лукашэнкі сплыла, і, пэўна, назаўжды, — пачалі актуалізавацца словы “незалежнасьць”, “беларуская нацыя”.

Колькі часу таму я казаў, што Лукашэнку беларуская нацыя ўвогуле не патрэбная, яму патрэбен “нацыяналізм бяз нацыі”. І вось раптам яму спатрэбілася беларуская нацыя. І ён на скорую руку пачаў ляпіць нацыю.

Напэўна, ён зразумеў, што электаральнай падтрымкі яму будзе мала ў новы, больш складаны час. Бо падтрымка электарату хутка можа рассыпацца, калі ўзьнікнуць праблемы з каўбасою. У суровую гадзіну патрэбная падтрымка нацыі. І дзеля палітычнай патрэбы Лукашэнка пачаў ствараць нацыю”.

Андрэй Расінскі: “Я ня згодзен, што Лукашэнка пачаў ствараць нацыю. Ён паразытуе на гэтай ідэі, выкарыстоўвае чужое. Таму што гэтая ідэя для яго чужая. Вельмі паказальная дата сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці. 3 ліпеня доўгі час адзначалі як Дзень гораду Менску. І Лукашэнка яго прысабечыў.

Сапраўды, ідзе стварэньне незалежнай дзяржавы, але не Беларусі, а кавалку СССР. Дзяржавы, незалежнай ад глябальных уплываў, ад пагрозаў ягонай уладзе. Вось такая супярэчнасьць.

І пры гэтым абсалютная і поўная залежнасьць ад Расеі. Гэта такая мадэль незалежнай калёніі, незалежнага гораду Ўрупінску з расейскай мовай, з позіркам у бок Расеі. То бок, вы нас фінансуйце. Гэта спроба ўсё таго ж паразытаваньня.

Гэта паразытаваньне на стварэньні нацыі з гэтымі сьцягам і гімнам. Гэта спроба адбудаваць незалежную прастору сваёй улады, і ўсё. Рэжым Лукашэнкі такі ж незалежны ад Расеі, як падчас Другой усясьветнай вайны рэжым Вішы ў Францыі быў незалежны ад фашысцкай Нямеччыны”.

Ці можа сфармавацца беларуская нацыя, не падобная на праекты адраджэнцаў?

Карбалевіч: “Так, сапраўды фармаваньне беларускай нацыі адбываецца на гістарычным грунце перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пад чырвона-зялёным сьцягам, з расейскай мовай.

Можа, гэта насамрэч і ёсьць сапраўдная беларуская нацыя? Яна зусім не падобная на тыя праекты, якія ладзілі нацыянальна арыентаваная інтэлігенцыя, беларускамоўныя інтэлектуалы, БНФ. То бок, рэальная нацыя паўстае — не падобная на тэорыі рупліўцаў адраджэньня. Але чаму яна павінна быць падобная? Рэальнасьць, жыцьцё і тэорыі рэдка супадаюць?”

Акудовіч: “Наколькі нацыя, якая ствараецца на скорую руку, мае шанец застацца назаўсёды, пакажа час. Цяпер сытуацыя ў футурыстычнай праекцыі выглядае досыць цьмяна.

Разам з тым фармаваньне нацыі паводле праекту адраджэнцаў уяўляецца малаверагодным, прынамсі, у чыстым фармаце.

Хацеў бы зьвярнуць увагу на сёньняшні дзяржаўны сьцяг. У эстэтычным пляне ён мне глыбока антыпатычны. Разам з тым у сацыялягічнай праекцыі ён проста містычна дакладны. Чырвоная частка — гэта савецкія людзі. Зялёная частка — гэта тутэйшыя беларусы.

І вузенькая стужка бел-чырвона-белага арнамэнту — гэта нацыянальна сьвядомыя беларусы. І палітык, які імкнецца заваяваць уладу і ўтрымаць яе, мусіць у сацыялягічным сэнсе абапірацца на чырвоныя і зялёны колеры. Што і зрабіў Лукашэнка.

Палітык, які імкнецца да ўлады, павінен абапірацца на тое, што ляжыць пад рукой. Якраз гэта спадар Расінскі назваў паразытаваньнем. Рэальныя палітыкі заўсёды паразытуюць на тых здабытках, якія існуюць у грамадзтве.

Калі пакапацца ў гісторыі нацыяўтварэньня розных краінаў, то знойдзем шмат прыкладаў, калі нацыі ствараліся пад канкрэтныя палітычныя патрэбы пэўных груповак ці асобных лідэраў”.

Карбалевіч: “Спадар Расінскі, вось вы сказалі, што Лукашэнка паразытуе на чужым. Але якія б ні былі ў яго суб’ектыўныя намеры (напрыклад, утрыманьне ўлады), але аб’ектыўна гэта судзейнічае ўтварэньню нацыі. Дзяржаўныя мэдыі ўбіваюць у галаву людзям ідэю незалежнасьці. Што ў гэтым дрэннага?”

Расінскі: “Тое, што ідэя незалежнасьці дойдзе да самых далёкіх закуткоў Беларусі, гэта добра. Але яна дайшла б туды значна хутчэй, калі б Лукашэнкі не было ва ўладзе.

Але зноў-такі — незалежнасьць якая? Я сьцьвярджаю, што гэта незалежнасьць не Беларусі, а міні-СССР. Гэта БССР, рэтрасавецкая фікцыя, пад чырвона-зялёным сьцягам, квазісавецкім гімнам, пад уладай чалавека, які лічыць сябе савецкім.

Гэта варыянт савецкай супольнасьці, якая пачынаецца з 1945 году, а знайшла свой росквіт пасьля 1994 году. Тут гісторыі амаль няма, ёсьць толькі некалькі кропачак. Гэта вельмі куртаты, нікчэмны, абмежаваны варыянт незалежнасьці”.

Якое месца нацыянальна сьвядомых сілаў у гэтым працэсе?

Карбалевіч: “Мы маем сытуацыю, што рэальны працэс нацыяўтварэньня ідзе ня так, як меркавалі і мяркуюць тэарэтыкі адраджэньня. Што рабіць у такім разе нацыянальна арыентаваным грамадзка-палітычным сілам? Ці працягваць змагацца за свой праект?

Ці, можа, варта далучыцца да гэтага працэсу? Хоць гэты варыянт нацыі і вельмі куртаты, як сказаў спадар Расінскі, але ў яго інтэграваны амаль увесь народ, а ня вузкае кола нацыянальна арыентаваных людзей, якіх загналі ў гета”.

Акудовіч: “Я думаю, ня першае і не другое. На жаль, тая чыстая нацыянальная беларуская Беларусь і надалей будзе нейкай стужкай на агульным тле грамадзтва. Мы застанемся на маргінэсе. Але нашая задача — стаць цэнтрапалеглай маргіналіяй. Мы павінны стаць ня стужачкай збоку, а ў цэнтры. Гэта тая маргіналія, якая трымае ўсю нацыю.

Я не лічу, што мы павінны змагацца за рэалізацыю ў чыстым выглядзе нацыянальна-адраджэнскага праекту. Але мы і не павінны далучацца да гэтага працэсу, да ліхаманкава створанай канструкцыі Лукашэнкі. Мы павінны трымаць сваю пазыцыю, свой дыскурс і пашыраць яго.

Калі б нацыянальна сьвядомыя не трымалі сваю пазыцыю, то яны б ніколі не дачакаліся, каб Дзень Незалежнасьць стаў галоўным сьвятам у краіне. Улада і надалей будзе перахопліваць шмат якія набыткі нацыянальна заангажаваных людзей. І няхай перахоплівае”.

Карбалевіч: “Спадар Расінскі, вы кажаце, што той варыянт незалежнасьці, які рэалізуе Лукашэнка, — савецкі. Але, можа, тут больш савецкімі засталіся нейкія вонкавыя атрыбуты і сымбалі, а зьмест трохі зьмяніўся?

Зь іншага боку, вы адзначылі, што ў тым ідэйным грунце, які выкарыстоўвае Лукашэнка, зусім няма нацыянальнай гісторыі. Але ён бярэ тое, што ёсьць у гістарычнай памяці народу. Там ёсьць Вялікая Айчынная вайна, вось Лукашэнка гэта і выкарыстоўвае. А гісторыі Вялікага Княства Літоўскага там няма, таму, на ягоную думку, яна і ня можа быць грунтам для фармаваньня нацыі”.

Расінскі: “Калі я кажу пра СССР, то, зразумела, гэта ўмоўна. Гэта Савецкі Саюз часу Лукашэнкі з улікам беларускай спэцыфікі. Той гістарычны грунт, які ён выкарыстоўвае, вельмі куртаты, бо абмежаваны апошнімі шасьцюдзесяцьцю гадамі, ды і тое ня ўсімі. Прамежак паміж вайной і цяперашнім часам выпадае. Ёсьць перамога ў вайне, і ёсьць перамога Лукашэнкі. І ўсё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG