Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмсілы выставяць аднаго кандыдата на кожную акругу


Алесь Дашчынскі Сёньня ў Менску адбудзецца паседжаньне Палітрады аб’яднаных дэмсілаў. На ім мяркуецца разгледзець два дакумэнты: пагадненьне аб падрыхтоўцы і ўдзеле ў чарговай выбарчай кампаніі і пра абавязкі прэтэндэнта на кандыдата ў дэпутаты.

Пагадненьне аб падрыхтоўцы і ўдзеле ў выбарчай кампаніі ўносіцца ад пяці структур: Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Партыі камуністаў Беларускай, БСДП (Грамада) і руху “За свабоду”.

Тэкст пагадненьня ўзгоднены на адмысловай рабочай нарадзе.

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, ёсьць вялікая верагоднасьць, што яно будзе прынятае і далей яго мусяць падпісаць асобныя суб’екты.

“Ставіцца такая задача: мець ня больш за 110 кандыдатаў у дэпутаты на 110 акругаў. Меней можа быць, але больш – не. Вызначана працэдура, якім чынам мы будзем выходзіць на кандыдатаў. Цяпер ёсьць мажлівасьць запісацца ў гэты сьпіс усім жадаючым. А потым праз пэўную працэдуру рэгіянальныя кааліцыі будуць вызначаць, хто будзе прадстаўляць аб’яднаныя дэмсілы ў гэтай выбарчай кампаніі. Таксама мяркуецца вызначыць пэўную колькасьць “ударных” акругаў, дзе мы зможам рэальна пазмагацца за дэпутацкія мандаты. Калі ўлада будзе фальшаваць, то тады правесьці моцную мабілізацыйную кампанію, каб выбарнікі адстойвалі сваё права на справядлівыя выбары”, - сказаў Анатоль Лябедзька.

Чаму дэмсілы пачынаюць ужо цяпер падрыхтоўку да парлямэнцкіх выбараў? Паводле спадара Лябедзькі, Беларусь - спэцыфічная краіна, дзе няма доступу да электронных мэдыяў:

“Таму трэба больш часу на выпрацоўку мэсыджу, каб яго данесьці да людзей. Таму гэта ня рана, але пакуль яшчэ і ня позна. У мінулыя выбарчыя кампаніі мы пачыналі зь вялікім спазьненьнем”.

У Вільні 10 ліпеня адбылася рабочая нарада аб’яданных дэмсілаў, на якой было ўзгодненае пагадненьне аб удзеле ў парлямэнцкіх выбарах 2008 года.


• Парлямэнцкія выбары хутчэй за ўсё адбудуцца 12 кастрычніка 2008 г., 25.06.2007
XS
SM
MD
LG