Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага: “Здаровым каням дадуць нумэры. Каней без нумэроў будуць конфіскаваць”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 13 ліпеня ў розныя гады мінулага.

“Гоман” у 1917 годзе друкуе паведамленьні з краю: “Беласток. 10 і 11 ліпня ў Беластоку цэлы рад устаноў памянуў 13 гадаўшчыну тварца сыонізму, Гэрцэля. Сувалкі. Усіх коней сувальскага павету будуць агледаць, ці ў іх німа пасацізны. Агляд адбудзецца на жандарскіх станціях. Здаровым каням дадуць нумэры. Каней без нумэроў будуць конфіскаваць. Мінск. Селяне ў вёсцы Морча (Слуцк. пав.) пастанавілі скінуць мейсцоваго праваслаўнаго сьвяшчэніка, забраць у яго парахвіяльныя кнігі, а царкоўную зямлю раздзяліць між сабой”.

“Красноармейская правда” ў 1927 годзе параўноўвае Тыдзень абароны СССР з краінамі Захаду: “Прыкладам — Латвія. Краіна — крошка. І тут буржуазія цягнецца туды ж. Напрыклад, для моладзі ладзяць гістарычныя экскурсіі, самыя нявінныя: вядуць да рэшткаў старадаўніх замкаў ці ў іншыя месцы, зь якімі зьвязаны паданьні. Вядуць з музыкай, з патрыятычнымі песьнямі. Кіраўнік апавядае гісторыю, але так, каб узбудзіць ваяўнічы дух, мару аб магутнасьці, якая была ў рыцараў гэтых мясьцін і... аб магутнасьці Латвіі”.

“Мінская праўда” ў 1977 годзе ладзіць абмеркаваньне праекту Канстытуцыі СССР. Галоўны лекар Лагойскага раёну Я.Касоўскі прапануе: “Людзі часам злоўжываюць алкаголем, пагарджаюць фізічнай культурай і спортам, што зніжае іх прадукцыйнасць працы, адмоўна ўплывае на выхаванне падрастаючага пакалення і прыносіць шмат іншых страт. На мой погляд, у новай Канстытуцыі трэба запісаць: “Кожны грамадзянін СССР абавязаны берагчы сваё здароўе. Саветы народных дэпутатаў абавязаны садзейнічаць органам аховы здароўя ў арганізацыі абавязковага праходжання насельніцтвам прафілактычных абследванняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG