Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абмяркоўваюць беларускія блогеры карпаратыўную інфармацыю?


Севярын Квяткоўскі, Менск Брытанскі рэсурс “The register” --> http://theregister.co.uk апублікаваў дадзеныя дасьледаваньня фірмы Croner, згодна зь якім каля 40 працэнтаў наёмных работнікаў, якія вядуць блогі, амяркоўваюць пытаньні фірмаў, у якіх працуюць. Мяркуецца, што людзі проста не задумваюцца пра публічнасьць сваіх запісаў. З аднаго боку, гэткія абмеркаваньні могуць нашкодзіць фірме-працадаўцу, з другога – скончыцца звальненьнем для блогера. Калі ў Брытаніі інтэрнэтам актыўна карыстаюцца каля 80 працэнтаў дарослых насельнікаў, дык у Беларусі гэтая лічба паводле розных падлікаў складае ад 15 да 35 працэнтаў. Тым ня менш блогінг актыўна разьвіваецца. Як беларусы абыходзяцца ў сеціве з карпаратыўнай інфармацыяй?

Топ-мэнэджэр адной зь менскіх прыватных фірмаў Андрэй мяркуе, што ў Беларусі існуе праблема з разраду “работнік і інтэрнэт”:

“У нас ня надта высокая культура офісу, культура вытворчасьці. Таму інтэрнэт для супрацоўніка – заўжды магчымасьць адхіліцца ад працы і не выканаць сваю асноўную работу. Інтэрнэтам мусяць карыстацца ў вольны ад работы час”.

Я пацікавіўся ў Андрэя – ці існуе небясьпека працёку карпаратыўнай інфармацыі праз форумы, блогі?”

“Мяркую, так. Але гэта праблема карпаратыўных адносінаў унутры прадпрыемства. Ніхто ня будзе адмыслова зьліваць пэўную інфармацыю на форумах, у блогах. Гэта робіцца хутчэй ненаўмысна, выпадкова”, – кажа мэнэджэр Андрэй.

Кіраўнік інтэрнэт-кампаніі “Надзейныя тэхналёгіі” Юры Зісер дазваляе сваім супрацоўнікам карыстацца ў працоўны час інтэрнэтам як заўгодна:

“Большасьць забаронаў бессэнсоўныя. Бо людзі ўсё роўна выбалтаюць. Калі ты давяраеш чалавеку, то гаворыш усё, і ён ведае што з гэтым рабіць – ня выдасьць. Калі не давяраеш, то лепш нічога не казаць”.

Карэспандэнт: “Ну а калі нейкага работніка ў ягоным блогу пытаюцца “як там у вас Зісер?”. А ў адказ, маўляў, Зісер так-і так...”

“...Так-сякі, заробкі заціскае, прэміі рэжа”. Я мяркую, што блогі – гэта люстэрка жыцьця. Калі штосьці ёсьць у рэале, значыць яно трапляе ў інтэрнэт. Значыць, ня трэба рабіць кепскага, і яно не патрапіць”.

Калі чалавек штосьці хоча напісаць наўмысна, ён напіша, мяркуе Юры Зісер. Інтэрнэт дае шмат магчымасьцяў для ананімнай публікацыі інфармацыі. У якасьці прыкладу прыводзіць усясьветна вядомую карпарацыю, чые былыя супрацоўнікі стварылі цэлы сайт, дзе абвяргаюць рэкляму карпарацыі, якая абяцае хуткі кар’ерны рост і сяброўскі калектыў.

У сыстэме блогаў існуе такі від допіс як friends only – толькі для сяброў. Гэта значыць, што прачытаць запіс можа толькі пэўная група інтэрнэт-карыстальнікаў, якую блогер сам сабе абірае. Гэткія запісы называюць “падзамочнымі”, бо яны пазначаюцца адмысловым знакам у выглядзе навяснога замка. Тут можна сустрэць як інтымныя запісы, гэтак запісы на палітычную тэму. Чаму некаторыя беларускія юзэры хаваюць свае палітычныя погляды? Тлумачыць адзін з блогераў:

“Я працую ў дзяржаўнай канторы, мае меркаваньні крыху не супадаюць зь дзяржаўнай палітыкай. Таму я не хачу раскрываць сваё імя і сваё прозьвішча”.

Пакуль у Беларусі самы вядомы прыклад ахвяры блогінгу – праваслаўны сьвятар айцец Аляксандар Шрамко, якому кіраўніцтва Беларускага экзархату РПЦ забараніла весьці службы сярод іншага з прычыны таго, што сьвятар вядзе свой блог. У дзёньніку айцец Аляксандар часам выказваў пэрсанальныя меркаваньні, якія разыходзіліся з афіцыйнай палітыкай РПЦ.

На думку Юрыя Зісера, тэма блогінгу ў Беларусі яшчэ не дасьледаваная, але разьвіцьцё інтэрнэту, у тым ліку разьвіцьцё блогінгу спрыяе хутчэйшаму высьпяваньню грамадзкай думкі.
XS
SM
MD
LG