Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма выхаваць міліцыянтаў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Больш як два гады дзейнічае загад міністра ўнутраных справаў, які забавязвае міліцыянтаў ветліва дачыняцца з грамадзянамі. Чаму ж ня зьнікла грубасьць у паводзінах некаторых супрацоўнікаў праваахоўчых органаў? Ці магчыма змагацца з гэтай зьявай?

Болей за 7 тысяч міліцыянтаў пакаралі летась за розныя парушэньні, у тым ліку за грубае абыходжаньне з грамадзянамі. Гэта зьвесткі міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава.

Але міністар прызнае: грубасьць ня зьнікла, супрацоўнікі праваахоўных органаў і сёлета часта ня надта ветліва абыходзяцца з грамадзянамі. Якая прычына? Можа, не хапае адпаведнага навучаньня?

“Правілы ветлівага абыходжаньня зь людзьмі ўваходзяць у курс прафэсійнай падрыхтоўкі будучых міліцыянтаў. Плюс мы кіруемся загадам міністра аб ветлівым абыходжаньні”, — патлумачыў супрацоўнік прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка.

Паводле яго, калі міліцыянт грубіяніць і пра гэта становіцца вядома, яго караюць дысцыплінарна, — і гэта абавязкова ўлічваецца падчас рэгулярнай пераатэстацыі міліцыянта. Не прайшоў атэстацыі — могуць звольніць.

Але заўсёды начальства ўлічвае і абставіны, пры якіх дзейнічаў супрацоўнік, кажа Алег Сьлепчанка:

“Калі ён дастаўляў нейкага алькаголіка і той яго ў вуха ўдарыў, а міліцыянт у адказ вылаяўся, дык што ён парушыў? Безумоўна, ён мусіў сябе стрымаць, яго пакараюць у дысцыплінарным парадку — але не звальняць жа за гэта?”

Паводле Алега Сьлепчанкі, міліцыянты мусяць аднолькава ветліва ставіцца да ўсіх затрыманых — незалежна ад іх палітычных поглядаў.

Ці сапраўды гэта так? Вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі тлумачыць шматлікія факты грубага абыходжаньня міліцыянтаў з актывістамі апазыцыі тым, што ўлада сама дэманструе такое стаўленьне.

Праваабаронца згадаў выпадак, калі прадстаўнік улады паспрабаваў спыніць грубасьць. Некалькі гадоў таму пракурор Маларыцкага раёну Берасьцейскай вобласьці задаволіў заяву актывіста БНФ Уладзімера Малея. Той вінаваціў мясцовага чыноўніка ў абразе гонару і годнасьці. Але потым ў справу ўмяшалася абласная пракуратура і адмяніла рашэньне раённага пракурора, згадаў праваабаронца.

Алесь Бяляцкі не выключае, што такім будзе і вынік пінскай справы:

“Мяркую, улады пільнуюць такія выпадкі, і яшчэ невядома, чым закончыцца гэтая справа, калі міліцыянт абскардзіць рашэньне пракуратуры. Але добра, што знаходзяцца дастаткова аб’ектыўныя чыноўнікі, якія часам прымаюць такія рашэньні. Здавалася, звычайныя рашэньні, але ў нашых умовах яны зусім незвычайныя”.

Паводле Алеся Беляцкага, не задаволеныя дзясяткі скаргаў актывістаў на грубае абыходжаньне міліцыянтаў. Але праваабаронца ня лічыць гэтыя спробы марнымі, паколькі спадзяецца, што скаргі перагледзяць пазьней.

Былога дэпутата Вярхоўнага Савету Валера Шчукіна міліцыянты затрымлівалі дзясяткі разоў. Пры гэтым Валер Шчукін кажа, што яго ні разу не абражалі, бо ён умее прымусіць сябе паважаць. У чым сакрэт гэткага ўменьня?

“Гэта элемэнтарна. Прыкладам, да мяне зьвяртаюцца: “Мужчына!” Я адразу спыню такога міліцыянта і запатрабую зьвярнуцца згодна з законам: грамадзянін альбо таварыш. Трэцяга закон не дазваляе. Усё. Атрымаўшы такі адказ, ён сабе наўрад ці нешта дазволіць, калі толькі за “мужчыну” яго спынілі”, — апавядае Шчукін.

Аднак палітык Людміла Гразнова заўважае, што ў арсэнале нядобрасумленных міліцыянтаў ёсьць захады, якія не падпадаюць пад 1-шы загад міністра пра ветлівасьць:

“Да мяне ў камэру падсадзілі жанчыну-наркаманку. У яе была ломка, і ўсе 15 сутак яна крычала. Я разумею, што гэта было не выпадкова, гэткае выпрабаваньне мне наладзілі, каб на мяне паўзьдзейнічаць”.

Некалькі дзён таму былы начальнік менскага сьледчага ізалятара МУС, а цяпер – палітуцякач у Нямеччыне Алег Алкаеў, апублікаваў у Інтэрнэце стэнаграму запісаных на дыктафон размоваў міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава. Калі гэта запіс сапраўдных размоваў Навумава, дык зь іх вынікае, што міністар у прыватных гутарках ужывае нецэнзурную лаянку літаральна праз слова. Паводле стылістыкі гэтая гутарка вельмі нагадвае знакамітыя стужкі Мельнічэнкі – патаемныя запісы размоваў былога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы.

• Пінск: міліцыянта пакараюць за абразы апазыцыянэра, 12.07.2007 • “Ужылі фізычную сілу...”, 07.06.2007 • Міліцыянты зьбілі моладзь, якая прыйшла падтрымаць Валера Шчукіна, 06.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG