Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вернікі-пратэстанты абаранілі летнік пад Менскам


Любоў Лунёва, Менск Вернікі пратэстанцкай суполкі “Царква Ісуса Хрыста” адстаялі свой летнік у Валожынскім раёне, дзе адпачываюць каля сотні чалавек.

Мясцовыя ўлады патрабавалі закрыць летнік, калі ня будуць выкананыя ўсе неабходныя працэдуры. Патрабавалі падаць сьпіс усіх удзельнікаў арганізаванага адпачынку, здабыць дазвол абласной адміністрацыі і камітэту ў справе рэлігіяў на правядзеньне летніка.

Пастар “Царквы Ісуса Хрыста” Барыс Чарнаглаз паведаміў “Свабодзе”, што арганізаваны вернікамі сямейны летнік каля вёскі Аксакаўшчына Валожынскага раёну будзе працаваць да 15 ліпеня.

Барыс Чарнаглаз расказаў, што вернікам удалося дасягнуць кампрамісу зь мясцовымі ўладамі, якія намагаліся спыніць адпачынак вернікаў суполкі.

10 ліпеня кіраўнік ідэалягічнага аддзелу Валожынскага райвыканкаму Алег Бобрык з двума супрацоўнікамі выканкаму (зь імі былі яшчэ двое ў цывільным, якія адмовіліся прадставіцца) наведалі сямейны летнік.

Яны запатрабавалі скласьці сьпіс усіх удзельнікаў летніку, а таксама даць пісьмовыя дазволы на арганізацыю намётавага лягеру ад Менскай абласной адміністрацыі й камітэту ў справе рэлігіяў.

Аксакаўшчына, 12.07.2007. Улады спрабуюць забараніць летнік пратэстантаў. Кіраўнік ідэалягічнага аддзелу Валожынскага райвыканкаму Алег Бобрык Алег Бобрык

Намесьнік старшыні райвыканкаму Пётар Бібік патлумачыў “Свабодзе”, што дзеяньні кіраўніка ідэалягічнага аддзелу ня маюць палітычнай падкладкі:

“Калі гэта рэлігійная арганізацыя, то трэба мець дазвол вышэйшага органу аб стварэньні лягеру, а яго няма. Таксама няма сьпісу ўдзельнікаў лягеру. Самае галоўнае, што калі гэта неяк зьвязана з рэлігіяй, то павінна быць узгадненьне з аддзелам у справе рэлігіяў і нацыянальнасьцяў”.

Гаворыць пастар царквы Барыс Чарнаглаз:

“Гэты летнік шмат гадоў там адбываецца. Сёлета мы сабралі ўсе неабходныя паперы. Але гэта не перашкодзіла ўладам прычапіцца. Чыноўнікі намагаліся гвалтоўна закрыць наш лягер. Але ж у нас усе паперы ў парадку. Улады гэта прызналі й дазволілі нам скончыць летнік.

Гэта сямейны адпачынак, дзе ёсьць культурныя праграмы, спартовыя, і папросту вольны час, калі сям’я можа гуляць у лесе, купацца ў рэчцы... Але ж веруючыя людзі могуць нейкі час і памаліцца”.

Барыс Чарнаглаз лічыць, што заканадаўства скіраванае на тое, каб татальна кантраляваць непаўналетніх. Напрыклад, уладам не дастаткова дазволу бацькоў на выезд дзіцяці за мяжу — патрабуецца дазвол адміністрацыі навучальнай установы.

“Гэта пасяганьне, на наш погляд, на правы бацькоў вырашаць лёс сваіх дзяцей. Гэта спробы татальнага кантролю над жыцьцём сям’і”, – кажа Чарнаглаз.

Летась 8 жніўня ўлады гвалтоўна спынілі працу летніка пад Смаргоньню. Шэсьцьдзесят чалавек, зь якіх толькі пятнаццаць былі дарослыя, пасадзілі ў аўтобусы і пад канвоем вайскоўцаў памежных войскаў завезьлі ў Менск.

• Улады ліквідавалі летнік для дзяцей пратэстантаў, 9.08.2006
XS
SM
MD
LG