Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя не задаволеныя супрацоўніцтвам зь Міністэрствам адукацыі


Альгерд Невяроўскі, Менск Міністэрства адукацыі й праваслаўная царква падпісалі дамову пра супрацоўніцтва ў 2007—2010 гадах. У рамках агульнай праграмы — канфэрэнцыі, духоўныя чытаньні, азнаямленьне навучэнцаў з асновамі праваслаўнай культуры ды іншае. Але ў Беларускім экзархаце ня вельмі задаволеныя актыўнасьцю супрацы. Прадстаўнікоў іншых канфэсіяў у дзяржаўную школу практычна не дапускаюць.

Гэта другі этап агульнай праграмы праваслаўнай царквы й Міністэрства адукацыі, якая рэалізуецца з 2004 году.

Як паведамляе дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА, падчас выкананьня першага этапу гэтай праграмы адкрылі 10 праваслаўных клясаў і 14 групаў у дашкольных установах. Амаль 5 тысяч вучняў у Беларусі вывучаюць курс “Асновы праваслаўнай культуры”.

Аляксей Шынкевіч: “Падпісаныя пагадненьні, дамовы — гэта гульні, і ня больш за тое”.
Аўтары праграмы з боку праваслаўнай царквы ня вельмі задаволеныя тэмпамі яе рэалізацыі.

“Я думаю, што для такой краіны, як Беларусь, гэта, вядома, не дастаткова, – лічыць прадстаўнік экзархату Андрэй Алежка. – Але любы працэс павінен быць натуральным. Ня трэба фарсіраваць падзеі. Гэта і пазыцыя ўладыкі Філарэта, гэта і пазыцыя Міністэрства адукацыі”.

Рэфэрэнт Беларускага экзархату ў сувязях з мэдыямі і грамадзкасьцю архімандрыт Аляксей Шынкевіч называе падпісаную дамову гучнай заявай:

“Гэта проста гучныя заявы аб супрацоўніцтве. А ў сапраўднасьці гэта не рэалізуецца. Няхай яны пакажуць хоць адну школу, дзе гэта ёсьць, дзе гэта працуе. Мы заўсёды спасылаемся на досьвед Захаду — той жа Польшчы, Румыніі.

Калі ёсьць сярод вучняў каталікі — калі ласка, калі ёсьць прадстаўнікі іншых канфэсіяў — калі ласка. Так заўсёды было ў Беларусі, і так і павінна быць. Таму кожны раз падпісаныя пагадненьні, дамовы — гэта гульні, і ня больш за тое”.

Калі праваслаўных сьвятароў зрэдчас пускаюць у навучальныя ўстановы, то прадстаўнікі іншых канфэсіяў могуць пра гэта толькі марыць.

Гаворыць пробашч каталіцкай парафіі абраза Маці Божай Вастрабрамскай з Горадні ксёндз Аляксандар Шэмет:

“Нічога такога няма. Калісьці былі выпадкі, што настаўнікі ці дырэктар былі прыхільныя, каб дзеці зьбіраліся ці ў клясе зрабілі нейкае спатканьне. Пасьля гэта ўсё забаранілі”.

Антоні Бокун: “Дзецям зь дзіцячых дамоў і школаў забараняюць наведваць нядзельныя школы пры пратэстанцкіх цэрквах”.
Але найбольшыя перашкоды ў справе адукацыі ўлады чыняць пратэстанцкім цэрквам.

“Ніякага вольнага доступу ў школы няма, – гаворыць пастар царквы Яна Прадвесьніка Антоні Бокун. – Нават там, дзе некалі праводзіліся нейкія заняткі вернікамі пратэстанцкай царквы, цяпер гэта ўсё закрываецца. Дзецям зь дзіцячых дамоў і школаў забараняюць наведваць нядзельныя школы пры пратэстанцкіх цэрквах. Гэтая інфармацыя з усіх рэгіёнаў”.

Пра гэта ж сьведчыць, на думку Антонія Бокуна, і спроба забараніць хрысьціянскі дзіцячы летнік на Валожыншчыне.

• Экспэртыза “Свабоды”: чаму ў Беларусі абвастраюцца рэлігійныя дачыненьні?, 11.06.2007
XS
SM
MD
LG