Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка дванаццаць гадоў праляжаў у мяне пад ложкам”


Радыё Свабода На “Славянскім базары” самадзейны віцебскі мастак выставіў на продаж партрэт Аляксандра Лукашэнкі, ацаніўшы яго на 100 эўра.

Прозьвішча аўтара на карціне не пазначанае, і сам мастак пагаджаецца назваць хіба сваё імя — Алег. Мінакам, якія пазнаюць вядомую палітычную асобу, ён апавядае, што намаляваў партрэт каля дванаццаці гадоў таму, на пачатку прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Аляксандар Лукашэнка, партрэт віцебскага мастака

“Гэта наш першы прэзыдэнт. Тут яму трыццаць дзевяць гадоў, ён прыгожы мужчына, разумны, сьмелы, адважны! Але ўжо таго запалу цяпер няма. Мужчына развальваецца фізычна ў пяцьдзясят восем гадоў, і яму трэба ў пяцьдзясят восем гадоў сыходзіць на пэнсію, гэта самы аптымальны варыянт.

Мяркую, што ён рэальна ацэньвае свае фізычныя магчымасьці. Бо ў яго ж найцяжэйшая праца! Людзі тут ідуць, і толькі адзін ці два кінуць нешта зьняважлівае, а астатнія радуюцца: “О, гэта Аляксандар Рыгоравіч!”

Аляксандар Лукашэнка на партрэце сапраўды пазнавальны. Мастак не хавае, што часткова капіяваў растыражаваныя выявы прэзыдэнта. Адно што блакітны гальштук наводзіць на пэўныя асацыяцыі з Аляксандрам Мілінкевічам.

Спадар Алег распавядае, што партрэт Лукашэнкі ўваходзіць у адмысловы цыкль пад назвай “Развал Саюзу. Здрада сацыялістычным ідэям. Пяцьдзясят гадоў Перамогі ці поўнае паражэньне?”

За ўсё сваё жыцьцё мастак-пэнсіянэр напісаў толькі вось гэтыя сем карцін. Дагэтуль яны дванаццаць гадоў праляжалі ў яго пад ложкам, а цяпер ён вырашыў выставіць іх на продаж на “Славянскім базары”.

Віцебскі мастак Алег ля сваіх карцінаў

Мастацкія працы спадара Алега — своеасаблівае спалучэньне клясычнага жывапісу і палітычнай карыкатуры. Героі карцінаў пазнавальныя: тут і Сталін, і Мікалай ІІ, і Гітлер, і Ленін, і Ельцын з Гарбачовым. На вэрнісажы ў Віцебску збольшага краявіды й натурморты. Бадай толькі гэтыя творы напісаныя на палітычныя тэмы.

Фрагмэнт карціны 50 год Перамогі ці поўнае паражэньне

Кожная карціна каштуе 100 эўра. Мінакі спыняюцца і разглядаюць іх зь вялікай цікавасьцю. Але ахвочых купіць пакуль не было.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG