Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінск: міліцыянта пакараюць за абразы апазыцыянэра


Радыё Свабода Пракурор Пінску, саветнік юстыцыі Сьвятлана Масло накіравала ў Пінскі гараддзел унутраных справаў пастанову — прыцягнуць прапаршчыка міліцыі Аляксандра Барычэўскага да матэрыяльнай адказнасьці. У дакумэнце адзначана, што “паводзіны гэтага міліцыянта супярэчаць асноўным прынцыпам дырэктывы прэзыдэнта №2 “Аб мерах для далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату”.

У траўні прапаршчык Аляксандар Барычэўскі, які нёс вахту на ўваходзе ў гарадзкі аддзел міліцыі, адмовіўся прапусьціць у будынак праваабаронцаў, якія суправаджалі выкліканага на допыт сябра Партыі БНФ Юр''я Бахцерава. Пасьля гэтага інцыдэнту Юры Бахцераў напісаў скаргу на імя пракурора.

Пракурор Пінску Сьвятлана Масло дакумэнтальна канстатуе: міліцыянт Барычэўскі мусіць сплаціць штраф. У будынку Пінскага гараддзелу ён паводзіў сябе нетактоўна, абражаў наведніка Бахцерава і не пускаў у памяшканьне разам зь ім двух грамадзкіх праваабаронцаў.

“Супрацоўнік міліцыі сьвядома парушае Канстытуцыю”

Сьведчыць Юры Бахцераў:

“Гляджу, што супрацоўнік міліцыі парушае сьвядома Канстытуцыю. Я дастаю Канстытуцыю і зачытваю яму 62-і артыкул, які гарантуе, што кожны грамадзянін мае права на юрыдычную дапамогу ў кожны момант ва ўсякай дзяржаўнай арганізацыі”.

Са словаў Юр’я Бахцерава, пінскі міліцыянт Барычэўскі ня толькі парушыў Канстытуцыю ў будынку райаддзелу. Бахцераў кажа, што пасьля Барычэўскі даў ілжывыя тлумачэньні ў пракуратуры, якая правярала канфлікт. Выкрыць гэта дапамагла прадбачлівасьць апазыцыянэра.

“Пракурор пераканалася, што сапраўды супрацоўнікі міліцыі лгалі”

“У мяне ёсьць аўдыёзапіс, што сапраўды адбывалася ў будынку ГАУС. Быў у пракурора, яна мяне запрасіла. Я ёй даў тэкст гутаркі, а пасьля яна праслухала магнітафонны запіс. І яна пераканалася, што сапраўды супрацоўнікі ГАУС ілгалі”, — кажа Бахцераў.

Спадар Бахцераў даводзіць, што міліцэйскі перасьлед зазнае ад мінулай выбарчай кампаніі ў мясцовыя саветы. Нагадвае нават пра вераломнае ўварваньне міліцыянтаў у яго кватэру і канфіскацыю ім дакумэнтаў.

“Я ня лаюся матам, а ў міліцыянтаў мат — суцэльны”

На грубасьць міліцыянтаў скардзіцца цяпер у Берасьцейскі абласны суд і старшыня Пінскай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Аляксандар Раманчук:

“Калі я сядзеў на “падвале” (гэта ў нас пастарунак так называюць), то там адны брыдкасьці выслухоўваеш! Міліцыянты такімі словамі крычалі — мат суцэльны. Я ня лаюся матам, паўтараць нават не адважуся. Але так брыдка становіцца!”

“Інфармацыю пра такія невялікія перамогі трэба абавязкова пашыраць”

Сёлета берасьцейскія грамадзкія арганізацыі й партыі заклікалі ўсе сілавыя ведамствы рэгіёну спыніць перасьлед апазыцыйных актывістаў. Яны патрабуюць не выкарыстоўваць турмы для запалохваньня нязгодных.

“На жаль, нягледзячы на наш зварот, сытуацыя моцна не зьмянілася, – расказвае ініцыятар звароту, старшыня берасьцейскай арганізацыі руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч. – Аднак я лічу, што інфармацыю пра такія маленькія перамогі трэба абавязкова пашыраць як сярод дэмакратычных актывістаў, так і даносіць да шырокай грамадзкасьці. Людзі мусяць ведаць, што вінаватыя ў парушэньнях з боку дзяржаўнай улады ці міліцыі будуць пакараныя. Рана ці позна”.

Юрась Губарэвіч нядаўна выйграў судовую спрэчку з супрацоўнікамі Ленінскага райаддзелу міліцыі Берасьця. Дарэчы, тры дні таму замянілі кіраўніка Пінскага гараддзелу ўнутраных справаў. Крыху раней прызначылі і новага пракурора гораду.



Фрагмэнты ліста Фрагмэнты ліста пракурора Юр''ю Бахцераву

• Як КДБ дзейнічае супраць маладых актывістаў у Пінску, 26.06.2007 • У Пінску шукаюць аўтараў улёткі "На ахове калгаснага фашызму", 13.06.2007 • Пінск: міліцыя ўварвалася ў кватэру кандыдата ў дэпутаты гарсавету, 21.12.2007
XS
SM
MD
LG