Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марскія вадаплавы прыпішуць у Менску


Ігар Карней, Менск Паўтара дзясятка гадоў беларускі ўрад абмяркоўвае ідэю стварэньня ўласнага марскога флёту, дысьлякаванага ў адным з партоў Балтыйскага мора. Такая прапіска найбольш выгадная з гледзішча геаграфічнага знаходжаньня і актыўнасьці гандлёвых патокаў. Шмат ужо казалася пра эканамічную вартасьць такога праекту, які мае ашчадзіць мільёны даляраў ад перавозкі беларускіх грузаў уласнымі марскімі суднамі. Якія пэрспэктывы ў гэтай ідэі?

Нядаўна Міністэрства транспарту і камунікацый чарговым разам агучыла намер пераўтварыць Беларусь у марскую дзяржаву. Як паведамілі ва ўпраўленьні марскога і рачнога транспарту, цягам наступных трох гадоў Беларусь набудзе два грузавыя вадаплавы.

Асноўныя стратэгічныя інтарэсы Беларусі ў марскіх портах – экспартныя пастаўкі калійных угнаеньняў, трактароў і аўтатэхнікі. За 2006 год памер экспарту склаў болей за 900 тысячаў тонаў, імпарт – каля 70 тысячаў тонаў. Цяпер беларуская прадукцыя накіроўваецца пакупнікам праз балтыйскія і чарнаморскія парты ў Вэнтспілсе, Клайпедзе, Калінінградзе і Нікалаеве.

Б. Гавароўскі: “Судны прапішуць у Менску”

Гаворка пра грузавыя караблі, ці баржы, сярэдняй зьмяшчальнасьці, абслугоўваць якія будуць тры дзесяткі маракоў. Наконт порту прыпіскі запытваю ў начальніка Ўпраўленьні марскога і рачнога транспарту Браніслава Гавароўскага:

Гавароўскі: “Менск”.

Карэспандэнт: “Менск?”

Гавароўскі: “Прапіска паводле месца рэгістрацыі, а рэгістрацыя будзе ажыцьцяўляцца ў Міністэрстве транспарту, у Дзяржаўным рэестры марскіх суднаў. Вось Прага, да прыкладу марская дзяржава? Прабачце, горад? Не. А судны з портам прыпіскі “Прага” ёсьць. Таму на судне ўказваецца месца прыпіскі”.

Карэспандэнт: “А плаваць яно можа ўсюды?”

Гавароўскі: “Так, па ўсіх марах. А паколькі Дзяржаўны рэестар марскіх суднаў знаходзіцца ў Мінтрансе ў Менску, то і так званым портам прыпіскі будзе Менск”.

А. Трусаў: “Я быў сабраў ужо 500 маракоў”

У 1992 годзе на першай старонцы ўрадавай газэты “Рэспубліка” зьявіўся шарж на дэпутата Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Алега Трусава, дзе народны абраньнік быў у цяльняшцы і бесказырцы. Так выданьне адрэагавала на ініцыятыву спадара Трусава стварыць марскі флёт Рэспублікі Беларусь. Праз 15 гадоў Алег Трусаў высілкі ўладаў цалкам падзяляе:

“А куды ім падзецца? Грошы ж яны губляюць велізарныя! Чаму тады мяне і высьмейвалі, крытыкавалі? Бо расейскае лобі было вельмі моцнае, ім вельмі нявыгадна было, каб мы мелі свой флёт. Бо мы ж Расеі плацім шалёныя грошы. Таму гэта лобі зрабіла ўсё, каб задушыць наш флёт. Мы рэальна пачалі працаваць, я маракоў ужо сабраў 500 чалавек. Але адзінае, што мы дамагліся, дык гэта марскія пашпарты сталі беларусам выдаваць – маракам, рыбакам ды іншым. Хоць гэты плюс, бо дагэтуль не давалі і пашпартоў. Перадусім Расея была зацікаўленая заваліць ідэю, бо навошта ёй канкурэнты? То бок, расейскае лобі душыла і зараз душыць на корані ўсе нашы ініцыятывы па флёту”.

Паводле марскіх канонаў, Беларусь ёсьць унутрыкантынэнтальнай дзяржавай, аднак мае сетку ўнутраных водных шляхоў з выхадам у Чорнае мора па Дняпры. На балянсе Міністэрства транспарту і камунікацый: Беларускае рачное параходзтва, 9 рачных партоў, 4 суднабудаўнічыя і суднарамонтныя заводы ў Гомелі, Рэчыцы, Пінску і Петрыкаве.

Чыгунка таньнейшая за водныя перавозкі

Яшчэ ў ХVII cтагодзьдзі зьвязаць Беларусь з морам мелася гідратэхнічнае збудаваньне Дняпроўска-Бускі канал. Збудаваньне задумвалася як найкарацейшы шлях з Балтыкі, праз сухапутную частку Заходняй Эўропы, з выхадам праз Беларусь і Ўкраіну да Чорнага мора. Аднак у новых умовах канал страціў геапалітычную актуальнасьць. Адзін з “рулявых” парому праз Дняпро-Буг кажа, што ад былой актыўнасьці засталіся хіба ўспаміны:

“Цяпер няма руху, рэдка ходзяць, на месяц адзін-два, як кажуць, “крэйсэры” пройдуць і ўсё. Пераважна шчабёнку возяць, але мала. Праўда, цяпер плянуецца ля Кобрына будаваць шлюз новы, дык можа пусьцяць турыстычны маршрут. І тое, калі Польшча пагодзіцца, бо ў Польшчы масты нізкія і яна не прапускае судны. А што да грузаў, то я размаўляў з адным будаўніком і той сказаў: таньней усё роўна чыгункай перавозіць. Баржу трэба спачатку нагрузіць, потым разгрузіць, а вагоны прыйшлі, шух адразу, высыпалі на пляцоўку. І тым больш не такое ўжо вялікае будаўніцтва, каб аб’ём працы патрабаваў вялікіх паставак”.

Берасьцейшчына, 10.07.2007. Дняпроўска-Бускі канал забывае, як выглядаюць сапраўдныя караблі

 Берасьцейшчына, 10.07.2007. Дняпроўска-Бускі канал забывае, як выглядаюць сапраўдныя караблі

Дняпроўска-Бускі канал забывае, як выглядаюць сапраўдныя караблі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG