Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Праскі акцэнт: Дыктатура маленькага чалавека</B>


Юры Дракахруст, Прага Што будзе пасьля Лукашэнкі? Ці можна збудаваць нацыю на каштоўнасьцях, супольных зь іншай нацыяй? Ці ёсьць у Беларусі супольныя грамадзкія інстытуты, на якіх можна будаваць грамадзянскую нацыю? Над гэтымі тэмамі у перадачы “Праскі акцэнт” радыё Свабода разважаюць пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, рэдактар газэты “Советская Белоруссия - Беларусь сегодня» Павал Якубовіч і былы пасол Беларусі ў Нямеччыне Пётра Садоўскі.

(Першая і другая часткі гутаркі ўжо былі апублікаваныя на нашым сайце. Прапануем вашай увазе заключную частку размовы).

Дракахруст: “Эканамісты гавораць цяпер пра сапраўдны спажывецкі бум, які назіраецца ў Беларусі, сьведчаньне чаму – значны рост куплі аўтамашын і неверагодны рост цэнаў на нерухомасьць, асабліва ў сталіцы.

І гэта пры тым, што як раз uлада пасьля беларуска-расейскай нафтагазавай вайны крыкам крычыць пра тое, што трэба рыхтавацца да горшых часоў, зацягваць паясы, сьведчаньне чаму, напрыклад, дэкрэт Лукашэнкі пра эканомію. А народ нібыта ня чуе, нібыта сам сабе кажа: “Нічога, наш “бацька” ўсё роўна неяк выкруціцца”. І працягвае купляць-купляць-купляць. Ці не стварае гэта сапраўды псыхалягічную пастку і для ўлады і для народу? І чым гэтая пастка можа скончыцца?”

Садоўскі: “Мне здаецца, што адказ тут вельмі просты і таямніцы тут ніякай няма. Ёсьць дасьледаваньні наконт спажывецкіх бумаў. Скажам, у Нямеччыне такі бум назіраўся ў часы Адэнаўэра і Эрхарда. У краінах пераходнага пэрыяду такія бумы назіраюцца, калі ёсьць трывога і няўпэўненасьць у эканамічным разьвіцьці краіны.
“У краінах пераходнага пэрыяду такія бумы назіраюцца, калі ёсьць трывога і няўпэўненасьць у эканамічным разьвіцьці краіны” П. Садоўскі
Калі б была адкрытая эканоміка, калі б быў свабодны бізнэс, людзі б панесьлі свае грошы ня ў банкі, а куплялі б акцыі і каштоўныя паперы, пра што Станіслаў Багданкевіч гаворыць ужо 10 гадоў. Людзі б не куплялі другую машыну, трэці мабільнік, другую кватэру. Людзі сапраўды баяцца, я тут са Сьвятланай абсалютна згодны, людзі ня ведаюць, што будзе заўтра. Бо што з таго, што людзі нясуць грошы ў банкі?

Я сам у банку паўтара гада працаваў і ведаю. Калі прадпрыемства атрымлівае грошы не за кошт продажу акцый, а бярэ крэдыт, ударажаецца вытворчасьць, растуць цэны.

На сёньняшні дзень спажывецкі бум, пра які Вы, Юры, гаворыце, гэта своеасаблівая форма ашчаджэньня, людзі ўкладаюць грошы ў машыну, у кватэру, у тэлевізар. Ня усе людзі разумеюць, што тыя высокія заробкі, якія мы атрымлівалі апошнія гады – яны не заробленыя. Асабліва гэта зразумела, калі паглядзець на інфляцыю, на рэнтабэльнасьць прадпрыемстваў, на ўліваньне ў іх грошай. Гэта незаробленыя заробкі. І людзі сьпяшаюцца іх патраціць на ўсякі выпадак, каб на чорны дзень не застацца без нічога.

Пастка тут такая, што сінэкура аднойчы скончыцца, і давядзецца жыць па сродках, будуць даяжджаць аўтамашыны, дапрацоўваць пральныя машыны. І ўсё пачнецца спачатку”.

Дракахруст: “Спадар Якубовіч, а як бы Вы ахарактарызавалі гэты цікавы фэномэн. На Ваш погляд, у чым яго прычына, акрамя, зразумела, росту жыцьцёвага ўзроўню: недавер да дзяржавы, пра які казаў спадар Садоўскі, ці наадварот – залішні давер?”

Якубовіч: “Наагул кажучы, гэта пытаньне інтэрпрэтацыі. Можна зайсьці сёньня ў любую віленскую краму, кшталту "Акропаліс", і ўбачыць велізарную колькасьць людзей, якія купляюць, прычым гэта не беларусы, а літоўцы. Але пры гэтым нельга сказаць, што літоўцы, паводле схемы Пятра, так ужо баяцца заўтрашняга дня. Людзі хочуць жыць сёньня і цяпер, і калі ёсьць магчымасьць купіць машыну, то яе купляюць.

З аднаго боку, людзі сталі жыць крыху лепш. Я , Юры, не казаў ні пра сады квітнеючыя, ні пра бум вар’яцкі, якога няма. Ёсьць цяжкое жыцьцё, і нездарма зьяўляюцца дырэктывы, якія нагадваюць – не расслабляйцеся, мы вельмі бедная дзяржава.

“Вера ў правадыра - гэта частка нашай мэнтальнасьці” П.Якубовіч
Але ёсьць элемэнт і таго, пра што Вы, Юры, сказалі. Многія людзі ня вельмі крытычна ставяцца да ацэнкі сваіх пэрспэктываў, і ёсьць такое грамадзянскае ўтрыманства: маўляў, ёсьць прэзыдэнт, які ведае, як будзе сёньня, заўтра і пасьлязаўтра. І хаця прэзыдэнт увесь час кажа, што трэба разьлічваць на сябе, а дзяржава зробіць тое, што яна можа зрабіць, вера ў правадыра – гэта частка нашай мэнтальнасьці.

Гэта ня пастка ў тым сэнсе, што яе нехта штучна стварае. Але чалавек павінен ведаць, што найлепшыя інвэстыцыі – гэта інвэстыцыі ў дзяцей, у адукацыю, у нерухомасьць, каб не чакаць, калі выканкамаўская чарга падыйдзе, а самому думаць. Спадзеў на правадыра – гэта мэнтальная скрыўленасьць, рудымэнт сацыялістычнай мінуўшчыны, а ня нешта, што накідае прапаганда.

І я лічу, што грамадзтва, якое ўсур’ёз разважае наконт будучыні, павінна разумець, што будучыня залежыць, як пішуць у нашых газэтах, ад таго, як кожны канкрэтны чалавек гэтую будучыню сябе ўяўляе”.

Дракахруст: “Спадарыня Алексіевіч, а ў Вас, як у “канкрэтнага чалавека”, які погляд на гэтую праблему?”

Алексіевіч: “Я гэта бачу гэта крыху інакш. Я мяркую, што мы – не асобныя людзі і ня ўсё тут залежыць ад мясцовых умоваў. Сёньня толькі ў краінах ісламу яшчэ працуе энэргія рэлігіі. А ў астатнім сьвеце скончыўся час вялікай гісторыі. Людзі расчараваліся ва ўсіх ідэях і ў містычных сэнсах. І беларусы – нацыя, якая спазьнілася, з недабудаванай дзяржавай, сыходзяць зь вялікай гісторыі ў сваю маленькую гісторыю і кажа: "Чума на абодва вашы дамы! Ёсьць сёньня і цяпер, і я хачу жыць сёньня". Гэта мы, наіўныя шасьцідзясятнікі, думалі, што разваліцца ўсё гэта і людзі кінуцца каяцца, будаваць дзяржаву, вучыцца свабодзе, а яны кінуліся вучыцца жыць. Яны, як дзеці, усё спрабуюць. Мне даводзілася спатыкацца з расейскімі алігархамі – Беразоўскім і Абрамовічам. І здавалася б – людзі ўсё маюць, але нават яны выхваляюцца тым, што набылі, людзі, што менш багатыя, выхваляюцца крыху меншымі яхтамі.

Мы, беларусы, яшчэ такое недафармаванае цела, а цябе выкідаюць у дарослае жыцьцё. На пэўны час аўтарытарны лідэр нібыта абараніў грамадзтва, зрабіў такую сумесь турмы і дзіцячага садку.
“На пэўны час аўтарытарны лідэр нібыта абараніў грамадзтва, зрабіў такую сумесь турмы і дзіцячага садку” C. Алексіевіч
Але ва ўсім сьвеце адбываецца, а ў нас, на непадрыхтаванай глебе гэта хутчэй і жахлівей – дыктатура маленькага чалавека, які хоча смачна есьць і мала працаваць. У сваім доме я паспрабавала памяняць газавую пліту. Дык гэта два дні трэба сядзець на тэлефоне, 10 дзяўчат адказваюць вам, але насамрэч ніхто ні за што не адказвае. І можа праз месяц да вас хтосьці прыедзе. Яны атрымліваюць новыя заробкі, пэўна ўжо езьдзяць на нейкіх патрыманых машынах з Захаду, але ўменьне працаваць – усё тое самае. Іх навучылі толькі хацець.

Лідэр сам не падазрае, якая небясьпека, перш за ўсё для яго, і для народу – дыктатура маленькага чалавека, дыктатура яго любові. Але калі ён будзе расчараваны, калі гэта ўсё яму не дадуць, а ён толькі ўвайшоў у смак – якой страшнай будзе яго нянавісьць. І няма чаго замілоўвацца гэтым дзіцячым садком, які хоча жыць. Мы – як дзеці, і гэта вельмі страшна для ўсіх нас”.
XS
SM
MD
LG