Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Генная тэрапія як магчымы сродак лячэньня алькагалізму


Ганна Соўсь, Прага Некаторыя алькаголікі могуць даволі доўга заставацца цьвярозыя, аднак такіх людзей няшмат – каля 10 працэнтаў. Чылійскія дасьледчыкі цяпер разглядаюць генную тэрапію як магчымы сродак лячэньня алькагалізму. Навукоўцы нядаўна заявілі пра посьпех у вопытах над пацукамі-алькаголікамі.

Амалія Запаг з унівэрсытэту Чылі ў Сант’яга на нядаўнім паседжаньні Таварыства геннай тэрапіі паведаміла пра вынікі свайго экспэрымэнту. Лябараторныя пацукі, якіх спачатку прывучылі да алькаголю, пачалі піць на 50 працэнтаў меней пасьля таго, як ім быў уведзены вірус, што разбурае адказны за засваеньне алькаголю ген.

Гэты ген называюць “аldehyde dehyrdogenase” (ALDH). Дасьледчыкі выявілі, што людзі, у якіх мутаваная форма гэтага гену, маюць найменшую верагоднасьць стаць алькаголікамі.

Дасьледчыкі Чылійскага ўнівэрсытэту вывелі больш за 70 пакаленьня пацукоў, хворых на алькагалізм. Менавіта ім аддавалі перавагу пры дасьледаваньнях, паколькі яны нарадзіліся з генэтычнай схільнасьцю да алькаголю. Чылійскія навукоўцы мяркуюць, што праз іньекцыю бясьпечнага вірусу яны знайшлі новы спосаб зьменшыць ўжываньне алькаголю – ня толькі ў пацукоў, але і ў людзей.

Прэпарат “Antabuse”, які лекары прапісваюць алькаголікам ужо на працягу 50 гадоў, разбурае ген ALDH ва ўсіх органах цела. Калі чалавек, які прыняў “Antabuse”, выпівае, то ў яго пачынаюцца непрыемныя рэакцыі – ад ванітаў да праблемаў з дыханьнем. Аднак “Antabuse” трэба прымаць штодня, каб ён быў эфэктыўным. Алькаголік, які хоча выпіць, можа проста адмовіцца на гэты час ад прэпарату.

Зь іншага боку, іньекцыю вірусу дастаткова ўвесьці толькі адзін раз. Навукоўка Амалія Запаг, аднак, заўважае, што неабходна яшчэ правесьці шэраг дасьледаваньняў, каб пачаць досьледы на людзях навага прэпарату ад алькагалізму.
XS
SM
MD
LG