Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разрыў паміж палітыкай і эканомікай – пагроза краінам зь пераходнай эканомікай


Юры Дракахруст, Прага Сёньня дасьледны цэнтар брытанскага часопісу Economist апублікаваў справаздачу аб эканамічнай і палітычнай сытуацыі ў краінах Усходняй Эўропы і былога СССР. Паводле высноваў дакумэнту, палітычны прагрэс у краінах рэгіёну адстае ад эканамічных посьпехаў, што стварае пагрозу і эканамічнаму росту.

У справаздачы адзначаецца, што рост сукупнага ўнутранага прадукту ў 28 краінах Усходняй Эўропы і былога СССР дасягнуў летась рэкорднага паказьніка 7%, у Беларусі ён перавысіў нават 9%. На параўнальна нізкім узроўні трымаецца ў рэгіёне інфляцыя – менш за 7% у год у сярэднім, дакладна 7% – у Беларусі. Замежныя непасрэдныя інвэстыцыі ў рэгіёне склалі летась 108 мільярдаў даляраў, павялічыўшыся ў параўнаньні з 2005 годам на 40%.

Але гэтыя бясспрэчныя эканамічныя посьпехі, адзначаецца ў справаздачы, спалучаюцца з шэрагам палітычных выклікаў – крызысныя зьявы ў палітыцы краінаў Усходняй Эўропы, пагаршэньне адносінаў паміж Захадам і Расеяй, узмацненьне аўтарытарных тэндэнцый у некаторых краінах СНД, палітычная нестабільнасьць у такіх ключавых краінах рэгіёну, як Украіна, і маштабны крызыс у сувязі са статусам Косава.

Як адзначаюць экспэрты Economist Intelligence Unit, пакуль гэтыя палітычныя тэндэнцыі наўпрост ня тычацца эканомікі, але ёсьць рызыка, што кепская палітыка нарэшце разбурыць добрую эканоміку.

У справаздачы гаворыцца, што забурэньні ў Вугоршчыне ў мінулым годзе прадэманстравалі, што краіны рэгіёну пакутуюць на сур’ёзную палітычную хваробу. Пры гэтым уступленьне шэрагу зь іх у Эўразьвяз зьменшыла рашучасьць гэтых краінаў дамагацца кансалідацыі сваёй дэмакратыі.

Паводле ацэнкі экспэртаў, толькі Чэхія і Славенія могуць лічыцца цалкам дэмакратычнымі краінамі. У іншых дзяржавах назіраюцца нізкі ўзровень падтрымкі насельніцтвам каштоўнасьцяў дэмакратыі, настальгія па былых часах, усё больш папулярнымі робяцца папулісты.

У справаздачы гаворыцца, што ў найгоршым выпадку можа стварыцца заганнае кола: слабасьць дэмакратычных інстытутаў будзе рабіць больш глыбокім эканамічны спад, калі ён пачнецца.

У дакумэнце таксама адзначаецца дысбалянс паміж палітычнымі і эканамічнымі адносінамі Захаду, у прыватнасьці, Эўразьвязу і Расеі. Эканамічнае супрацоўніцтва і патокі інвэстыцый імкліва растуць, але палітычныя адносіны абвастраюцца па ўсіх накірунках: пашырэньне НАТО, амэрыканская супрацьракетная абарона, энэргетыка, геапалітычнае спаборніцтва на постсавецкай прасторы, тэндэнцыі ва ўнутранай расейскай палітыцы.

Адной з самых вострых праблемаў зьяўляецца статус Косава: ЗША і большасьць краінаў Эўразьвязу выступаюць за наданьне краю незалежнасьці, Расея – катэгарычна супраць.

Усе гэтыя палітычныя супярэчнасьці і праблемы могуць у рэшце рэшт сур’ёзна паўплываць на эканамічнае становішча ў рэгіёне ў цэлым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG