Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнтаў-каліноўцаў будзе больш


Алесь Дашчынскі, Менск У Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць” падалі дакумэнты на навучаньне ў рамках студэнцкай праграмы імя Кастуся Каліноўскага 70 чалавек.

Камітэт абароны рэпрэсаваных працягвае прымаць дакумэнты ад рэпрэсаванай моладзі, якая з палітычных матываў ня мае магчымасьці навучацца ў Беларусі.

Асобныя студэнты ўжо вучацца ў Чэхіі, Нямеччыне, Латвіі, Эстоніі, Румыніі, Францыі і Вялікабрытаніі. Працягваюцца й тры вялікія праграмы: ва Ўкраіне па стыпэндыі Эўракамісіі, у Літве ў Эўрапейскім гуманітарным ўнівэрсытэце і ў Польшчы, праграма імя Кастуся Каліноўскага.

На навучаньне ва Ўкраіну прымаюць дакумэнты да 17 жніўня. Ужо запісалася больш за сорак чалавек. Больш як дзесяць асобаў мяркуюць вучыцца ў Літве. А на студэнцкую праграму імя Каліноўскага сёлета прэтэндуюць 70 чалавек. Нагадаем, летась навучацца паехалі 239 студэнтаў.

Старшыня камітэту “Салідарнасьць” Іна Кулей заявіла:

“Я думаю, што ўлады былі напужаныя салідарнымі праграмамі эўрапейскай адукацыі й сталі больш павольна выключаць студэнтаў, проста ўстрымліваюцца ад такіх крокаў. Гэта было галоўным фактарам запужваньня людзей — што як толькі вы становіцеся актыўнымі, прымаеце ўдзел у акцыях пратэсту, вас выключаць з навучальнай установы.

Але атрымалася зусім наадварот. Гэтыя малады хлопцы і дзяўчаты ня толькі не перапынілі сваю адукацыю, але маюць магчымасьць навучацца ў найлепшых унівэрсытэтах Эўропы”.

Паводле Іны Кулей, кандыдатаў на вучобу можа яшчэ паболець:

“Яшчэ вызначаецца момант, ці гэта будуць толькі адлічаныя студэнты, ці — як мы вельмі апякуемся і лабіюем гэтую магчымасьць — гэта будуць таксама і абітурыенты. Бо не сакрэт, што ў нас і школьнікі вельмі актыўныя. І ёсьць, напрыклад, сябры моладзевых арганізацыяў, для якіх ужо закрытая дарога ў беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы з-за іх прозьвішчаў, з-за іх неаднаразовых затрыманьняў і гэтак далей”.

Старшыня камісіі ў адукацыі Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Здановіч адносна стыпэндыяльнай праграмы польскага ўраду імя Кастуся Каліноўскага сказаў:

“Я ня ведаю, што гэта за праграма. Ня ведаю яе зьместу. Таму я проста лічу, што калі чалавек вырашыў вучыцца недзе за мяжой, то ён добра ведае, на што ён ідзе і што з гэтага ў яго атрымаецца. Перашкодаў тут ніхто ня чыніць”.

Бацькоў студэнтаў-каліноўцаў выклікаюць у КДБ, на іх ціснуць па месцы працы. Студэнтаў доўга трымаюць на мяжы. Дзяржаўныя мэдыі спрабуюць дыскрэдытаваць праграму — маўляў, там рыхтуюць тэрарыстаў. Ня ўсе з 239 студэнтаў здолелі працягнуць вучобу.

Аднак, паводле Іны Кулей, гадавы досьвед паказвае, што гэта адна зь лепшых праграмаў адукацыі беларускіх студэнтаў:

“Польская праграма — адна зь лепшых у апекаваньні студэнтамі, прамоцыі будучыні й так далей. І на сёньня толькі 20 адсоткаў студэнтаў адлічаныя менавіта з праграмы — гэта ня значыць, што з унівэрсытэту. Бо яны яшчэ могуць змагацца за права навучацца ў гэтым унівэрсытэце. Хтосьці ня здаў сэсіі, хтосьці лайдачыў трошкі. Хтосьці не захацеў вучыцца з-за асабістых справаў і прыехаў сюды. Польскі бок лічыць, што гэта вельмі добры вынік”.

• Праграма Каліноўскага ў Польшчы ня згортваецца, 27.03.2007 • Маладафронтаўцы абвінавачваюць БТ у паклёпе, 25.06.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG