Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўлада канчаткова адмаўляецца ад дыялёгу з апазыцыяй?


Уладзімер Глод, Менск У апошнім інтэрвію для афіцыйных мэдыяў кіраўнік галоўнай ідэалягічнай управы адміністрацыі прэзыдэнта Алег Праляскоўскі тлумачыць жаданьне палітычнай апазыцыі ўступіць у дыялёг з уладай.

Паводле галоўнага ідэоляга адміністрацыі, паколькі апазыцыя ня можа вывесьці дзясяткі тысяч людзей на вуліцы, ёй застаецца толькі “прасіцца на дыялёг з уладай”. А старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына лічыць, што дыялёг дае плён толькі тады, калі гэта размова роўных партнэраў, а ў Беларусі ўлада і апазыцыя — вельмі розныя ў сваім уплыве сілы. Мы паспрабавалі высьветліць – як ставяцца да такога падыходу ўлада, апазыцыя ды замежныя экспэрты.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік лічыць: каб пачынаць дыялёг, трэба папярэдне вызначыць ягоную мэту:

“Агульныя мэты, агульныя ідэалы (а самы вялікі ідэал — гэта дабрабыт сваёй дзяржавы) ставяць іх на адным кірунку, хаця шляхі ў апазыцыі і ва ўлады будуць розныя. А ў мяне складаецца ўражаньне, што наша сёньняшняя апазыцыя гэтай мэты нават ня мае. Для некаторых кіраўнікоў апазыцыі іхняя апазыцыйная дзейнасьць проста ператварылася ў камэрцыйную. І калі яны стараюцца ўсякімі шляхамі паказаць, як іх прыціскаюць улады, як іх зьбіваюць, як на іх, як яны кажуць, страшэнна ціснуць, дык, зразумела, што дыялёгу не атрымаецца”.

Былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі, а цяпер лідэр незарэгістраванай арганізацыі “Рух за свабоду” Аляксандар Мілінкевіч лічыць: улада памыляецца, калі адкідае магчымасьць дыялёгу ўнутры краіны:

“Ва ўсіх цывілізаваных краінах ніхто не вымярае на вагах — хто мацнейшы, хто слабейшы, хто больш уплывовы, хто менш. Заўсёды ёсьць улада, і ёсьць апазыцыя. І мудрая ўлада заўсёды вядзе дыялёг з апазыцыяй. Гэта і на яе карысьць, і на карысьць грамадзтва. І калі нам кажуць, што вы слабыя, што з вамі ня варта сядаць, а хто вы такія, — гэта зьдзіўляе.

Ба нават сама ўлада прызнала, калі падводзіла вынікі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, што, нават паводле іхных падлікаў, апазыцыя мае 10%. Хаця мы ведаем, што насамрэч іх значна-значна больш. І калі ўлада не пачне размаўляць з апанэнтамі (у любой форме), яна тым самым стварае толькі больш напружанасьці ў грамадзтве. І менш уплыву на грамадзтва мае. Я лічу гэта вялікай памылкай улады. Яна проста ня ўмее размаўляць з грамадзтвам”.

Тым часам на некаторых сайтах, прыкладам, “Белорусском партизане”, зьявілася інфармацыя пра тое, што Захад і афіцыйныя беларускія ўлады вядуць дыялёг, абмінаючы апазыцыю. Прыкладам, днямі нямецкія юрысты сустракаліся са сваімі беларускімі калегамі. Але на круглы стол недзяржаўных праваабаронцаў не запрасілі.

Нямецкі палітоляг Аляксандар Рар заявіў:

“Я думаю, што гэта непраўдзівае цьверджаньне. Апазыцыю запрашаюць, але на апошнія канфэрэнцыі ў Нямеччыну яна сама не прыяжджала. І я думаю, што гэта сама апазыцыя распаўсюджвае такія чуткі, што зь ёю ўжо больш ня лічацца.

Пра тое, што апазыцыю будуць абмінаць і весьці перамовы з Лукашэнкам, я нідзе ня чуў. Зразумела, з уладамі будуць весьці дыялёг, асабліва ў вельмі важных пытаньнях (прыкладам, энэргетычная бясьпека Эўропы). Але ніхто не зьбіраецца здымаць санкцыяў зь Беларусі альбо ахвяраваць дэмакратыяй дзеля ўмацаваньня ўлады Лукашэнкі.

Мне хутчэй падаецца, што Захад застаецца тут на ранейшых пазыцыях. Але калі беларуская ўлада сама выявіць інтарэс да далейшага прасоўваньня ў Эўропу, дык, думаю, зь ёй таксама будуць размаўляць. Бо, можа быць, няма ўжо той дэманізацыі Лукашэнкі, як гэта было яшчэ некалькі гадоў таму”.

• У.Падгол: “Вакол Лукашэнкі — повязь страхам і амаральнасьцю”, 7.07.2007 • Сьвятлана Алексіевіч: “Кубай у Эўропе ўжо нельга быць”, 8.07.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG