Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іосіф Сярэдзіч: “Кожны радок у “Народнай волі” даецца крывёю”


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня недзяржаўнай газэце “Народная воля” спаўняецца 12 гадоў. Паводле неафіцыйных апытаньняў і дасьледаваньняў, з кожным нумарам выданьня знаёмяцца ня менш як 50 тысяч чытачоў. Падпісчыкі перадаюць “Народную волю” сваім сябрам, калегам і знаёмцам.

“Народная воля” працягвае падпіску на другое паўгодзьдзе. У рэдакцыі шмат людзей з рэгіёнаў.

“Народную волю” чытаю зь першых нумароў

Падпісчык з Асіповічаў Віктар Дубко кажа:

“Народную волю” чытаю зь першых нумароў. Перажываем з-за цяперашніх цяжкасьцяў — даводзіцца прыяжджаць сюды і падпісваць усіх. Чакаем заўсёды зь вялікай цікавасьцю. Хвалюемся, калі нашая газэта не даходзіць своечасова”.

Н.Базылёва: “У “Народнай волі” — аўра павагі адзін да аднаго

“Народную волю” ствараюць цяпер у Менску сямнаццаць журналістаў і тэхнічных супрацоўнікаў. Вэтэран творчай каманды — карэктарка Ніна Базылёва:

“У нас добры і моцны калектыў. Захавалася аўра павагі адзін да аднаго. Менавіта на гэтым трымаецца калектыў. Марына Коктыш, Маша Эйсмант працуюць ад самага пачатку заснаваньня газэты”.

М.Коктыш: “Кавалачак свабоды слова ў Беларусі — “Народная воля”

Журналістка Марына Коктыш апавядае:

“Скажу шчыра: мяне запрашалі на працу ў дзяржаўнае выданьне. Прапаноўвалі адказную пасаду. Але, зразумела, я адмовілася. Ня ведаю, як у сёньняшняй сытуацыі можна працаваць у дзяржаўнай прэсе. Ці то ў “Советской Белоруссии”, альбо ў газэце “Рэспубліка”. Там — цэнзура. У нас цэнзуры няма. Маленькі кавалачак свабоды слова ў Беларусі — гэта “Народная воля”.

М.Эйсмант: “Журналіст “Народнай волі” мае свабоду ў творчасьці”

Свае думкі пра працу ў “Народнай волі” выказвае журналістка Марыя Эйсмант:

“Самае галоўнае, што трымае мяне ў “Народнай волі”, і, на мой погляд, гэта вялікі плюс рэдакцыі, — свабода ў творчасьці. Сапраўды, ніколі не спускаюцца зьверху ніякія загады, як пісаць, як асьвятляць тую ці іншую тэму. Вітаюцца ініцыятывы журналістаў”.

І.Сярэдзіч: “Кожны радок даецца крывёю. Кожны радок!”

Рэдактар газэты “Народная воля” Іосіф Сярэдзіч кажа:

“Кожны дзень прысьвечаны надзвычай цяжкай барацьбе. Кожны радок даецца крывёю. Кожны радок! Вось ужо тры месяцы чакаем адказу ад Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэньня на пытаньне: вяртаемся мы са Смаленску ці, наагул, пасьля Смаленску змушаныя будзем друкавацца ў Маскве? З Масквы, магчыма, зьвернемся ў Варшаву, з Варшавы — у Бэрлін і гэтак далей будзем вандраваць у Эўропе? І гэта ў ХХІ стагодзьдзі! Вось якая праблема нас хвалюе, турбуе і не даю супакою”.

У сакавіку 1995 году галоўны рэдактар друкаванага органу Вярхоўнага Савету “Народная газэта” Іосіф Сярэдзіч быў пазбаўлены сваёй пасады ўказам Лукашэнкі. На той час “Народная газэта” мела 700 тысяч асобнікаў накладу і была самай масавай беларускай газэтай.

Іосіф Сярэдзіч заснаваў недзяржаўную газэту “Народная воля”, першы нумар якой і выйшаў 11 ліпеня 1995 году. За дванаццаць гадоў газэце неаднаразова выносілі папярэджаньні, ёй забаранялі друкавацца ў Беларусі. Штрафы выданьню перавышаюць 120 мільёнаў рублёў.


• Незалежнай прэсы ў падпісных каталёгах па-ранейшаму няма, 29.05.2007 • Лукашэнка: Я не забараняю друкавацца "Народнай волі" ў Беларусі, 12.04.2007

Менск, 11.07.2007. 12-годзьдзе “Народнай Волі”. Віктар Дубко Віктар Дубко

Менск, 11.07.2007. 12-годзьдзе “Народнай Волі”. Ніна Базылёва Ніна Базылёва

Менск, 11.07.2007. 12-годзьдзе “Народнай Волі”. Марына Коктыш Марына Коктыш

Менск, 11.07.2007. 12-годзьдзе “Народнай Волі”. Марыя Эйсмант Марыя Эйсмант

Менск, 11.07.2007. 12-годзьдзе “Народнай Волі”. Газэта Народная воля Віктар Дубко

Фота аўтара
XS
SM
MD
LG