Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: калегія судзьдзяў не задаволіла скаргі прафэсара Астроўскага


Міхал Карневіч, Горадня Прафэсару гарадзенскага мэдунівэрсытэту Алесю Астроўскаму рэктар аб’явіў вымову за прагул. Астроўскі дамагаўся адмены рашэньня ў раённым судзе, але суд пазову не задаволіў. Сёньня калегія абласнога суду пакінула тое рашэньне бязь зьменаў. Спаслаліся на тое, што прафэсар парушыў парадак падачы заявы.

Прафэсар гарадзенскага мэдыцынскага ўнівэрсытэту Алесь Астроўскі на пачатку году ўдзельнічаў у канфэнцыі “Беларусь і “вялікая Эўропа”: у пошуках палітычнага самавызначэньня”.

За некалькі дзён да канфэрэнцыі ён напісаў заяву на імя рэктара, каб яму далі двухдзённы адпачынак. Загадчык катэдры падпісаў заяву, знайшлі й выкладчыкаў, якія правялі за яго заняткі.

У дзень, калі прафэсар ужо ўдзельнічаў у канфэрэнцыі, з адміністрацыі ўнівэрсытэту затэлефанавалі дахаты й паведамілі ягонай жонцы, што рэктар Пётра Гарэлік не падпісаў заявы.

Вось што пасьля паседжаньня судовай калегіі сказаў нашаму радыё прафэсар Астроўскі:

“Я ўдзельнічаў у міжнароднай навукова-практычнай канфэрэнцыі, на якую былі запрошаныя каля дваццаці амбасадараў эўрапейскіх краінаў. А з боку адміністрацыі ўнівэрсытэту гэта чарговы акт у шэрагу дыскрымінацыйных актаў супраць мяне, паколькі я беларускамоўны, грамадзка актыўны, што не падабаецца цяперашняй уладзе”.

Прафэсар Астроўскі зьбіраецца абскардзіць рашэньне абласной судовай калегіі ў вышэйшай інстанцыі.
XS
SM
MD
LG