Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латыголь: “Калі ня будзем скаціну трымаць, то і здохнем”


Зьміцер Бартосік, Латыголь, Глыбоцкі раён Паводле адной вэрсіі, назва глыбоцкай вёскі Латыголь паходзяіць ад двух словаў. Латы — гэта значыць “балцкае племя”, і голь — сэнс слова не зьмяніўся за стагодзьдзі. Што дзіўна, да гэтае пары ў Латыголі можна сустрэць і балцкую гордасьць і адвечную голь.

Слухаць:



Вёска Латыголь паводле беларускіх мерак — ня самае горшае месца для жыцьця і працы. Тутэйшая гаспадарка ўваходзіць у лік шасьцідзесяці галоўных беларускіх СПК. Распачаўшы знаёмства з Латыгольлю ў краме, я быў крыху зьдзіўлены карцінкай.

Карэспандэнт: “А калі не сакрэт, колькі атрымліваеце тут грошай, у краме?”

Прадавачка: “Сьмешна”.

Карэспандэнт: “Трыста, чатырыста?”

Прадавачкі: “Каб жа трыста, я б днявала і начавала б тут. Сто восемдзесят”.

Карэспандэнт: “А як на гэта можна жыць?”

Прадавачка: “Ну, калі ня будзем скаціну трымаць, то і здохнем”.

Карэспандэнт: “А як вы слухаеце казкі пра квітнеючую Беларусь?”

Прадавача: “Казкі — яны былі і будуць. Лукашэнка нам расказвае добра. Працьвітаем. Можа, дзе якія камэрсанты працьвітаюць. А мы дохнем. Красьці тады пойдзем”.



Старыя Віктар і Часлава Квачы — вельмі прыгожая сям’я. Усьмешлівыя і адкрытыя. Нягледзячы на ўсё, што давялося перажыць за жыцьцё. А мо дзякуючы таму.

Часлава: “Ой, пагаравалі, дый усё мы. Што там гаварыць. І пагаладавалі. Цяпер пагляджу, як людзі жывуць. Мы ні цукерачкі ня бачылі, ні цукру. Ой, усё абабралі партызаны, немцы. Нічога не было. Бульбы зварыш, капусты сырой. Ой, поснага паелі, што там гаварыць. Цяперака людзі ўжо жывуць. Ня бачылі гора”.

У Заходняй Беларусі ў кожнага старога сваё бачаньне падзеяў 1939 году.

Часлава: “Ой, яны ж усё растрацілі. Людзей павывазілі. Тут У Латыгалі людзей павывазілі ў Расею”.

Карэспандэнт: “Расею не любілі?”

Віктар: “Не любілі. У нас старуха казала: “Во, добрыя рускія былі. Прыйшлі, перазімавалі і пайшлі”.

Карэспандэнт: “Гэта яна казала пра расейцаў 1939 году?”

Віктар: “Прыйшлі, перазімавалі і пайшлі”.

Карэспандэнт: “А што казалі пра Амэрыку?”

Віктар: “Чакалі, што ўсё адно, расейцы ня будуць. Што ўсё адно тут нейкая зьмена будзе. Новая вайна”.

Карэспандэнт: “З амэрыканцамі?”

Віктар: “Так”.

Стары Вільгельм Зубкевіч жыве адзін. Жонка памерла, дзеці па гарадах. У ягоныя восемдзесят з гакам гадоў Вільгельму застаецца гарод ды тэлевізар.



Вільгельм: “Ведаеце што? Не люблю. Чаму гэтак вось зрабілі, што нават навіны на расейскай мове? Няўжо мы ня людзі? За гэта моцна не люблю Рыгоравіча. Што мы — ня нацыя? Я вось ніколі нідзе ня чуў за мяжой, што прэзыдэнт на чужой мове размаўляе. Мне гэта не падабаецца. Я загартаваны беларус”.

Сам спадар Вільгельм зьяўляецца вялікім сымпатызантам Зянона Пазьняка. За яго ён галасаваў у 1994-м. Зрэшты, не адзін толькі ён. У гэтай акрузе Пазьняк тады перамог зь вялікім адрывам.

Карэспандэнт: “А што б вы пажадалі, калі б была такая магчымасьць, Аляксандру Лукашэнку і Зянону Пазьняку?”

Вільгельм: “Аляксандру Лукашэнку — каб ён больш дэмакратычны быў. Райкамы, райвыканкамы, дырэктараў гэтых — іх трэба ганяць. Бо інакш зь імі нічога ня зробіш. Зажырэлі гэтыя хлопчыкі, як сьвет ня бачыў. Каб ён трохі лічыўся з гэтай апазыцыяй. Мы ж людзі. Я думаю па-свойму, другі па-свойму”.

Карэспандэнт: “А што б вы пажадалі Зянону Пазьняку?”

Вільгельм: “Здароўя, доўгіх гадоў жыцьця. Змагацца за Беларусь”.

Карэспандэнт: “А ці не пара яму вярнуцца?”

Вільгельм: “Пэўна, не. Могуць пасадзіць. З гэтымі хлопчыкамі жарты гаўняныя”.

Зьміцер Курцэвіч, моцны здаравяк гадоў сарака, працуе кіроўцам бэнзавозу. Працай збольшага задаволены. Малады саракагадовы мужчына, не зьвязаны зь беларушчынай прафэсійна, паслугоўваецца выключна беларускай моваю — то кантакт наладжваецца адразу.

Зьміцер: “Былі ў мяне сытуацыі, што цалкам расейскамоўныя, сын афіцэра савецкай арміі, мы зь ім былі сутыкнуўшыся, і ён пачаў старацца па-беларуску, а я зрабіў крок яму насустрач, па-расейску. Знайшлі паразуменьне, ніякіх у нас праблем і пытаньняў ня было. Такое пакаленьне хутка адыдзе, якое ў васьмідзясятыя гады вырывалася ў горад. Яны найбольш на расейскую мову былі скіраваныя. Каб быць “рюскімі”, як усе”.

Мой суразмоўца — сябра сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”. Незадаволенасьць палітычным сёньня Зьміцер намагаўся пераўтварыць у дэпутацкі мандат на выбарах у Вярхоўны Савет. Вядома, прайграў. Але і зрабіў такія-сякія высновы.

Зьміцер: “Заўважалася апазцыйнасьць. Шмат чаго заўважалася”.

Карэспандэнт: “Апазцыйнасьць народжаная тым, што мала грошай плацяць, ці апазыцыйнасьць больш высокага палёту?”

Зьміцер: “І больш высокага палёту была. А нават быў выпадак такі. Мой знаёмы, мы сустракаліся, я бачыў яго ў залі. Мы выйшлі. Я зь ім павітаўся, а ён ня ведае, што сказаць. Яго так уразіла, што зь ім апазыцыянэр павітаўся. Зьбянтэжыла”.

Карэспандэнт: “Гэтыя сустрэчы якое пачуцьцё нараджалі ў душы? Безнадзёга?”

Зьміцер: “Не. Ніякай безнадзёгі. Ёсьць надзея. Таму, што гэта жывая сустрэча. Твар да твару, вочы ў вочы”.

Карэспандэнт: “На вашую думку, якая асноўная праблема дэмакратычнага лягеру?”

Зьміцер: “Дамаўляцца мы, здаецца, умеем. Але, самае галоўнае, што мы ня можам добра распарадзіцца людзкім рэсурсам. Людзі пакінутыя. Пакуль што мы гэтага ня ўмеем рабіць. Можа, калі навучымся, будзе які толк. Людзі будуць ісьці сьмялей да нас. А так яны з намі пагаджаюцца. “Ты ўсё правільна гаворыш, але ты адзін”. Ня ўмеем мы выкарыстоўваць гэтага рэсурсу. Пастаянна трэба працаваць зь людзьмі, быць побач зь імі. Жыць іхным жыцьцём”.

У вёсцы Латыголь я ўбачыў сапраўдную беларускую амазонку. Яна, маладая і прыгожая, ліха ехала на трактары — і ўсе латыгольскія мужыкі віталі яе ўсьмешкамі і воклічамі. Я паехаў за яе жвавым трактарам. Клічуць амазонку Таняй.

Карэспандэнт: “Вы калі былі дзяўчынкай у школе, хацелі быць трактарысткай?”



Таня: “Не, я хацела быць урачом”.

Карэспандэнт: “Мара не збылася дзіцячая?”

Таня: “Ну, так. Можна сказаць, што не збылася. Ну, так, здаецца, нармальна работаецца. Толькі што тэхніка старая, ламаецца. Каб новая тэхніка, канечне, лепш работаць”.

Карэспандэнт: “У вас жа моцная гаспадарка, ня самая бедная. Што, начальства ня можа даму пасадзіць на новы трактар?”

Таня: “Ня ведаю. Усё абяцаюць. Дадзім, дадзім. Але ўсё застаецца без увагі”.

Карэспандэнт: “А колькі атрымліваеце, калі не сакрэт?”

Таня: “За мінулы месяц, калі пасяўная, у мяне пяцьсот тысяч было. А летам, як каровам падвожу кармы, у сярэднім дзьвесьце-трыста. Больш не выходзіць”.

Карэспандэнт: “Вы думаеце ўсё жыцьцё працаваць на трактары ці не?”

Таня: “Яшчэ на будучыню не загадвала. Жыву пакуль адным днём. Работаю і ўсё”.

У прафэсіі трактарысткі ёсьць свае адметнасьці.

Таня: “Летам — як едзеш? Топік караценькі надзенеш. Вельмі цікава глядзяць усе, галаву завярнуўшы. У майстэрнях людзі сьмешнаватыя бываюць. І на запраўцы стаіш, можна папіхацца трактарамі. Упромся і піхаемся”.

Карэспандэнт: “Карацей, мужыкі едуць і падаюць у кювэт, бачачы вас у топіку на трактары”.

Таня: “Ціпа такога. Заглядаюцца. Асабліва, якія першы раз мяне бачаць. Глядзяць цікаўна. Сьмешна становіцца проста. А ў вас на Радыё Свабода круцяць Валерыю?”

Пажадаўшы Тані ўдачы на яе нялёгкім трактарысцкім шляху, я пакінуў вёску Латыголь. Пры гэтым, каюся, зрабіў маленькі грэх. Я параіў Тані настроіцца на “Свабоду”, схлусіўшы, што для яе мы абавязкова паставім Валерыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG