Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Ніл Гілевіч, Барыс Пятровіч, Ганна Кісьліцына


Валянціна Аксак, Ганна Кісьліцына, Міхась Скобла. Рэдактар: Сяргей Абламейка Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 7 ліпеня).

АЎТАР І ТВОР

НІЛ ГІЛЕВІЧ: “САМАЕ АКТУАЛЬНАЕ СУГУЧЧА: “НАРОДУ – СВАБОДУ”

Купалаўская тэма ў творчасьці народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча займае асаблівае месца. Ён пісаў прадмовы да паэтычных кніг Купалы, дасьледаваў купалаўскую публіцыстыку, стварыў цэлую анталёгію вершаў, прысьвечаных песьняру. У юбілейныя купалаўскія дні зь Нілам Гілевічам сустрэўся Міхась Скобла.

Міхась Скобла: “Ніл Сымонавіч, споўнілася 125 гадоў з дня народзінаў Янкі Купалы. На жаль, дата гэтая не была адзначаная на належным дзяржаўным узроўні. І гэта зразумела. А які купалаўскі юбілей вам найбольш запомніўся?”

Ніл Гілевіч: “Стогадовы юбілей. На той час, у 1982 годзе, я працаваў першым сакратаром Саюзу пісьменьнікаў. Вядома ж, падрыхтоўка ўсёй юбілейнай праграмы ў значнай меры клалася на пісьменьніцкую арганізацыю. Гэта натуральна, ну, а хто ж павінен быў усё рабіць? Гэта быў вялікі клопат! Праграма – велізарная, з удзелам замежных дэлегацый. І трэба было ўсё арганізаваць тут, у Менску, і вялікае сьвята паэзіі адбылося на радзіме Купалы ў Вязынцы. Я вёў тое сьвята. Прысутнічалі ўсе першыя асобы: першы сакратар ЦК КПБ, старшыня Саўміну, міністры. Гэта было грандыёзнае сьвята, трэба аддаць належнае арганізатарам. Надта адчуваўся настрой людзей. Гэта мне найбольш запомнілася. Да таго сьвята я падобнага настрою ўсенароднага не перажываў”.



Скобла: “Што дзяржава амаль забылася на Купалу – тое нядзіўна. Але вось адно назіраньне. Ідзе вялікі песенны канцэрт. І вядучы абвяшчае: а цяпер прагучыць любімая ўсімі “Спадчына” Ігара Лучанка. Выходзіць Лучанок, сядае за раяль, саліст сьпявае. Імя Купалы не гучыць. А мог бы кампазытар узгадаць суаўтара песьні. Ці дзяліцца славай творцы ня любяць?”

Гілевіч: “Я не дзіўлюся, што вядучы не назваў аўтара верша. Гэткія адносіны да паэтаў у нас ужо сталі нядобрай традыцыяй. Я ўжо прывык, калі выконваецца песьня на мае словы, прозьвішча аўтара, як правіла, не называецца. І так ня толькі са мной абыходзяцца. На тое самае мне скардзіліся калегі, паэты-песеньнікі. Так што гэтым я ня зьдзіўлены. Але я зьдзіўлены, чаму Ігар Міхайлавіч Лучанок не ўдакладніў вядучых. Не хачу думаць, што з-за нейкай рэўнасьці. Славы яму хапае. Нешта не спрацавала ў ягонай душы. Ён абавязкова павінен быў сказаць: “Шаноўныя, дарагія, песьню “Спадчына” я напісаў на геніяльны верш Янкі Купалы”. І ўсё”.

Скобла: “І раней, і цяпер, не-не ды й можна пачуць: Купала – гэта ўчарашні дзень, а сучасная літаратура павінна быць мадэрновай, павінна адказваць на выклікі часу. Што б вы адказалі на падобныя закіды?”

Гілевіч: “Сапраўдны талент не старэе. У нас многа многа сучасных таленавітых паэтаў, давайце ня будзем прыбядняцца. Але хай яны мне даруюць: на самую вялікую, самую жыцьцёвую, самую балючую, самую актуальную тэму ніхто не напісаў лепш за Купалу. Дык як жа так? Нас усіх хвалюе лёс мовы, лёс культуры, лёс нацыі. Дык калі нас гэта хвалюе, як мы можам ня бачыць, не разумець, што паэзія Купалы амаль стогадовай даўнасьці сёньня надзвычай патрэбная, яна працуе на беларускую ідэю, яна мабілізуе душы нашы беларускія, усе сілы нашы духоўныя!”

Скобла: “У юбілейныя дні Беларускае тэлебачаньне паказала тэлефільм “Пасьля кірмашу”. Фільм стары, лубочны, пастаўлены гадоў сорак таму паводле Купалавай “Паўлінкі”. А які з твораў Купалы варта было б экранізаваць сёньня?”

Гілевіч: “Натуральна, я хацеў бы, каб быў экранізаваны самы вялікі, самы таленавіты твор Купалы – драма “Раскіданае гняздо”. За дзясяткі гадоў у нас зьвялі яе да сацыяльнай тэмы, да цяжкога лёсу беларускага селяніна. Але ж п’еса ня толькі пра гэта, і перш за ўсё не пра гэта. “Раскіданае гняздо” – гэта Беларусь, гэта Дом наш нацыянальны. І пра гэта, дарэчы, пісалі яшчэ на пачатку 1920-х гадоў Максім Гарэцкі й Зьмітрок Бядуля. Не, гэткага прачытаньня ўладзе не хацелася. Дык вось, разбуранае, раскіданае гняздо – гэта наша краіна раскіданая, гэта наша дзяржава зруйнаваная, якую на нашых вачах даруйноўваюць, каб нічога не засталося. Вось каб пра гэта зьняць фільм, дык было б сапраўды беларускае кіно. Хто б яго мог бы паставіць? Мікалай Пінігін, які паставіў у тэатры “Тутэйшых” і “Сымона-музыку”. Ён змог бы. Але ці дадуць яму гэта зрабіць? Вельмі сумняваюся”.

Скобла: “Ніл Сымонавіч, паводле першага каналу БТ 3 ліпеня дзяржаўны гімн выконвалі 100 000 чалавек. Паводле каналу “Агульнаграмадзкае тэлебачаньне” – 200 000. А сталічнае тэлебачаньне падвоіла апошнюю лічбу – гімн сьпявалі 400 000 чалавек. Што вы можаце сказаць пра гэтае масавае сьпяваньне гімну?”

Гілевіч: “Якія сто, якія дзьвесьце, якія чатырыста тысяч?.. Гімн сьпявалі тры мільёны чалавек! Маглі б па тэлебачаньні так і сказаць – у выкананьні гімну бралі ўдзел тры, а лепш – чатыры мільёны чалавек! І гэта было б цалкам у духу нашага тэлебачаньня, нашага дзяржаўнага радыё, усёй сучаснай ідэалягічнай работы”.

НІЛ ГІЛЕВІЧ. З КУПАЛАЎСКАЙ АНТАЛЁГІІ

ВЕРШ ПРА ЗОЛАТА ПАЭТА

(Месца дзеяньня: Акопы)

Балючы ліст прыйшоў: ва ўрочышчы, Дзе быў прытулак песьняра, Разруйнаваны, разварочаны Астатні знак яго двара.

Падмурак хаты слынна-песеннай, Куды калісь, бы ў храм, ішлі, Ператварыўся ў друз, у месіва Каменьня, цэглы і зямлі.

І паграбкі-скляпкі з усходкамі, Што крокі помнілі яго, Разьбіты ўшчэнт. А хто ж усё-такі Паруйнаваў і для чаго?

Разбагацець імгненна марачы (А раптам шанц? Дык не ўпусьці!), Рвачы прыежджыя, архараўцы Там клад надумалі знайсьці.

Пра скарбы ў спратах чулі шмат яны, Што іх знаходзяць – не сакрэт. Ці не схаваў пад хатай матчынай Гарнушак золата паэт?

Скапалі, зрэзалі бульдозэрам Старога котлішча сьляды. Ды не грашом не ўзнагародзіўся энтузіязм іх сьляпы.

Ах, апантаныя шукальнікі Каштоўных скарбаў, як відаць, Былі ў вас кепскія настаўнікі – Не навучылі, дзе шукаць.

Багацьце трэба вам паэтава? Дык калі ласка – вось яно, Бярыце, ён жа дзеля гэтага Капіў з народам заадно.

Для вас капіў, для ўнукаў-праўнукаў, Што будуць жыць не як краты, А будуць, сонца-высяў прагнучы, Арлам, што ўславіў ён, – браты.

Яго вышэйшай пробы золата Ніякім іншым не зацьміць. Яно зьвініць натхнёна, молада, Над краем песьнямі зьвініць!

ШТО Я ДУМАЎ

Што я думаў, стоячы ў чарзе Пасярод галоўнай самай залы, Покуль гаварылі тыя ўсе, Для каго мы толькі самазвалы,

Для каго дзяржавы Беларусь Не было, няма і быць ня можа... Што я думаў? Я згадаў чамусь Лесьвіцу адну, даруй мне, Божа.

Лёс наш колісь праз яе пралёг... І да жудасьці мне ясна стала, Ад чаго ў той лесьвічны палёт Паляцеў сторч галавой Купала.

ПАКУЛЬ...

Пакуль з пагардаю ад нас Не адвярнуўся дух Купалы, Пільнуйма Зьніч, каб не пагас, Каб быў запас агню трывалы.

Каб, душы вывеўшы з турмы, Як пад прысягаю, сурова На сьвет на ўвесь сказалі мы Сваё нясказанае слова!

ПРА РЫФМУ “СВАБОДУ – НАРОДУ”

Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў зь цемры да сьвятла.

Янка Купала

Вы памыляецеся, пане наватар, Калі на пацеху якому звыроду Сьмяецеся з рыфмы “свабоду – народу”, Як з прымітыўнай, нічога ня вартай.

Можа, у нашае мове ёсьць лепшая да слова “народу” сугучнасьць? Лепшая зьместам і духам спалучнасьць? Дык засьведчыце – вось яна, вось,

Болей сэнсоўная, больш адпаведная, Болей зьмястоўная, больш запаветная.

У нашай паэзіі, пане, “Свабоду – народу” – ня проста сугучча, Гэта лёс, гэта кон, гэта клятва Ніводным радком не сагнуцца.

У нашай паэзіі самая моцная рыфма -- Тая, што з сэрца, якое ад болю Ахрыпла. Як у Купалы ў 13-м, у 20-м і 26-м. У нашай паэзіі самая страшная доля – Застацца малой, недарослай.

Калі будзеце шчыра маліцца Беларускаму богу Сварогу, Вы прыйдзеце, веру і не хачу памыліцца, Да сугучча “народу – свабоду”.

Да яго ідуць праз пакуты, Праз боль ідуць люты, Пякучы, Да сябе ня знаючы літасьці, Душу вызваляючы з сытасьці.

Зрэшты, кожнаму рупіць сваё. Можна й гуляць У вершыкі-хахачкі, хіхачкі, хохмачкі. Іх безьліч на сьвеце, аматараў пазабаўляць, Сугуччы няведамыя знаходзячы.

Дык гэта на сьвеце. А ў Беларусі да слова “свабода” Сёньня адзінае трэба сугучча – свабода!

ЛІТПРАЦЭС

БАРЫС ПЯТРОВІЧ: “ДЗЕЯСЛОЎ” АДКРЫВАЕ АБСАЛЮТНА СВАБОДНУЮ ШВЭДЗКУЮ ЛІТАРАТУРУ”

Другі нумар запар незалежны літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў” друкуе творы сучасных швэдзкіх літаратараў. Усьлед за часопіснымі публікацыямі чакаюцца кнігі швэдаў па-беларуску і беларусаў па-швэдзку. Пра збліжэньне беларуска-швэдзкіх літаратурных дачыненьняў у менскай студыі гавораць галоўны рэдактар часопісу “Дзеяслоў” вядомы празаік Барыс Пятровіч і нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Чарговы, 28-ы, нумар часопісу “Дзеяслоў” значную частку сваіх старонак аддае перакладным творам, прычым перакладамі прадстаўлены сучасныя паэты аднае краіны – Швэцыі. У гэтым не было б нічога незвычайнага, калі б перад тым “Дзеяслоў” не друкаваў пераклады сучасных швэдзкіх драматургаў. Чым выклікана такая цікавасьць вашага выданьня да сучаснай швэдзкай літаратуры?”

Барыс Пятровіч: “Першае – гэта тое, што вельмі плённа працуе ў Беларусі консульства швэдзкае. І апошнім часам у швэдаў зьявілася вялікая цікавасьць да беларускай літаратуры. Гэта зьвязана яшчэ і з тым, што летась сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію было і двое беларусаў – Сьвятлана Алексіевіч і Рыгор Барадулін. Апроч таго штогод праводзяцца дні Швэцыі ў Беларусі, куды прыяжджаюць паэты, празаікі, драматургі швэдзкія і адмыслова пад гэтыя дні перакладаюцца творы швэдзкіх аўтараў на беларускую мову”

Аксак: “Вось вы згадалі дні культуры Швэцыі, і колькі тыдняў таму ў Беларусі -- Менску, Горадні і Пінску -- прайшлі швэдзка-беларускія літаратурныя сустрэчы, удзельнікам якіх вы таксама былі. У сьнежні мінулага году вы былі адным з удзельнікаў такіх сустрэчаў у сталіцы Швэцыі Стакгольме, а ў лютым сёлета пабывалі на востраве Готлянд у знакамітым балтыйскім літаратурным цэнтры на сэмінары перакладчыкаў. Гэткім чынам у адрозьненьне ад бальшыні беларусаў маеце нейкае больш выразнае ўяўленьне пра сучасную швэдзкую літаратуру і працэсы ў ёй. Што вас найперш уразіла ці зацікавіла ў ёй?”

Пятровіч: “Яна разьняволеная, яна свабодная ў сваіх думках, мэтах, у жанрах нават, і ў тым, аб чым аўтар хоча сказаць. І добра, што нарэшце адбыліся вось гэтыя сэмінары перакладчыкаў на востраве Готлянд, дзе былі перакладчыкі, зацікаўленыя ў тым, каб перакладаць зь беларускай мовы на швэдзкую не праз расейскую, а непасрэдна з беларускай мовы. Больш за тое, нават Штэфан Эрыксан, консул Каралеўства Швэцыі ў Рэспубліцы Беларусь, пераклаў на швэдзкую мову адзін з твораў Васіля Быкава – апавяданьне “Сьцяна”. Зьявіліся перакладчыкі і з беларускага боку. Калі раней найбольш плённа працаваў Дзьмітры Плакс у галіне перакладаў, то цяпер можна назваць і Вольгу Рызмакову, і Настасьсю Каляду, і яшчэ ёсьць імёны. У наступным нумары мы мяркуем надрукаваць сучасную швэдзкую прозу ў іх перакладах. Будуць яшчэ і кнігі сучаснай швэдзкай літаратуры па-беларуску”.

Аксак: “Беларусь і Швэцыя прыкладна аднолькавыя па колькасьці насельніцтва. Але швэдзкі саюз пісьменьнікаў сваім складам у чатыры разы пераўзыходзіць беларускі (прыкладна пяцьсот у беларускім і больш дзьвюх тысячаў у швэдзкім). Пры гэтым амаль усе швэдзкія пісьменьнікі маюць дзяржаўныя стыпэндыі – маладзейшыя атрымліваюць яе спачатку на тры ці пяць гадоў, потым на дзесяць і, калі здолелі за гэты час даказаць сваю прысутнасьць у літаратуры, то атрымліваюць пажыцьцёвую стыпэндыю. Як гэта ўплывае на іх свабоду творчасьці? Ці можна тут правесьці паралелі з залежнасьцю ад дзяржавы тых нешматлікіх беларускіх літаратараў, якіх падтрымлівае беларуская ўлада?”

Пятровіч: “Ва ўсім сьвеце ёсьць нейкая сыстэма падтрымкі ня толькі пачынаючых літаратараў, але і старэйшых, ёсьць дапамога ў выданьні кніг. Што датычыць Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, то ён ад дзяржавы не атрымлівае ніякай дапамогі на працягу пяці апошніх гадоў. Больш за тое, гэтыя гады сталі для нас гадамі суцэльных стратаў. Нас паступова выцясьнялі з Дому літаратара, пакідаючы нам то паверх, то некалькі пакояў, то адзін пакой, а цяпер мы там ня маем увогуле нічога. А наконт тых пісьменьнікаў, якія перайшлі ў праўладны саюз, і наконт іхняй свабоды, то пытаньне абсалютна рытарычнае. Тое ж самае можна сказаць пра выдавецтвы, пра тую ж “Мастацкую літаратуру”, дзе існуюць чорныя сьпісы пісьменьнікаў, якіх нельга выдаваць. Так што любая падтрымка ў нашай сытуацыі выходзіць бокам самім пісьменьнікам. Хочаш, каб цябе падтрымалі, служы”.

Аксак: “І апошняе пытаньне. Сёлета ў згаданых швэдзка-беларускіх літаратурных сустрэчах удзельнічалі і швэдзкія выдаўцы. Яны прыглядаліся, так бы мовіць, да патэнцыйных аўтараў сваіх выдавецтваў. Я ведаю, што першым беларускім празаікам, чыю кнігу плянуецца выдаць у Швэцыі, яны выбралі вас. Перакладчык Дзьмітры Плакс ужо пачаў працу. Якія творы складуць вашу швэдзкую кнігу, і калі яна можа зьявіцца ў кнігарнях краіны паўночнага зьзяньня?”

Пятровіч: “Калі гэтая кніга выйдзе, то, хутчэй за ўсё, складуць яе “Фрэскі”. Але я ўпэўнены, што гэта будзе першая ластаўка. У нас была размова, што ў Швэцыі будуць выходзіць кнігі беларускай паэзіі й прозы на працягу бліжэйшых гадоў”.

КРЫТЫКА

ГАННА КІСЬЛІЦЫНА

КРОПКА І ШТРЫХ

Алесь Разанаў. Дождж: возера ў акупунктуры: пунціры. “Логвінаў, 2006

Некалі на палях рукапісу вельмі папулярнага сёньня паэта крытык Леанід Галубовіч пазначыў: “Гэркулесавая каша – калярыйная, але няўежная…”

Тады падумалася – а хто з добрых паэтаў лёгка засвойваецца? Анатоль Сыс? Не, яго творы – у перакладзе на кулінарны эквівалент – хутчэй экстракт, канцэнтраваны булённы кубік… Барадулін, Някляеў, Глёбус – хутчэй дэсэрт, чым ежа. Большасьць паэтычнай прадукцыі “пакаленьня бум-бам-літу” наогул выклікае асацыяцыі з сухім кормам тыпу “Віскасу”…

Напэўна, для мяне, як і для многіх іншых беларускіх чытачоў, паняцьце (даўняе, паўзабытае) духоўнага спажытку асацыюецца хіба з творчасьцю Алеся Разанава. Прычым незалежна ад жанру, у якім ён працуе. Яго квантэмы – галяграфічныя мініятуры зь некалькіх словаў -- ня менш зьмястоўныя, чым літаратуразнаўчыя эсэ, а паэмы – ня больш лірычныя, чым зномы-філязафемы. Нават назва кнігі – рэч, можа, і важная, але несамастойная – можа ўяўляць з сябе завершаны твор, калі яе прыдумляе Разанаў.

“Дождж: возера ў акупунктуры” – гэта і монаверш, і дызайн-ідэя. Жаданьне перавесьці ў графіку разанаўскія мініятуры зьявілася ў мяне даўно, таму кніжкі яго добра-такі змаляваныя маімі выяўленчымі маргіналіямі – занадта вялікая спакуса рэканструяваць мастацкія аскепкі рэчаіснасьці, па-майстэрску раскіданыя жывым клясыкам нацыянальнага авангарду. Такі ўчынак – дубляваньне верша малюнкам – нагадвае перапісваньне вершаў у дзявочыя дзёньнікі, у ім – і жаданьне прадоўжыць момант эмацыйнага ўзрушэньня, і спроба злучыць-дакрэсьліць перарывістую графічную лінію паэта.

Пайсьці па чырвоным бруку Альбо па чорным?.. Пайшоў па абодвух: Дождж.

Перарывістасьць, дыскрэтнасьць – адна з самых яскравых, можна сказаць, жанраўтваральных прыкметаў пункціраў, якія пасьля выхаду апошняй кнігі так і хочацца назваць “акупункцірамі”.

Нехта бачыць у іх “мэдытатыўную лірыку”, нехта згадвае знакамітага японца Мацуа Басё… Апошняе параўнаньне – вельмі распаўсюджанае, – на мой погляд, даволі спрэчнае. Калі ўжо параўноўваць Разанава зь некім, то хутчэй з геніяльным рэфарматарам хайку Масуока Сікі, які ў свой час выступіў супраць манэрнай куртуазнасьці сваіх калег-суайчыньнікаў.

Кропка і штрых: Іглічка трымае кроплю –

ляпідарнасьць некаторых пункціраў Разанава наводзіць на думку, што ён выкрэсьлівае іх на камяні.

Гаворачы неяк пра “гановэрскія пункціры”, якія таксама ўвайшлі ў кнігу “Дождж: возера ў акупунктуры”, я казала, што разанаўскія пункціры – гэта, хутчэй, “анты-хоку”, “хоку навыварат”, бо сам паэт выступае сёньня супраць кананізацыі мэтрыкі. “Не бугальтэрыя, і не матэматыка... Паэзія павінна ісьці ад касьмічнага лёгасу, а не ад лягарыфму”, – так вытлумачваў Разанаў сваю нелюбоў да складалічэньня, абавязковага для клясычнай японскай паэзіі.

Аднак апошняя кніга, дзе прадстаўлена аўтарская рэтраспэктыва жанру, нагадала, што пункціры – шматаблічныя. Сярод іх – ня толькі “ўсходнія” трохрадкоўі, але і “заходнія” катрэны. Яны могуць быць вершаваныя і невершаваныя, лірычна-павярхоўныя, як напрыклад, такі:

Бульба цьвіце, У рамонкаў Круглыя вочы.

Ці затоена–філязофскімі, як гэты:

Калючы асот – Але вунь, глядзі: Пчала зь ім сябруе.

Кніга дае магчымасьць пабачыць ня толькі эвалюцыю жанру, але і эвалюцыю асобы паэта-вандроўніка. Як вядома, прадбачаньне свайго вандроўнага лёсу выявілася ўжо ў самай раньняй творчасьці паэта. Але доўгі час здавалася, што яго падарожжы так і застануцца падарожжамі мастацкага мысьленьня.

Сяджу дома – Не падарожнічаю, не вандрую. Падарожнікі апавядаюць Пра свае ўражаньні й назіраньні – Назіраю адно за імі.

Паэтычная думка Разанава і ў тую пару не была вязьнем цела, яна заўсёды сягала за небакрай. І ўсё ж у раньніх яго пункцірах адчуваецца пэўная “выхаджанасьць” – рытміка гэтых твораў вымерана крокамі, кароткімі крокамі ў замкнёнай і вельмі абмежаванай прасторы.

Куды? Адкуль? Маўчаньне. Ня дасьць адказу час. Стаю – і сам пытаньне, Іду – і сам адказ.

Іншы Разанаў у гановэрскіх пункцірах – гэта ўжо чалавек, які фіксуе і прамалёўвае новы далягляд. Мастак, які з пажадай узіраецца ў дэталі і фарбы. Грамадзянін, які дыхае паветрам на поўныя грудзі. Вецер і дождж, дахі і аблокі – любімыя вобразы паэта нямецкай пары…

Так сталася, што завяршаючымі творамі ў кнізе сталі пункціры, у якіх адчуваецца холад зімы…

Вецер і сьнег. Шкада мне Вас пакідаць у полі Мае сьляды.

Апошнія старонкі кнігі ствараюць вобраз паэта, які зьбіраецца ў доўгае і цяжкае вандраваньне. Ён спрабуе азірнуцца назад і зьбірае багаж, трымаючы за руку заўсёднага спадарожніка – вецер… Паветранасьць – вобразная і моўная – робіць жанр пункціраў лёгкаўжывальным , чытэльным, “уежным”. Лірыка, прадстаўленая ў кнізе “Дождж: возера ў акупунктуры” – як ніколі далёкая ад вымарачанасьці-высушанасьці таго, што маюць на ўвазе, калі гавораць “філязофская паэзія”. Натуральнасьць – лепшая якасьць гэтага зборніка, у аснову якога пакладзеная ўсходняя мудрасьць, што ўсё штучнае асуджана памерці, а ўсё сапраўднае – аднавіцца...
XS
SM
MD
LG