Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Атрыманых дывідэндаў не хапіла нават на трамвайны квіток...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 11 ліпеня 2007 году.

Слухаць:



Час ад часу ў нашай пошце сустракаюцца лісты, у якіх закранаецца тэма, цікавая для тых мільёнаў беларусаў, якія на пачатку 90-х гадоў атрымалі ад дзяржавы прыватызацыйныя чэкі “Маёмасьць”. Многія паспрабавалі (а многія яшчэ зьбіраюцца спрабаваць) укласьці гэтыя паперы ў якую-небудзь прыбытковую справу. Што з гэтага можа атрымацца? Вось досьвед нашага даўняга сябра Ільлі Копыла зь Менску.

“Калі дзяржава папярэдзіла, што чэкі будуць дзейнічаць толькі да канца 2003-га году, я пасьпяшаўся іх укласьці туды, куды прапаноўваў “Беларусбанк”. У выніку за свае 262 чэкі мы набылі акцыі некалькіх прадпрыемстваў – “Мінскпраектмэблі”, Мінскага домабудаўнічага камбінату, “Спэцрадыёналадкі” і“Мінскгрузаўтатранса”.

І вось у лютым 2006-га году “Мінскпраектмэбля” пералічыла нам дывідэнды: за два гады 25 акцый (100 чэкаў) прынесьлі мне аж 720 рублёў (30 амэрыканскіх цэнтаў). Такую абразьлівую суму я атрымліваць адмовіўся.

А 13-га красавіка я атрымаў яшчэ больш абразьлівую суму. Гэтым разам грашовы перавод на 340 рублёў мне даслалі з “Мінскгрузаўтатранса”. Гэта прыбытак за тры з паловай гады за 62 мае акцыі. За такія грошы нават у трамваі не праедзеш. Атрымліваць іх я зноў адмовіўся.

На Камароўскім рынку ў мяне ёсьць знаёмы бомж. Прывітаўшыся, ён звычайна зьвяртаецца да мяне з адной і той жа просьбай: “Ільля Піліпавіч, дай тысячу”. Мне сорамна даваць адну тысячу: што за яе купіш? Таму даю ад 5-ці да 10-ці тысяч. Ведаю, гарэлку ён ня п’е, грошы пойдуць на хлеб... Мне сорамна, а вось дзяржаве чамусьці не...”.

Чэкавая прыватызацыя ў Беларусі задумвалася на пачатку 90-х гадоў паводле прыкладу Расеі і краін Усходняй Эўропы дзеля таго, каб больш-менш справядліва падзяліць дзяржаўную ўласнасьць, якую меркавалася перадаць у прыватныя рукі. І хоць у той жа Расеі чэкавую прыватызацыю многія называюць грабежніцкай і падманнай, але тыя расейскія грамадзяне, якія за свае чэкі набылі акцыі, напрыклад, “Газпрому” альбо “Роснефті”, сёньня атрымліваюць дывідэнды, што вымяраюцца тысячамі і дзесяткамі тысяч даляраў.

У Беларусі ўлады вырашылі па-іншаму: акцыі ўсіх высокарэнтабельных прадпрыемстваў дазволілі набываць толькі за “жывыя” грошы, а пад чэкавую прыватызацыю пусьцілі тыя прадпрыемствы, жыцьцё на якіх ледзь цепліцца. І тое, што прыбыткі даверлівых грамадзянаў будуць вымярацца зьдзеклівымі сумамі, для адказных чыноўнікаў нечаканасьцю не было.

Іншая справа, што большасьць уладальнікаў чэкаў у падмане ўдзельнічаць не пажадала і дагэтуль, нягледзячы на пагрозу ўлады ўвогуле спыніць чэкавую прыватызацыю, чэкі трымае пры сабе. Урад настойвае, каб Палата прадстаўнікоў прыняла рашэньне ануляваць нявыкарыстаныя чэкі бяз выплаты іх уладальнікам кампэнсацыяў, гарантаваных законам на пачатку 90-х гадоў. Але дэпутаты ўвесь час адмаўляюцца гэта рабіць, справядліва мяркуючы, што ў гэтым выпадку ўся адказнасьць за чарговую грандыёзную аферу і падман народа будзе ўскладзена на іх. Не цяпер, дык у будучыні.

Аўтар наступнага ліста – наш даўні слухач Эдуард Тобін са Смалявічаў, які даўно змагаецца за тое, каб Беларусь карысталася сваёй гістарычнай назвай – Літва, а беларусы называліся ліцьвінамі.

“Наша Канстытуцыя павінна пачынацца так: “Мы, народ Вялікалітвы…” Мы, абсалютна беспадстаўна абазваныя Кацярынай ІІ “белымі русамі”, а край наш “Белай Русьсю”, насамрэч – ліцьвіны, Літва, літоўцы. Мэта перайменаваньня не хавалася акупантамі – “чтоб навекі прівязать до России”. І “прывязалі”.

Канечне, нацыя існуе па-за тым, як яе завуць. Але, калі супольнасьць пазбаўлена сваёй гістарычнай памяці, свайго этнагенетычнага імя, яна ня мае шанцаў на выжываньне, вымірае. Праз гэта ў нашых унукаў ня можа быць годнай будучыні”.

Гісторыя гэтага пытаньня з гістарычнымі назвамі даволі шырока асьвятлялася і ў нас на "Свабодзе", і ў многіх папулярных гістарычных і асьветніцкіх выданьнях. Вельмі цяжка (ды і наўрад ці магчыма), спадар Тобін, вярнуць тое, што было страчана на гістарычных скрыжаваньнях два стагодзьдзі таму. У 20-м стагодзьдзі Беларусь зрабіла некалькі спробаў аднавіць сваю дзяржаўнасьць, і кожны раз – пад гэтай новай назвай, якая замацавалася ў грамадскай сьвядомасьці і прызнана ў сьвеце. Пабудаваць сучасную эўрапейскую дзяржаву, адрадзіць нацыянальную мову і шанаваць уласную гісторыю беларусам замінае зусім ня назва, а іншыя, значна больш істотныя прычыны і абставіны.

Электронны ліст ад нашага слухача з Вушачаў Кастуся Сырэля. Гэтым разам ён выказвае свой пункт гледжаньня на актуальную для Беларусі праблему будаўніцтва атамнай электрастанцыі.

“Калісьці чытаў у часопісе “Знание – сила“, што кошт будаўніцтва АЭС 20 – 25 мільярдаў даляраў, а тэрмін эксплуатацыі – 25 год. Пасьля станцыя павінна быць зачынена і закансэрвавана, а каштуе кансэрвацыя і далейшае абслугоўваньне прыкладна столькі ж, колькі і будаўніцтва. Калі я маю рацыю, то АЭС абыйдзецца нам і нашым нашчадкам значна даражэй, чым мы думаем. Гэта – першае.

Другое. Увогуле, я ня вораг атамнай энергетыкі. Але катэгарычна супраць таго, каб АЭС будавалі беларусы, і тым больш расейцы. Чаму? А таму, што і ў расейскіх, і ў беларускіх будаўнікоў (няхай ня крыўдзяцца) ёсьць традыцыя – па панядзелках прыходзіць на працу, прабачце, “з бадуна”.

Трэцяе. У нас непачаты край работы ў справе эканоміі энэргарэсурсаў. За тыя шалёныя грошы, якія каштуе АЭС, можна ў кожную кватэру, школу, дзіцячы садок, у кожны офіс і прадпрыемства краіны паставіць эўравокны з трайным ашкленьнем; паржавелыя трубы цеплатрас памяняць на так званыя “загадзя ізаляваныя” (па расейску – “ПИ трубы”); перавесьці асьвятленьне дзе толькі магчыма на энэргазьберагальныя электралямпы – ўсяго не пералічыць у кароткім лісьце. Гэта дасьць такую вялізную эканомію, якая лёгка перакрые магутнасьць АЭС. Прычым, эфект будзем мець вельмі хутка, значна хутчэй, чым атрымаем першы кілават ад АЭС”.

Так, спадар Сырэль, у Вашых развагах і аргумэнтах шмат слушнага. Такой жа думкі наконт мэтазгоднасьці будаўніцтва ў Беларусі атамнай станцыі прытрымліваюцца многія. У краіне цяпер была б дарэчы шырокая грамадская дыскусія на гэты конт – з удзелам незалежных эканамістаў, эколягаў, фізыкаў-ядзершчыкаў, а таксама пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. А завяршэньнем такой дыскусіі мог бы стаць агульнанацыянальны рэфэрэндум. Толькі ў такім выпадку можна дасягнуць грамадскай згоды і паразуменьня ў гэтым надзвычай балючым для Беларусі пытаньні.

Тэму бясьпекі ядзерных аб’ектаў закранае ў сваім лісьце на Свабоду і Мікола Канаховіч з Пружанаў.

“Узаемадачыненьні з Расеяй мы павінны будаваць так, як гэта робяць нашы суседзі – палякі, літоўцы, латышы. Жыць трэба па-суседску, выгадна гандляваць, але пры гэтым паважаць найперш сябе, свой народ, сваю гісторыю і мову.

Адметны факт. Агульная гуманітарная дапамога ЗША і эўрапейскіх краін Беларусі за ўсе гады пасьля чарнобыльскай катастрофы на 31-га сьнежня 2004-га году склала трынаццаць з паловай мільярдаў даляраў. А чым у гэтым сэнсе дапамагла нам Расея? Гэта ж яе рэактар выбухнуў у Чарнобылі ў ’86-м годзе, бо яна абвесьціла сябе ўласьніцай усёй савецкай маёмасьці? Дык чаму яна ня плаціць нам за вялізны ўрон, які нанесла сваімі недасканалымі тэхнікай і тэхналёгіямі?”

Мэтавых кампэнсацыяў за ўрон ад выбуху Чарнобыльскай станцыі Беларусь, сапраўды, не атрымлівала – ні ад Расеі, ні ад Украіны. Беларускія ўлады ніколі і не агучвалі такіх патрабаваньняў да сваіх суседзяў. Хоць, зь іншага боку, калі б падобныя прэтэнзіі прагучалі, Расея магла б нагадаць пра тое, што на працягу больш як пятнаццаці год пастаўляла Беларусі нафту і газ па заніжаных коштах. Атрыманыя такім чынам ад Расеі субсідыі склалі дзесяткі мільярдаў даляраў.

На заканчэньне – кароткі ліст, які пакіну бэз камэнтароў.

Нам піша Міхаіл Кандрычын зь вёскі Сідаравічы Магілёўскага раёну:

“Жыцьцё цяпер такое, што на "Свабоду" можна пісаць кожны дзень. Сярод маіх сваякоў і знаёмых ад наступстваў Чарнобыля (ад анкалягічных хваробаў) штогоду паміраюць два-тры чалавекі. Мы дагэтуль ня ведаем усёй праўды пра тое, што тады адбылося і чым гэта можа скончыцца для нашага народу, для наступных пакаленьняў.

На жаль, уладу ў нас захопліваюць недасьведчаныя, малаадукаваныя людзі. А варта было б аддаць яе навукоўцам – такім, як Карпенка, Ганчар, Пазьняк… Ды толькі дзе яны цяпер?”

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG