Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Севярынец: “База для пераменаў – дзясяткі тысяч вернікаў, што прыйдуць у грамадзкі рух і палітыку”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 8 ліпеня)

Слухаць:



Выйшаўшы на волю, Павал Севярынец заняўся кнігавыданьнем. Неўзабаве ў “Бібліятэцы “Нашай нівы” пабачаць сьвет ягоныя “Лісты зь лесу”, напісаныя ў Сітне, дзе Павал адбываў двухгадовае пакараньне. А днямі на сядзібе БНФ адбылася прэзэнтацыя кнігі пад назвай “Брату”, куды ўвайшлі палемічныя артыкулы ды эсэ нядаўняга асуджанага. Пасьля прэзэнтацыі аўтар кнігі завітаў у нашу менскую студыю.

“Брат – гэта зьбіральны вобраз беларуса, які любіць Беларусь і верыць у Бога”

Міхась Скобла: “Павал, віншую вас з выхадам новай кнігі. Адзін з чытачоў, які прыйшоў на прэзэнтацыю ва ўправу Беларускага Народнага Фронту, усё выглядаў і дапытваўся: а дзе той брат Севярынца, каму адрасаваная кніга? А й насамрэч – хто ён, гэты ваш “брат”?”

Павал Севярынец: “І праўда, калі яшчэ толькі ў “Нашай ніве” выйшаў артыкул, паводле якога названая кніга, у мяне пыталіся: “Паша, а як завуць твайго брата?” Насамрэч, у мяне толькі дзьве сястры. А брат – гэта той зьбіральны вобраз беларуса, да якога я зьвяртаўся у сваіх артыкулах, праграмах, апавяданьнях. Гэта той беларус, які ўсьведамляе сябе беларусам, які любіць Беларусь і верыць у Бога. Гэткі хрысьціянскі зварот да брата, да роднага чалавека й стаўся назваю кнігі. У яе ўвайшлі артыкулы, эсэ, апавяданьні, аналітыка й праграмныя тэксты, якія пісаліся цягам апошніх дзесяці гадоў, з 1997-га па 2007 год. Гэта свайго роду падсумаваньне зробленага”.



Скобла: “Паспрабую схарактарызаваць вас як асобу паводле вашых кніг. “Пакаленьне “Маладога фронту” напісаў Севярынец-палітык, “Нацыянальную ідэю” – Севярынец-пісьменьнік, а кнігу “Брату” – Севярынец-прапаведнік. А пра што гэта гаворыць, калі палітык становіцца прапаведнікам?”

Севярынец: “Гаворыць гэта пра вельмі цяжкую духовую сытуацыю ў краіне. Бо насамрэч палітык мусіць займацца палітыкай, пісьменьнік – літаратурай, прапаведнік – душпастырствам. Натуральна, што сумяшчэньне ўсіх гэтых іпастасяў вымушанае. Тое, што сёньня многія таленавітыя творцы мусяць займацца палітыкай, многія палітыкі мусяць зарабляць на жыцьцё мэнэджэрскімі здольнасьцямі, – усё гэта сьведчыць пра тое незайздроснае становішча, у якім апынулася наша грамадзтва. Зрэшты, калі ня мы, дык хто? Калі не стае прапаведнікаў і палітыкаў, на гэтыя ролі падыходзяць і геолягі, і мастакі, і журналісты. Яны, на мой погляд, проста мусяць браць на сябе гэтую місію”.

“І каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты ў Эўропе – разам”

Скобла: “Вы слушна пішаце пра “вакуум бязьвер’я” ў Беларусі. Але прырода чалавека такая, што зусім ня верыць ён ня можа. Калі ня верыць у Бога, ён пачынае верыць у нешта ці ў некага. Калі разабрацца, дык сапраўдных атэістаў на сьвеце папросту няма. І гэта выдатна разумеюць палітыкі, прапаноўваючы на пастамэнт веры – сябе. Вы ж, наадварот, сваю палітычную дзейнасьць не ўяўляеце бязь веры ў Бога. А ці няма тут супярэчнасьці?”

Севярынец: “Супярэчнасьці тут якраз няма. Бо, на мой погляд, у Беларусі ёсьць вялікі дэфіцыт маральных і сумленных людзей, якія вераць у Бога. Беларусь выратуе не якісьці лідэр. Нашы суайчыньнікі лічылі так у 1994 годзе і – памыліліся. Гэта вельмі спрошчаная пастаноўка пытаньня й прывяла нас да вядомае дыктатуры. Беларусь выратуюць вера і вернікі. Маральная база для пераменаў – гэта дзясяткі тысяч вернікаў, якія павінны прыйсьці ў грамадзкі рух і палітыку. Таму мы й ствараем беларускую хрысьціянскую дэмакратыю, таму мы й спрабуем актывізаваць менавіта вернікаў. Каб не атрымалася так, як у Расеі ці ва Ўкраіне. Дзе моцныя грамадзкія ініцыятывы, а нават і “аксамітныя рэвалюцыі” правальваюцца таму, што там на першым месцы ў лідэраў – прагматызм, прыватныя інтарэсы, амбіцыі, бізнэс, а ня вера ў Бога, не мараль, не сумленнасьць”.

Скобла: “Адзін з вашых галоўных пастулятаў: “Вера ў Хрысьце і любоў да ўсіх аб’яднаюць Беларусь”. Гучыць прыгожа, а што атрымліваецца насамрэч? “Вера ў Хрысьце” непазьбежна натыкаецца на межавую агароджу паміж праваслаўем і каталіцтвам. І, як мне здаецца, агароджа гэтая зь цягам часу будзе толькі мацнець і вышэць. Дык ці аб’яднае Беларусь менавіта вера?”

Севярынец: “Аб’яднае, адназначна аб’яднае. У Эўропе, куды мы імкнемся, хрысьціяне розных канфэсіяў ужо мала чым адрозьніваюцца між сабой. Для ўсіх іх выклікам ёсьць нехрысьціянскі сьвет. І каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты сёньня ў Эўропе разам. І мы таксама ідзем да гэтага. Больш за тое, сёньняшні беларускі рэжым кідае выклікі ўсім хрысьціянам. Згадаем артыкулы Рубінава, згадаем усхваленьні Сталіна, камунізму, згадаем помнікі Леніну, якія дагэтуль застаюцца ідаламі ў кожным беларускім горадзе. Гэта менавіта выклікі ўсяму хрысьціянству. А на фэсьце ў Будславе пратэстанты зьбіралі подпісы за свабоду сумленьня, каталікі ўдзельнічалі ў імшы, праваслаўныя прапаноўвалі сваю літаратуру. І ўсё гэта адбывалася без аніякіх міжканфэсійных непаразуменьняў. І гэта прыклад таго, якую Беларусь мы хочам бачыць. Дарэчы, сьвята ў Будславе мяне пераканала, што будучая Беларусь нараджаецца ўжо сёньня. Дзясяткі тысяч нашых суайчыньнікаў ужо прыходзяць да гэтага ідэалу – яднацца ў Хрысьце, у веры, у любові”.

“Беларусы мусяць пакаяцца за тое, што яны выракліся Бога і Беларусі”

Скобла: “Яшчэ адзін з вашых пастулятаў: “Сьвет поўнасьцю й незваротна пераможаны любоўю й ісьцінай”. Няхай тут контраргумэнтам паслугуюць словы Янкі Купалы, напісаныя амаль сто гадоў таму: “Куды ні глянеш – людзі, людзі, куды ні глянеш – шэльмы, шэльмы. Куды ні глянеш – б’юцца ў грудзі, што значыць – правільныя вельмі”. Актуальна гучыць, прычым ня толькі для Беларусі. Ці не азначае гэта, што сілы зла ў сёньняшнім сьвеце то там, то тут, хоць і часова, але перамагаюць?”

Севярынец: “Сьвет ляжыць у зьле, і д’ябал застаецца князем гэтага сьвету. Але, як вы слушна заўважылі, валадараньне яго часовае. Перамога дабра над злом канчатковая ў вечнасьці, але ў рэальным часе мы дагэтуль змагаемся. Я веру ў тое, што ў Беларусі мы можам дасягнуць перамогі веры, любові, сьвятла, свабоды над страхам і нянавісьцю. Прычым, дасягнуць цягам некалькіх гадоў. З гэтага гледзішча кніга “Брату” – заклік да дзеяньня, практыка. Гэта праграмная кніга, але й адначасова – зборнік практычных мэсыджаў”.

Скобла: “На прэзэнтацыі вашай кнігі гучала й тэма пакаяньня. Але ўсё неяк больш агульна. Нямеччына пакаялася за грахі нацызму. Ватыкан пакаяўся за грахі інквізыцыі. “Папа Рымскі просіць дараваньня, Папа ўкленчыў каля ўкрыжаваньня,” – радкі Анатоля Вярцінскага. А перад кім і за што канкрэтна мусяць пакаяцца беларусы?”

Севярынец: “Насамперш беларусы мусяць пакаяцца за тое, што яны выракліся Бога і Беларусі. На мой погляд, беларусы здрадзілі свайму Богу ў 17—18 стагодзьдзях, што аўтаматычна пацягнула за сабой аслабленьне дзяржавы, яе распад, акупацыю і наступныя стагодзьдзі прыгнёту. Беларусы мусяць каяцца за тое, што яны страцілі беларускасьць, самасьвядомасьць. Беларусы як народ мусяць вельмі моцна каяцца. Практычна ўсе нашы народы-суседзі засталіся вернымі сваёй мове, сваёй зямлі, якую даў ім Бог. Беларусы, на жаль, тут далёка ня прыклад. Але мы ведаем, што Бог дае найбольшыя выпрабаваньні тым, каго чакаюць найбольшыя дабраславеньні. Таму, я лічу, крыжовы шлях беларусаў вядзе да вялікае Беларусі, да Беларусі, якая пакаецца, адродзіцца й будзе выконваць вельмі значную місію ў самым сэрцы Эўропы”.

“Асноўная задача найбліжэйшых гадоў – ня толькі хрысьціянізацыя беларусаў, але й беларусізацыя хрысьціянаў”

Скобла: “Вы пішаце, што “беларусізацыя бяз Бога – гэта пусты занятак”. А вера ў Бога без беларусізацыі прымальная для вас?”

Севярынец: “Непрымальная. У Беларусі гэта немагчыма. І ня толькі для мяне, гэта немагчыма ў прынцыпе. Бог стварыў Беларусь як асобную дзяржаву. Бог даў нам асобную мову. Бог стварыў беларусаў дзеля свайго пакліканьня, сваёй місіі. І той цуд незалежнасьці, які мы атрымалі сямнаццаць гадоў таму, якраз і пацьвярджае тое, што ўсё гэта не было выпадковасьцю. Тысячагадовая гісторыя Беларусі й беларускасьці – гэта таксама сьведчаньне Божага наканаваньня. Той, хто адмаўляецца ад Божага наканаваньня й лічыць, “ат, давайце маліцца па-расейску ці па-польску, мы будзем верыць у Бога, і Бог нас дабраславіць”, яны моцна памыляюцца”.

Скобла: “Бог разумее ўсе мовы – вось аргумэнт тых, хто ня хоча чуць у храмах беларускую мову”.

Севярынец: “Бог разумее, але зьмяшаньне моваў у свой час прывяло, як мы ведаем, да Бабілёнскай трагедыі. Людзі былі падзеленыя на асобныя мовы й нацыі менавіта згодна з Божым плянам. І часткай гэтага Божага пляну зьяўляюцца Беларусь і беларускасьць. У кнізе “Нацыянальная ідэя” я паспрабаваў асэнсаваць гэты фэномэн – дзеля чаго мы беларусы й мусім заставацца беларусамі. Беларускасьць сама па сабе – гэта вялікі дар Божы. Адкідаць яго – значыць зьневажаць Бога. Гэта сфармуляваў яшчэ Францішак Багушэвіч: “Не пакідайце мовы беларускай, каб ня ўмёрлі”, “мова наша сьвятая, бо яна нам ад Бога дадзеная”. З гэтымі словамі сёньня трэба зьвяртацца й да пратэстантаў, якія пераважна прамаўляюць пропаведзі па-расейску, і да каталікоў, якія шмат дзе яшчэ служаць імшу па-польску, і да праваслаўных, якія асноўную літургію служаць на царкоўна-славянскай мове. Мы ў беларускай хрысьціянскай дэмакратыі разумеем, што асноўная задача найбліжэйшых гадоў – гэта ня толькі хрысьціянізацыя беларусаў, але й беларусізацыя хрысьціянаў”.

“Пад гэтымі сымбалямі Беларусь жыла тысячу гадоў, і дзесяць, пяцьдзесят, семдзесят гадоў бязбожніцтва кардынальна нічога ня зьменяць”

Скобла: “На гэтым тыдні краіна адзначыла Дзень Рэспублікі. Ці ўразіла вас стотысячнае выкананьне дзяржаўнага гімну?”

Севярынец: “Значна болей мяне ўразілі дзясяткі тысячаў людзей у Будславе, якія суладна маліліся па-беларуску. У Будслаў ніхто нікога ня звозіў аўтобусамі, ніхто не прапаноўваў хлеба і відовішчаў. Усё адбывалася ў мястэчку за 170 кілямэтраў ад сталіцы. І людзі туды ішлі тыднямі ў пілігрымках. Там сабралася вялізная колькасьць людзей – каля сарака тысяч! І гэта, натуральна, азначае, што будучыня менавіта за гэтай Беларусьсю, а не за той, якая жлукціла піва, трымала ў руках невядома якога колеру сьцягі і сьпявала невядома які гімн. Духовым гімнам Беларусі застаецца “Магутны Божа”, гербам – Пагоня, сьцягам – бела-чырвона-белае палотнішча. Пад гэтымі сымбалямі Беларусь жыла тысячу гадоў, і дзесяць, пяцьдзесят, семдзесят гадоў бязбожніцтва кардынальна нічога ня зьменяць”.

Скобла: “7 ліпеня споўнілася 125 гадоў з дня народзінаў Янкі Купалы. Які купалаўскі твор вы найбольш любіце?”

Севярынец: “Мой улюбёны твор Янкі Купалы – верш “Хрыстос васкрос”: “Хрыстос васкрос! – неугамонна плыве па нівах, пушчах клік, плыве адна сьвятая думка з канца ў канец, як сьвет вялік. Хрыстос васкрос! – К Табе, о Божа, і я ў дзень гэты просьбу шлю: хай Беларусь, мая старонка, васкрэсьне к вольнаму жыцьцю”.

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by
XS
SM
MD
LG