Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія фашысты ўмяшаліся ў ход беларускага інтэрнэт-конкурсу


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускай недзяржаўнай прэсы за 11 ліпеня.

“Камсамольская правда в Беларуси” ў нумары за 11 ліпеня зьвяртаецца да тэмы затрыманьня першага начальніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімера Холада. Нагадаем, што высокаму чыноўніку ўжо выставілі абвінавачаньне ў махлярстве ў асабліва буйным памеры і ў падбухторваньні да хабару. Для сакратара Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалая Лазавіка арышт спадара Холада, які працаваў у Цэнтарвыбаркаме на грамадзкіх пачатках, быў абсалютнай нечаканасьцю.

“Паводле працы ў ЦВК мы можам ахарактарызаваць яго толькі са станоўчага боку... Мы проста ў шоку. У мяне дагэтуль не ўкладваецца ў галаве, што ён здолеў зьдзейсьніць нейкае супрацьпраўнае дзеяньне, ня тое каб злачынства”,– выказаўся Мікалай Лазавік на старонках “Камсамолкі”.

“Бобруйский курьер" піша пра здарэньне ў горадзе, якое прыпала на купальскую ноч. Апавядае журналіст Віктар Качан.

“Дваццацічатырохгадовы бабруйчанін, які жыве па вуліцы Першая лінія, вырашыў адзначыць сьвята: разьвёў, як мы тут іранічна пішам, “магічнае вогнішча”, ад якога загарэлася ягоная ўласная кватэра. Ён разьбіў усе вокны і ўцёк невядома куды. У выніку згарэў увесь дах аднапавярховага дому, у якім знаходзяцца яшчэ тры кватэры і пражывае дванаццаць чалавек. Кватэра падпальшчыка ўшчэнт выгарэла, а маці – інвалід другой групы – засталася бязь месца жыхарства”.

У газэце “Вечерний Брест" можна прачытаць пра незвычайную прыродную зьяву ў пасёлку Мухавец Берасьцейскага раёну. У часе дажджу з навальніцай раптам пачуўся гук, падобны да выбуху, а затым у паветры зьявіўся бліскучы вогненны дыск, які нагадваў шаравую маланку. Дыск увайшоў у адзін з дамоў у пасёлку, прабіўшы шэсьць дзірак – у сьценах і на даху. Але пажару здарэньне ня выклікала. Куды потым зьнік вогненны дыск, невядома.

“Расейскія фашысты ўмяшаліся ў хаду беларускага інтэрнэт-конкурсу” – матэрыял пад такім загалоўкам публікуе інтэрнэт-выданьне “Салідарнасць”. 15 ліпеня адбудзецца ўручэньне Першай прэміі беларускага сэгмэнту Жывога Журналу, якая атрымала назву Жэжэбай. Прэмію мусяць атрымаць найлепшыя блогеры ў розных намінацыях. У намінацыі “агрэгатар” былі два фаварыты – l_u_f_t і lipkovich, аднак у конкурсе вырашыў паўдзельнічаць уладальнік сеткавага дзёньніка пад нікам coipish. Яго падтрымалі шматлікія іншыя блогеры, якія пазыцыянавалі сябе як расейскія фашысты. Былі выкарыстаныя мэтады “накруткі” вынікаў галасаваньня, таму аргкамітэт конкурсу дыскваліфікаваў coipish.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG