Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніна Шыдлоўская: "Асоба Казуліна неабгрунтавана забываецца"


Аляксей Знаткевіч, Прага У панядзелак 9 ліпеня госьцяй "Начной Свабоды" была намесьніца кіраўніка Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", былая прэсавая сакратарка Аляксандра Казуліна Ніна Шыдлоўская.

Знаткевіч: "Згуртаваньне "Бацькаўшчына" аб''ядноўвае прадстаўнікоў беларускай дыяспары з многіх краін сьвету. Тое, што адбываецца ўнутры Беларусі, палітычныя канфлікты, – наколькі яны адбіваюцца на жыцьці беларусаў замежжа?"

Шыдлоўская: "Беларусы, выязджаючы за мяжу, застаюцца такімі ж самымі паводле мэнталітэту і поглядаў. Таму тыя канфлікты і супярэчнасьці, зь якімі яны жылі тут, яны вязуць з сабою і за мяжу. І гуртуючыся там у нейкія арганізацыі, яны захоўваюць пэўныя разыходжаньні ў бачаньні шляхоў, якімі мае ісьці Беларусь. І ў сувязі з гэтым ўзьнікае шмат пытаньняў і праблем".

Знаткевіч: "Вы супрацоўнічаеце з арганізацыямі беларусаў сьвету рознай палітычнай ськіраванасьці ці праводзіце нейкі адбор? "

Шыдлоўская: "Для нас важна працаваць з тымі людзьмі, якія ўсьведамляюць сябе беларусамі, не зважаючы на іхныя палітычныя погляды. Мы стараемся як раз на ніве беларушчыны аб''яднаць людзей, якія апынуліся паводле розных прычын за мяжою. І адпаведна арганізуем мерапрыемствы, каб зводзіць разам людзей розных палітычных поглядаў, каб яны ў дыскусіях маглі выказваць свае пункты гледжаньня".

Знаткевіч: "У якіх краінах найбольш моцныя беларускія суполкі, найбольш актыўныя арганізацыі дыяспары?"

Шыдлоўская: "Актыўнасьць беларускіх арганізацый за мяжою часта не вымяраецца іх колькасным складам. У некаторых краінах больш шматлікія арганізацыі арганізуюць мінімальныя мерапрыемствы выключна па сьвятах.Так склалася гістарычна, што моцныя беларускія дыяспары склаліся ў заходніх краінах, такіх як ЗША, Нямеччына... Апошнім часам вельмі моцная хваля адраджэньня беларушчыны назіраецца ў Расеі. Як прыклад я б хацела адзначыць Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага".

Знаткевіч: "У часе прэзыдэнцкай кампаніі мінулага году вы былі прэсавай сакратаркай Аляксандра Казуліна..."

Шыдлоўская: "Так, і я да гэтага часу падтрымліваю кантакты зь яго сям''ёю, застаюся ягонай прыхільніцай, чалавекам, на якога заўсёды могуць пакласьціся яго сваякі, але цяпер ужо не зьяўляюся ягонай прэсавай сакратаркай".

Знаткевіч: "А на колькі ўдаецца падтрымліваць сувязь з Казуліным і атрымліваць інфармацыю пра тое, што адбываецца цяпер зь ім у зьняволеньні?"

Шыдлоўская: "Вельмі складана. Інфармацыя даходзіць супярэчлівая, наўпростай сувязі няма, праз адваката дзейнічаць вельмі складана... Чым даўжэй ідзе час зьняволеньня Казуліна, тым цяжэй атрымліваць пра яго аб''ектыўную інфармацыю".

Знаткевіч: "Ці заўсёды ўдаецца данесьці інфармацыю пра Казуліна, тую. Якую ўдаецца атрымаць, да беларускага грамадзтва, пра тое, што зь ім адбываецца, што ён увогуле зьняволены?"

Шыдлоўская: "Паводле сёньняшняга досьведу працы, я заўважыла, што інтарэс да асобы Казуліна зьнікае. І гэта вельмі сумна, бо чалавек выканаў вельмі важныя, знакавыя функцыі ў часе выбарчай кампаніі і пасьля яе, у часе суду і ў часе ягонай 53-дзённай галадоўкі, калі ён намагаўся прыцягнуць увагу да Беларусі. Цяпер не існуе такой шырокай сеткі сродкаў інфармацыі, каб данесьці зьвесткі пра яго ў рэгіёны. Тыя ж, што існуюць, зьвяртаюць увагу на іншыя праблемы, і асоба Казуліна, на мой погляд, неабгрунтавана забываецца. Гэта кепска і для самога Казуліна, і для палітычнай апазыцыі Беларусі".

Знаткевіч: "Якім вы бачыце выйсьце?"

Шыдлоўская: "На маю думку, не зважаючы на палітычныя разыходжаньні, кожны з палітыкаў, кожная з палітычных арганізацыяў мусяць адным з патрабаваньняў заўсёды вылучаць заклік вызваліць Казуліна, заўсёды нагадваць людзям, што ён у зьняволеньні і паводле якіх прычын. Гэта магчыма рабіць нават праз нашыя нешматлікія СМІ. Гэта справа сумленьня кожнага з палітычных дзеячоў Беларусі".

Знаткевіч: "У свой час даводзілася чуць крытыку на адрас Аляксандра Казуліна, што, будучы рэктарам БДУ, ён не спрыяў нацыянальным памкненьням і абразьліва выказваўся на адрас студэнтаў, якія зьвярталіся да яго па-беларуску... Скажыце, якім чынам Казулін прывабіў шмат нацыянальна арыентаваных людзей у сваю каманду, вас у прыватнасьці?"

Шыдлоўская: "Казулін – чалавек з цьвёрдым веданьнем, чаго ён хоча дамагчыся ў жыцьці, ён сьвядомы чалавек, які разумее, у якім кірунку павінна йсьці нашая краіна. На гэтай ніве ён набыў сабе шмат прыхільнікаў. Тыя ж гісторыі, якія расказваюць пра яго, пра гэтыя скандалы ва ўнівэрсытэце, далёка не ўсе пацьвярджаюцца, яны абрастаюць нейкімі чуткамі, і гэта не заўсёды праўда. Я чула, як вельмі многія людзі дзякавалі Казуліну за тое, як ён арганізоўваў працу пад час рэктарства. Ягонае імкненьне авалодаць беларускай мовай таксама вартае павагі. Беларускую мову як нацыянальную, як дзяржаўную ён не адмаўляў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG