Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я проста не ўяўляю сабе беларускі легкавы аўтамабіль”…


Радыё Свабода “Ці хацелі б вы езьдзіць на беларускім легкавым аўтамабілі?”. На гэтае пытаньне адказваюць аўтааматары Гомеля.

Спадар: “Не, я не хацеў бы езьдзіць на беларускім легкавіку. Калі ў іншых краінах аўтамабілебудаваньне атрымала разьвіцьцё і можна разьлічваць на якасьць, на ўсё што заўгодна, то ў нас гэтага няма. Я вельмі скептычна стаўлюся да таго, што можа быць. Як не палю я беларускія цыгарэты, бо яны кепскія, так я ня буду езьдзіць на беларускім аўтамабілі”.

Спадар: “У мяне ўжо другі аўтамабіль. Я б хацеў мець новы. І калі гэта будзе беларускі, я мяркую, што ён будзе проста таньнейшы. Думаю, што ён будзе ня горшы за карэйскі альбо іранскі “Саманд”. Гэта ж аналяг Пежо-406. Паглядзіце, увесь сьвет – тыя ж карэйцы выпускаюць ДЭУ-Нэксік. Гэта ж перароблены Опэль-Кадэт, і яго выдатна купляюць”.

Спадар: “Не, на нямецкіх хацеў бы езьдзіць. Зборачную лінію, як у Калінінградзе, паставіць – і БМВ альбо Мэрсэдэс выпускаць. Заключыць трэба дамовы і вырабляць ня тыя аўтамабілі, якія не карыстаюцца попытам, а, напрыклад, Таёту – вельмі добрая машына, альбо БМВ.

Спадар: “Так, езьдзіў бы. Галоўнае, каб аўтамабіль меней бэнзіну еў і хадавая каб у яго была добрая”.

Спадар: “А якой мадэлі беларускі аўтамабіль? Я ня ведаю такога. Ведаю толькі МТЗ і гомсельмашаўскі камбайн”.

Спадар: “Я проста не ўяўляю сабе беларускі легкавы аўтамабіль. І мне падаецца, што калі ёсьць краіны, дзе ўжо наладжана гэтая вытворчасьць, то трэба й купляць іх там. А калі ў Беларусі атрымліваюцца добрыя БелАЗы, то трэба і выпускаць БелАЗы”.

Спадар: “Трэба спачатку паглядзець, што гэта будзе за аўтамабіль, пакратаць яго рукамі. Калі будзе машына, як трактар, карыстацца попытам, то, можа, гэта будзе нармалёвы легкавік”.

Спадар: “ Не, на беларускім пакуль не. Спачатку трэба пабачыць, як яны будуць сябе паводзіць. Але першыя аўтамабілі я б ня браў”.

Спадар: “Калі б машыны рабілі таньнейшыя, я з задавальненьнем езьдзіў бы на беларускім легкавіку”.

Спадар: “Добрыя фундатары, добрыя рукі, замежнае абсталяваньне патрэбнае – і можна выпусьціць добры замежны аўтамабіль”.

Спадар: “Я згодзен езьдзіць, калі ён будзе даступны па грашах і ў эксплюатацыі будзе надзейны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG