Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Казуліна і С.Скрабец просяць Эўразьвяз часьцей згадваць пра беларускіх палітвязьняў


Уладзімер Глод, Менск Сёньня кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец і дачка былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Казуліна Вольга выступілі перад кіраўнікамі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу, акрэдытаваных у Беларусі.

І былы палітвязень Скрабец, і дачка экс-кандыдата на вышэйшую дзяржаўную пасаду выказалі занепакоенасьць тым, што, на іх погляд, Эўразьвяз прыкладае недастаткова намаганьняў, каб паспрыяць вызваленьню з-за кратаў Аляксандра Казуліна.

Спадар Скрабец гаворыць, што ён пачаў свой выступ з канкрэтных прыкладаў:

“Ці магчыма такое, што, напрыклад, у ЗША Буш пасадзіў Гора на 15 гадоў толькі за тое, што той быў ягоным супернікам на выбарах? Ці магчыма такое, што Сарказі, які нядаўна перамог на выбарах у Францыі, пасадзіў у турму мадам Руаяль на 10 ці 20 гадоў? Дыпляматы так усьміхнуліся, што было бачна – яны сабе такога не ўяўляюць.

У нас жа таталітарны рэжым сваіх апанэнтаў зьнішчае: ці фізычна, ці маральна, ці кідае за краты. І таму я казаў, што калі краіны Эўразьвязу насамрэч дэмакратычныя, яны абавязкова павінны выказваць свае адносіны да такіх учынкаў беларускай улады”.

Вольга Казуліна падчас выступу перад дыпляматамі прасіла, каб кіраўніцтва краінаў, якія яны прадстаўляюць, не забываліся пра лёс яе бацькі ды іншых беларускіх палітвязьняў:

“Галоўнае, што я адзначыла: прайшоў ужо год пасьля выбараў, а наша работа, у тым ліку і амбасадараў, пэўных вынікаў не дала – палітвязьні застаюцца ў турме, а рэжым Лукашэнкі і сам Лукашэнка па-ранейшаму ва ўладзе.

Што датычыцца самога Казуліна, дык сытуацыя зь ім робіцца ўсё горшай. Яго пазбавілі трэцяга кароткатэрміновага спатканьня, уведзена інфармацыйная блякада. А таксама ў нас узьніклі праблемы з адвакатамі: адзін адвакат падаў у адстаўку і больш з намі не працуе. А на другога, як нам падаецца, робіцца палітычны ціск. Мы прасілі Эўразьвяз, эўрапейскія краіны, ЗША не забывацца на Казуліна, каб яны не забываліся, што ў сярэдзіне Эўропы існуе дыктатарскі рэжым”.

Часовы павераны ў справах Славаччыны Любамір Рэгак, чыя краіна з 1 ліпеня выконвае ў Беларусі функцыі мясцовага прадстаўніцтва Эўразьвязу, у камэнтары нашаму Радыё на беларускай мове адзначыў:

“Мы ўважліва выслухалі спадара Скрабца і асабліва дачку прафэсара Казуліна Вольгу. Такія сустрэчы ўваходзяць у нашыя дыпляматычныя абавязкі. Мы хочам ведаць, пра што думаюць палітычна актыўныя беларусы, якія ў іх клопаты.

Канешне, цяжка слухаць пра абмежаваньне правоў Аляксандра Казуліна ў турме. Мы папрасілі яго дачку пры сустрэчы перадаць яму найлепшыя пажаданьні ды спадзяваньні, што зможам прывітаць яго ў Менску ўжо на волі.

Я як прадстаўнік паўгадавога кіраўніцтва Эўразьвязу ў Менску хачу таксама прасіць Міністэрства замежных справаў Беларусі дазволіць мне сустрэчу з прафэсарам Казуліным у турме”.

Згаданая сустрэча прайшла ў рамках так званых “дыпляматычных аўторкаў”. Зь нядаўняга часу кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу пачалі па аўторках праводзіць сумесныя сустрэчы зь вядомымі людзьмі Беларусі. Ужо прайшлі іх размовы з сустаршынямі Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў і старшынём Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандрам Ярашуком.

Браты Скрабцы хочуць ладзіць рок-фэстывалі й пікеты ў падтрымку Казуліна, 02.07.2007 • Сяргей Скрабец зоймецца рэабілітацыяй несправядліва асуджаных, 09.05.2007 • Сяргей Скрабец пазбаўлены права выезду за мяжу, 30.04.2007
XS
SM
MD
LG