Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэлегаты зьезду лідчукоў наведалі магілы жаўнераў Арміі Краёвай


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Лідзе гэтымі днямі адбываецца 9-ы ўсясьветны зьезд лідчукоў. Яго арганізавала “Таварыства польскай культуры Лідчыны”, якое ўзначальвае Аляксандар Калышка. Зарэгістраваліся 65 eдзельнікаў, пераважна жыхары Польшчы, карані якіх — у былым Лідзкім павеце, у які ўваходзілі таксама вёскі цяперашніх Воранаўскага і Шчучынскага раёнаў. Дахаты дэлегаты разьедуцца 11 ліпеня. Падчас зьезду яны наведалі Бярозаўку, Менск, мясьціны, зьвязаныя з Адамам Міцкевічам. Наш карэспандэнт разам з дэлегатамі езьдзіў у вёску Сурконты Воранаўскага раёну, дзе існуюць магілы жаўнераў Арміі Краёвай, якія загінулі ў баі з НКВД у жніўні 1944 году.

Мы прыехалі ў Сурконты і высьветлілася, што аўтобус ня можа праехаць да магілаў, і нават засумняваліся ці варта туды ісьці, бо вельмі гразкая дарога і дождж ідзе, але ўсё ж-такі некаторыя ўдзельнікі зьезду вырашылі накіравацца да магілаў жаўнераў Арміі Краёвай.

Вось мы на месцы: мураваны плот, помнік з крыжам і яшчэ — па левы бок аднолькавыя бэтонныя крыжы жаўнераў, напісана — “невядомы жаўнер”. х некалькі дзесяткаў. Ёсьць таксама асобныя прозьвішчы — Чэслаў Маршалак, Генрык Жураўскі (псэўданімы Марабут, Жураў), Ежы Каляцінскі (псэўданім Косінус).

Дэлегаты зьезду абмяркоўваюць гібель жаўнераў Арміі Краёвай у Сурконтах:

Спадар: “Мацей Калінкевіч (псэўданім Котвіч) не хацеў, каб вёска згарэла з жыхарамі. Хата пры хаце стаялі…”

Другі спадар: “Там былі два “ціхацемныя”, адзін зь іх — камандзер 27-га эскадрону уланаў”.

Тут узгадалі, што загінулі два “ціхацемныя”. Гэта парашутысты, якіх закідвалі з Англіі. На помніку – дошка, напісана па-польску: “Жаўнерам Арміі Краёвай, якія загінулі за Польшчу пад Сурконтамі 21 жніўня 1944 году і ў Паддубічах 19 жніўня 1944-га”.

Семянтоўскі: “Літоўцы ў Пелясе заўважылі, што на дасьвецьці прыйшло Войска польскае. Данос зь Пелясы трапіў у Радунь, і савецкія аддзелы атакавалі Котвіча з жаўнерамі тут, у Сурконтах”.

Свае ўспаміны апавядаў Баляслаў Семянткоўскі, удзельнік Арміі Краёвай, падпалкоўнік, ягоны псэўданім быў — Чорны.

Дэлегаты зьезду былі зьдзіўленыя тым, што вакол могілак жаўнераў Арміі Краёвай пасеяна жыта і няма ніякай сьцежкі. Дарэчы, за некалькі соцень мэтраў ад могілак у Сурконтах стаіць касьцёл у вёсцы Пеляса, дзе, як было зазначана, імша адбываецца на літоўскай мове.

Мы размаўляем з Аляксандрам Калышкам, які зьяўляецца арганізатарам зьезду:

Калышка: “У нас узьнікла адна цяжкая арганізацыйная праблема, гэта рэгістрацыя нашых гасьцей у міліцыі”.

Карэспандэнт: “Цяпер новыя правілы рэгістрацыі замежнікаў”.

Калышка: “Прабачце, запоўніць чатыры анкеты на расейскай мове — на кожнага — гэта вымагае часу. А ў нас жа праграма ёсьць, людзі ж прыехалі ня дзеля таго, каб запаўняць гэтыя анкеты…”

Зьезд лідчукоў, могілкі жаўнераў Арміі Краёвай, Сурконты, Лідчына
Арганізатар зьезду лідчукоў Аляксандар Калышка

Зьезд лідчукоў, могілкі жаўнераў Арміі Краёвай, Сурконты, Лідчына
На могілках жаўнераў Арміі Краёвай у Сурконтах

Зьезд лідчукоў, могілкі жаўнераў Арміі Краёвай, Сурконты, Лідчына
На могілках жаўнераў Арміі Краёвай у Сурконтах
XS
SM
MD
LG