Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 9 ліпеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу абмяркоўваюць артыкул пра запуск праекту “Топ Старт”. 10 беларускіх кампаніяў сустрэліся з маладымі спэцыялістамі, каб даць ім рэальную магчымасьць пачаць кар’еру. Мэта праекту – даць выпускнікам вну добрую працу. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“Ага. Эксплюататары падбіраюць сабе новых батракоў, каб за 150 даляраў эксплюатаваць!”

“Сустрэча працадаўцаў з выпускнікамі пасьля разьмеркаваньня нічога даць ня можа. Выпускнікі ўжо разьмеркаваныя, і зьмены разьмеркаваньня каштуюць вельмі дорага. Такія сустрэчы павінны быць са студэнтамі апошняга курсу да зацьвярджэньня тэмы дыплёму хаця б за месяц”.

“Была я, між іншым, на гэтай канфэрэнцыі... і кампаніі ўсе вартыя... і вакансіі цалкам прыстойныя... і заробкі, між іншым, для выпрабавальнага тэрміну прапануюць нармальныя (300-400 даляраў)... удзельнічаюць у праекце выпускнікі са “свабодным дыплёмам”. Ня варта, не валодаючы поўнай інфармацыяй, пляжыць людзей”.

“Няхай працадаўцы прызвычаяцца да думкі, што трэба гадаваць работнікаў і плаціць, каб не ўцякалі... вунь у Амэрыцы ўсё маладымі рукамі робіцца, усе хоць крыху вартыя рэчы прыдумваюць да 30 год, таму ўжо даўно зразумелі – што пасееш, тое й пажнеш”.

Блогерка запытваецца ў чытачоў свайго жывога журналу, якія словы зь сеціўнага слэнгу іх найбольш раздражнаюць. Сама аўтарка, відавочна, ня любіць выраз “аффтар жжот непадзецкі”. Варыянты ад чытачоў блогу: “фрэнд і флуд”, “вмэмарыз”, “ф топку”, “гы-гы-гы і бу-га-га”, а таксама новае беларускае слова “прышпільна”, якое раздражняе носьбітаў мовы як у сеціве, гэтак і па-за ім.

Аўтарка сайту Летка Енка агітуе сваіх чытачоў кахацца па-беларуску: “Я, як самая разумная й прасунутая сьвядомая жанчынка прапаную наступныя пункты... Калі пераходзіце на беларускую мову ў жыцьці, то адразу зрабеце гэта ў ва ўсіх самых інтымных сфэрах жыцьця. Кажэце сваё "фэ" наконт залітай столі суседу, лайцеся з жонкай, дый кахайцеся зь ёй жа, ужываючы беларускія словы. Калі ня ведаеце, як насамрэч будзе тое ці іншае, а ў запале не да таго, каб па слоўніках лазіць, нават выдумляйце! Жонка не пакрыўдзіцца, калі вы назавеце яе якім "вожычкам", галоўнае, каб з правільнымі інтанацыямі ў голасе! Мова сапраўды "ўвойдзе ў кроў", калі будзеце яе менавіта ў самыя эмацыйныя моманты жыцьця ўжываць. Дзяўчыну можаце называць "кветачкай", "сонейкам", "красунькай", "ластаўкай", – банальна, але прыемна і заўсёды спрацуе. А скажаце, што якая з нас "князёўна", так і будзе кожная сябе адчуваць. На ўсе сто адсоткаў!” Блогер піша пра “жастокіі ліцературныі страданія”:

“Я раманіст: я маю тры раманы — Адзін з Наташай, зь Ленаю другі, А трэці закруціў нядаўна зь юнаю Тацянай... (Ох!) Калі дазнаецца Людміла — выб''е мне мазгі!»

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
XS
SM
MD
LG