Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За мяжой асьцерагаюцца беларускіх чарніц


Міхал Стэльмак, Менск У Беларусі адкрыўся ягадны сэзон. У зборы чарніц удзельнічаюць тысячы чалавек. Ягады зьбіраюць нават жыхары чарнобыльскіх раёнаў. Адны – для сябе, іншыя вязуць іх на продаж у чыстыя раёны.

Пасёлак Зялёны Бор месьціцца ў лясной зоне Меншчыны. Сёньняшні дзень многія жыхары паселішча правялі ў лесе – зьбіралі ягады.

"На чарніцах заробіш больш, чым на прадпрыемствах"

“Людзі – працаўнікі ў нас. Хто не лянуецца, той на ягадах грошы зарабляе ў летні пэрыяд. Вось прыйшла пэнсіянэрачка Шарына Фэліцыяна Іосіфаўна і ставіць мне на вагі ягады. Дзень у дзень ходзіць, зьбірае пяцілітровае вядзерца. А за гэта купіць сырок”.

Гэта апавядае мне Надзея Зайцава, прадаўшчыца прадуктовай крамы, якая належыць райспажыўсаюзу. Адначасова спадарыня Зайцава працуе нарыхтоўшчыцай ягад. Чарніцы яна прымае па 4 тысячы рублёў за кіляграм. За пяцілітровае вядро ягад яна выдае зборшчыку каля 16 тысяч рублёў. (дарэчы, на менскім камароўскім рынку чарніцы каштуюць 9-10 тысячаў за кілаграм).

Міхаіл Ліпа, які жыве ў Зялёным Бары, сам зьбірае ягады. Ці выгадна?

“Выгадна. 100 тысяч беларускіх рублёў сям’я зарабляе. Добры ўраджай сёлета”.

Зборшчыкі задаволеныя ягадным бізнэсам, бо, як вынікае зь іх тлумачэньня, на тутэйшых прадпрыемствах столькі не заробіш.

Зборам чарніц актыўна займаецца й насельніцтва Случчыны. У жыхароў вёскі Шышчыцы спажывецкая каапэрацыя закупляе чарніцы па тры тысячы рублёў за кіляграм. Але зборшчыкі ігнаруюць такі кошт і нясуць ягады прадаваць на дарогу Слуцк-Менск — кіроўцам аўтамабіляў. Нарыхтоўшчыца Жана Жук тлумачыць:

“Ну, вядома, на дарозе больш выгадна, чымсьці тут. Там пяцілітровае вядзерца каштуе 20 тысяч рублёў. А большае – больш каштуе”.

У Веткаўскім раёне радыяцыя ў чарніцах у пяць разоў перавышае норму

У чарнобыльскіх рэгіёнах Беларусі афіцыйна ягадная нарыхтоўка ня вядзецца – з-за радыяцыі. Апавядае супрацоўніца Веткаўскага раённага Цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Аксана Юрчанка:

“Сёлета зьвярталіся па чарніцах. І чарніцы нашага Веткаўскага раёну маюць павышанае ўтрыманьне радыёнуклідаў. Калі норма да 185 бэкерэляў на кіляграм, то паказвае 1 140. Дзесьці ў пяць-шэсьць разоў перавышае норму. Чарніцы ў нас фактычна заўжды маюць павышанае ўтрыманьне. У нас забароненая нарыхтоўка”.

Між тым, жыхары як Веткаўшчыны, так і іншых чарнобыльскіх раёнаў зьбіраюць чарніцы. Адны для сябе, іншыя вязуць іх на продаж у чыстыя раёны. У цэлым Гомельшчына бярэ актыўны ўдзел у нарыхтоўцы ягад, у тым ліку й на экспарт. Кіраўнік упраўленьня нарыхтовак абласнога саюзу спажывецкіх таварыстваў Васіль Віньнікаў:

“Наконт радыяцыі я размаўляў зь літоўскай фірмай. Яны асьцерагаюцца нашых чарніц. Яны іх перапрацоўваюць і адгружаюць далей у Эўропу і баяцца, што могуць быць непрыемнасьці. Што закупяць, і акажуцца ягады зь перавышэньнем нормаў”.

Збор чарніц на экспарт дапамагае выжываць сем’ям Гомельшчыны, 31.07.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG