Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пакланяюцца мошчам сьвятога Лукі


Галіна Абакунчык, Менск У менскай царкве Эўфрасіньні Полацкай па вуліцы Прытыцкага выстаўленыя для наведваньня мошчы сьвятога Лукі. Доступ для пакланеньня рэліквіі адкрыты круглыя суткі. Штодня сюды прыходзяць тысячы людзей з розных рэгіёнаў Беларусі.

Звон з царкоўнай званіцы чуваць яшчэ далёка на падыходзе да царквы. Чарга таксама распачынаецца перад ўваходам ў царкоўную браму.

Карэспандэнтка: “Чаму вы прышлі сюды сёньня?”

Спадар: “Мы верым у Бога, у сьвятых верым”.

Спадарыня: “І спадзяемся толькі на Божую дапамогу”.

Карэспандэнтка: “Вы, напэўна, усёй сям’ёй?”

Спадарыня: “Так, усёй сям’ёй”.

Спадар: “Мы, дарэчы, з Гародні прыехалі”.

Карэспандэнтка: “Што гэта вам дае?”

Спадарыня: “Здароўя неяк дадаецца. Бывае хворы раніцай прачнесься, а пойдзеш у царкву й ужо па-іншаму зусім”.

Каб пакланіцца мошчам сьвятога, многія людзі прастойвалі не адну гадзіну.

Карэспандэнтка: “Я так разумею, што вы ўжо выйшлі з царквы?”

Спадарыня: “Так, выйшлі. І вы ведаеце, такія ўражаньні – да сьлёз праймае, калі прыкладаесься да гэтых мошчаў. Так добра ўсё арганізавана і людзі такія паважныя, вельмі ветліва адносяцца. Такая добрая атмасфэра, мы вельмі задаволеныя. А прыехалі мы з Баранавічаў – мама, дочкі – усе”.

Спадарыня: “Вось заадно спаткаліся са сваякамі. Усё добра, дзякуем”.

Карэспандэнтка: “Вы ўпершыню бачыце такое?”

Спадарыня: “Так, упершыню. І ведаеце, такое хваляваньне, што аж ногі падкошваюцца. Нам усё вельмі спадабалася”.

“Расейцы дзівіліся, наколькі больш людзей прыходзіць у Беларусі, чым у Маскве і Санкт-Пецярбурзе”

Раней у Менску пабывалі мошчы Яна Хрысьціцеля, а таксама Андрэя Першазваннага. Мошчы сьвятога Лукі таксама былі дастаўленыя ў Беларусь з Грэцыі праз Украіну і Расею. І гэта вялікая падзея для ўсіх хрысьціянаў краіны, кажа настаяцель царквы, айцец Ігар Карасталёў:

“Канечне, для Беларусі вялікае значэньне мае гэтае наведваньне. Прычым, гэтыя мошчы шануюць ня толькі праваслаўныя, тут шмат і каталікоў. І радасьць яшчэ ў тым, што прыязджаюць пакланіцца людзі з самых розных мястэчак Беларусі. Дарэчы, падчас папярэдніх візытаў расейцы дзівіліся, наколькі больш людзей прыходзіць у Беларусі, чым у Маскве і Санкт-Пецярбурзе. Гэта значыць, што мы захавалі сваю веру. І я, канечне, спадзяюся, што з дапамогаю сьвятых угоднікаў нашая радзіма будзе квітнець. І мы будзем шчасьлівыя на гэтай зямлі”.

Доступ для пакланеньня мошчам эвангеліста Лукі будзе доўжыцца да 12 ліпеня. У гэты ж дзень яны будуць вернутыя ў Грэцыю на месца сталага захоўваньня на гары Афон.

Апостал Лука ёсьць адным з найбольш шанаваных сьвятых сярод вернікаў-хрысьціянаў. Урач паводле прафэсіі, ён стаў аўтарам аднаго з чатырох Эвангельляў. Лука таксама стварыў першыя абразы Панны Марыі.


Пакланеньне мошчам сьвятога эвангеліста Лукі, Менск, 9 ліпеня 2007 г.
Чаргу кантралявалі супрацоўнікі міліцыі і АМАПу

Пакланеньне мошчам сьвятога эвангеліста Лукі, Менск, 9 ліпеня 2007 г.
Чаргу кантралявалі супрацоўнікі міліцыі і АМАПу

Пакланеньне мошчам сьвятога эвангеліста Лукі, Менск, 9 ліпеня 2007 г.
Чарга каля ўваходу ў царкву

Пакланеньне мошчам сьвятога эвангеліста Лукі, Менск, 9 ліпеня 2007 г.
Чарга каля ўваходу ў царкву

Пакланеньне мошчам сьвятога эвангеліста Лукі, Менск, 9 ліпеня 2007 г.
Пакланеньне саркафагу з мошчамі сьв. Лукі

Пакланеньне мошчам сьвятога эвангеліста Лукі, Менск, 9 ліпеня 2007 г.
Малітва перад абразом сьвятога

Пакланеньне мошчам сьвятога эвангеліста Лукі, Менск, 9 ліпеня 2007 г.
Малітва перад царквой
XS
SM
MD
LG