Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы могуць цяпер працаваць у Польшчы без адмысловага дазволу


Альгерд Невяроўскі, Менск Міністэрства працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы прыняло рашэньне, якое дае права грамадзянам суседніх краінаў, у тым ліку і Беларусі, легальна працаваць у Польшчы тэрмінам да трох месяцаў без адпаведнага дазволу ўладаў. Беларускія гастарбайтэры спадзяюцца, што гэтае рашэньне спросьціць іх жыцьцё і побыт. Але экспэрты ня лічаць, што гэтае рашэньне выкліча масавы ад’езд беларусаў на заробкі ў суседнюю краіну.

Адпаведнага дазволу польскіх уладаў на працу беларускіх сэзонных працаўнікоў цяпер не патрабуецца. Для атрыманьня беларусу працоўнай візы, паводле нядаўняга рашэньня, падпісанага міністрам працы і грамадзкай палітыкі Ганнай Калятай, цяпер ужо хапае толькі запрашэньня ад польскага працадаўцы. Грамадзяне Беларусі такім чынам могуць легальна працаваць у Польшчы тры месяцы, і гэты тэрмін можа працягвацца на чарговы квартал. Зьмены ў польскім заканадаўстве тычацца найперш сэзонных рабочых, а таксама студэнтаў і журналістаў.

Рашэньне польскага ўраду дадасьць упэўненасьці звольненым па палітычных матывах

У Польшчы працуе нямала рабочых з краінаў Усходняй Эўропы, у тым ліку і беларусаў. Адзін зь іх – былы дэпутат Вярхоўнага Савету ад апазыцыі БНФ з Ваўкавыску Мікалай Аксаміт. У рамках праграмы дапамогі палітычным рэпрэсаваным у Беларусі ён ужо некалькі месяцаў працуе на будоўлях Варшавы:
М.Аксаміт: “Людзі, якія згубяць працу на радзіме па палітычных матывах, ужо маюць нейкія гарантыі, што гэта ўжо ня так страшна”.
“Што зрабілі дазвол на тры месяцы – гэта добра. Людзі, якія згубяць працу на радзіме па палітычных матывах, ужо маюць нейкія гарантыі, што гэта ўжо ня так страшна. Бо калі ты згубіў працу ў Беларусі, то гэта ўжо ўсё. Адзінае, каб гэта толькі былі добрасумленныя фірмы. Бо тут хапае фірмаў, якія бяруць на працу, а грошы плаціць ня хочуць. Ёсьць і такое, на вялікі жаль, мы з такім таксама сутыкнуліся”.

Мікалай Аксаміт спадзяецца, што афіцыйнае скасаваньне дазволу на працу для ўсходніх рабочых з боку ўладаў Польшчы зробіць іх становішча больш пэўным.

Міністэрства працы Польшчы: у нас не хапае рабочых і спэцыялістаў

У Міністэрстве працы Польшчы тлумачаць такую палёгку для ўсходніх рабочых тым, што ў іх краіне не хапае адмысловых спэцыялістаў у галінах будаўніцтва, сельскай гаспадаркі ды іншых. Бо многія палякі, што працавалі ў гэтых сфэрах, выехалі па заробкі на Захад.

Былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў вітае такое рашэньне польскіх уладаў. Але ён ня лічыць, што ліквідацыя дазволу на працу выкліча масавы ад’езд беларускіх рабочых на заробкі ў Польшчу:
А.Сасноў: “Туды можа малады паехаць. А хто з маладых хоча так працаваць? Хіба што толькі на будоўлях”.
“Праца ў Польшчы прывабней, чым праца на сельскагаспадарчых прадпрыемствах Беларусі. Там і грошай болей. Але, па-першае, частка палякаў ня вельмі добра ставіцца да гастарбайтэраў. Яны іх лічаць ніжэйшымі за сябе. А другое – той, хто здольны працаваць у беларускай сельскай гаспадарцы, такі зацюканы, што туды не паедзе. Туды можа малады паехаць. А хто з маладых хоча так працаваць? Хіба што толькі на будоўлях”.

На жаль, не ўдалася атрымаць ніякай дадатковай інфармацыі на гэтую тэму ні з польскага Міністэрства працы, ні з кансуляту гэтай краіны ў Менску. Таму пакуль не вядома, ці атрымліваюць ужо беларусы рабочыя візы паводле новых правілаў.

Шэнгенская зона набліжаецца да Беларусі, 21.06.2007 Горадня: вялізныя чэргі на польскія цягнікі, 21.03.2007
XS
SM
MD
LG