Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – аб’ект жорсткай крытыкі “Кіеўскай дэклярацыі”


Ігар Карней У Кіеве, дзе сёньня завяршыла працу сэсія Парлямэнцкай асамблеі (ПА) АБСЭ, ухваленая рэзалюцыя па сытуацыі ў Беларусі. У прыватнасьці, утрымліваецца заклік да беларускіх уладаў вызваліць палітзьняволеных, правесьці незалежнае расьсьледаваньне спраў зьніклых апанэнтаў рэжыму, забясьпечыць свабоду СМІ і няўрадавых арганізацый, а таксама ўнесьці папраўкі ў выбарчае заканадаўства. Калі беларускія апазыцыйныя лідэры падтрымалі рэзалюцыю, то афіцыйныя палітыкі назвалі дакумэнт “несправядлівым”.

Лідэры дэмакратычных рухаў, якія прадстаўлялі Беларусь на сэсіі ПА АБСЭ ва Ўкраіне, вярнуліся ў Менск напярэдадні. Як сказаў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, галоўнай задачай было пралабіяваць пытаньне ў Камітэце па палітычных пытаньнях і бясьпецы ПА АБСЭ пры канцы мінулага тыдня. “А яшчэ не было прэцэдэнту, каб рэзалюцыя, якая прайшла праз Камітэт, потым не была прынятая”, -- канстатаваў Лябедзька. Сёньня бальшынёй галасоў рэзалюцыя па Беларусі, якая ёсьць складнікам агульнага дакумэнту пад назвай “Кіеўская дэклярацыя”, была ўхваленая.

А. Лябедзька: “Іх пазыцыя была вельмі слабая”

Афіцыйная дэлегацыя ў складзе намесьніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Сяргея Забалотца і кіраўніцы камісіі ў заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Савета Рэспублікі Натальлі Андрэйчык намагаліся да апошняга не дапусьціць прыняцьця рэзалюцыі. Як кажа Анатоль Лябедзька, нягледзячы на пэўныя тэхнічныя перавагі над апазыцыяй, іх высілкі былі марныя:

“У іх, з аднаго боку, была перавага, бо яны непасрэдна маглі ўдзельнічаць у абмеркаваньні, адстойваць сваю пазыцыю па кожным пункце. Мы маглі працаваць толькі ў кулюарах і спадзявацца на моц сваіх аргумэнтаў. Палеміка была больш завочная паміж намі, але калі агучыць, што гаварыў на канфэрэнцыі Забалоцец – маўляў, у нас няма палітычных вязьняў, што ў нас няма праблемаў з выбарамі, выбары прайшлі дэмакратычна і гэта зафіксавалі дзесяткі тысяч назіральнікаў, то ў гэта цяжка верыць усім, хто больш-менш цікавіцца сытуацыяй у Беларусі. Таму што АБСЭ наглядала і давала ацэнку тым жа выбарам. А наконт палітычных вязьняў ці скрадзеных – гэта ўжо абсалютна вядомыя факты. І калі мікшаваць гэта, то пазыцыя ў іх была вельмі слабая”. В. Вячорка: “За сем гадоў – ніякіх зрухаў”

Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка нагадвае, што беларускія ўлады так і не выканалі патрабаваньняў, агучаных АБСЭ яшчэ напачатку тысячагодзьдзя:

“Беларусь брала на сябе ў 2000 годзе на саміце АБСЭ ў Стамбуле зусім пэўныя абавязкі. Гэта знакамітыя чатыры ўмовы АБСЭ: дэмакратычныя выбары, паўнаўладны парлямэнт, свабода сродкаў інфармацыі і скасаваньне атмасфэры страху. І Беларусі нагадалі, што ніводнага з гэтых пунктаў яна не выканала. І заклікалі, дарэчы, прыняць прапановы Эўрапейскай камісіі, што на маю думку, вельмі пазытыўны і своечасовы крок таксама. Хаця афіцыйная дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў і спрабавала зьняць з разгляду наагул фрагмэнт, прысьвечаны Беларусі, ці выпусташыць яго праз папраўкі, гэта ні да чаго не прывяло. Як ні да чаго, акрамя сораму, не прывяла іх адсутнасьць на круглым стале па Беларусі, які праводзіла група на чале з Утай Цапф”.

С.Касьцян: “Рэзалюцыя – чарговае “кітайскае папярэджаньне”

Згаданая спадарыня Андрэйчык у сваім выступе на сэсіі ПА АБСЭ заявіла, што такое супрацьпастаўленьне Беларусі іншым – няправільнае і несправядлівае. Паводле Андрэйчык, праблемы выкананьня абавязацельстваў перад АБСЭ маюцца ва ўсіх краінах, а дэмакратызацыя – гэта “эвалюцыйны працэс”. А дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян перакананы: падобныя рэзалюцыі эўраструктуры выдаюць пераважна для “ўнутранага спажываньня”:

“Я гэта расцэньваю як сто пяцідзесятае “кітайскае папярэджаньне”. Таму да гэтага ўсяго стаўлюся абсалютна спакойна, халоднакроўна дый, пэўна, гэтак жа, як і ўся краіна. Гэта ўжо стала традыцыяй, ім больш няма чаго сказаць. Але няхай яны зоймуцца разьвіцьцём дэмакратыі ў сябе, у сваіх уласных краінах, а ўжо потым будуць раіць, што рабіць нам. Усе мы сьведкі, дзякуй Богу, зараз кантактуем, бачым, ведаем і інфармаваныя: дзе, што і як? Таму нічога новага яны нам не адкрылі”.
16-я штогадовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ праходзіла ў Кіеве 5-9 ліпеня. У ёй бралі ўдзел блізу 300 парлямэнтароў з 56 краінаў АБСЭ.
XS
SM
MD
LG