Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анонс падзеяў тыдня: 9 – 15 ліпеня


Юлія Шарова, Менск

9 ліпеня, панядзелак

У Кіеве, дзе завяршаецца сэсія Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, пройдзе галасаваньне па так званай “кіеўскай дэклярацыі”. У гэты дакумэнт адным з разьдзелаў увойдзе й рэзалюцыя пра сытуацыю ў Беларусі. Ці будзе яна прынятая, залежыць ад таго, як прагаласуюць дэпутаты Парлямэнцкай Асамблеі.

“У Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ёсьць тры тэматычныя камітэты, – апавядае старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка. – Беларускую справу разглядаў так званы першы камітэт – у пытаньнях палітыкі й бясьпекі. Дарэчы, лягічна, што тэмы энэргетыкі й Беларусі разглядаліся як цэлае. У гэтым ёсьць свая лёгіка: без нармальнай і прадказальнай, дэмакратычнай Беларусі немагчыма захаваць энэргетычную бясьпеку ўсяго кантынэнту”.

*** 8 – 12 ліпеня, нядзеля-чацьвер

Да 12 ліпеня ў Менску будуць знаходзіцца мошчы сьвятога Лукі, якія прывёз Фонд Андрэя Першазванага. Фонд пэрыядычна прывозіць у Расею, Беларусь і Ўкраіну праваслаўныя сьвятыні.

Апавядае прэсавы сакратар мітрапаліта Менскага й Слуцкага Філарэта Андрэй Петрашкевіч:

“Гэта падзея, якая мае вялікае значэньне ня толькі для трох народаў Расеі, Беларусі і Ўкраіны, але й для ўсяго праваслаўнага сьвету, бо сьвятыні вяртаюцца да людзей і людзі вяртаюцца да сьвятыняў. Пра гэта будуць сьведчыць тыя велічэзныя чэргі на пакланеньне, якія выстаўляюцца ў беларускай сталіцы кожны раз, калі сьвятыя мошчы прыбываюць на нашую зямлю”.

*** 11 ліпеня, серада

У сьвеце адзначаецца Дзень народанасельніцтва. На думку эканаміста Аляксандра Саснова, былога міністра працы, цяперашнія дэмаграфічныя працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, немагчыма кантраляваць палітычнымі захадамі:

“Дэмаграфічнае становішча ў Беларусі амаль не адрозьніваецца ад становішча ў суседніх краінах. Там тое ж самае – што ў заможных краінах Эўропы, што ў такіх бедных краінах, як нашая ці іншыя. Нараджальнасьць зусім ня тая, што патрэбная. І тыя захады, што робіць беларускі ўрад, амаль нічога ня зьменяць”.

*** 12 ліпеня, чацьвер

Пачынаюцца ўступныя экзамэны ў беларускія ВНУ мастацтваў. Сярод такіх ВНУ – Беларускі ўнівэрсытэт культуры.

Выкладчык унівэрсытэту Алег Трусаў разважае пра падрыхтоўку цяперашніх абітурыентаў:

“Там дзе, напрыклад, спэцыяльнасьці мастацкія, дык яны там яшчэ здаюць нешта дадатковае. А на астатніх мы наагул ня ведаем, хто да нас прыйдзе. Хто прыйдзе – таго й вучыць будзем, яны ж тэсты здаюць цяпер. Адзінае як выкладчык магу сказаць, што сыстэма тэстаў загубіць нашую вышэйшую адукацыю. Я за тое, каб як мага хутчэй гэтыя тэсты адмяніць”.

*** Да канца тыдня ў Віцебску будзе праходзіць міжнародны музычны фэстываль “Славянскі базар”. Сёлета ў ім удзельнічаюць прадстаўнікі 32 краінаў.

Ці можна назваць фэстываль імпрэзай усясьветнага маштабу, разважае лідэр гурту “НРМ” Лявон Вольскі:

“Усясьветны ці не ўсясьветны? Шмат было людзей нават з Эўропы, але ўзроўню “зоркі” Патрысіі Каас, якая цяпер ня першай велічыні, ніхто нават і блізка не сягаў, судзячы з выступаў. А паводле пампэзнасьці ды грашовых ўкладаньняў, то гэта вельмі-вельмі багатае й бюджэтнае мерапрыемства. Гэта відаць адразу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG