Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты ўшанавалі памяць Зьмітра Завадзкага


Любоў Лунёва, Менск 7 гадоў таму, 7 ліпеня 2000 году, пры нявысьветленых абставінах зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Сьледзтва і суд дагэтуль не далі адказу на пытаньне, які лёс беларускага журналіста. Калегі Зьмітра сабраліся сёньня каля пад’езду дома, адкуль журналіст выйшаў апошні раз. Дзень зьнікненьня Зьмітра Завадзкага яны назвалі Днём сумленьня беларускіх журналістаў.

Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў з розных недзяржаўных выданьняў, а таксама калегі Зьмітра Завадзкага зь менскага карпункту ОРТ сабраліся каля пад’езду дома № 70 на вуліцы Данілы Сердзіча. Адсюль сем гадоў таму выйшаў Зьміцер Завадзкі і накіраваўся да свайго аўтамабіля, каб ехаць у аэрапорт сустракаць Паўла Шарамета. Хто і ў якім месцы выкраў Зьмітра – дагэтуль невядома.

У аэрапорце знайшлі машыну апэратара. Яе дагляд нічога ня даў сьледчым – злачынцы зьнішчылі ўсе адбіткі пальцаў. Суд пакараў зьняволеньнем так званую “групоўку Ігнатовіча”. Злачынцам, у склад якіх трапілі былыя спэцназаўцы, апроч іншых цяжкіх злачынстваў інкрымінавалі выкраданьне Зьмітра Завадзкага. Але суд так і ня высьветліў, што зь ім здарылася і дзе ён знаходзіцца.

Першы расейскі тэлеканал штогод узнагароджвае журналістаў прэміяй імя Зьмітра Завадзкага за мужнасьць і прафэсійнасьць.

Сёньня журналісты ўсталявалі карзіны з кветкамі і партрэты Зьмітра Завадзкага з патрабаваньнем даць адказ, дзе іх калега. Да журналістаў далучылася маці Зьмітра Вольга Рыгораўна:

"Канечне, на сёньняшні дзень цяжка спадзявацца, што гэта ўсё адкрыецца. Але надзея памірае апошняй – усё зьмяняецца..."

Маці Зьмітра Завадзкага Вольга; партрэт Зьмітра Завадзкага перад домам, дзе ён жыў да свайго зьнікненьня, 7-я гадавіна
Вольга Завадзкая

Гаворыць карэспандэнт менскага карпункту ОРТ Зьміцер Наважылаў:

"Я зьвярнуў увагу, што з кожным годам усё менш і менш людзей зьбіраецца, памятае пра гэтую дату, пра тое, што Дзіма быў і што цяпер яго няма. Балюча, вельмі балюча".

Калегі Зьмітра Завадзкага перад домам, дзе ён жыў да свайго зьнікненьня, 7-я гадавіна

Журналіст Уладзімір Дзюба зьвярнуўся да прысутных:

“Для многіх маіх калег, для мяне асабіста – гэта яшчэ і дзень прафэсійнага сумленьня. Гэты дзень – яшчэ адзін напамін тым, якія сядзяць ва ўладных кабінэтах, якія абяцалі расьсьледаваць гэтае злачынства, але ж нічога не зрабілі. Дзеля нашай прафэсіі мы павінны рабіць справу – пісаць, здымаць тыя кадры, тыя стужкі, якія не пасьпеў зьняць Дзіма".

Партрэты і кветкі журналісты пакінулі каля пад’езду. Жыхары дому запэўнілі іх, што памятаюць пра Дзіму і спадзяюцца, што ў хуткім часе стане вядомы ягоны лёс.

Партрэт Зьмітра Завадзкага перад домам, дзе ён жыў да свайго зьнікненьня, 7-я гадавіна

Партрэт Зьмітра Завадзкага перад домам, дзе ён жыў да свайго зьнікненьня, 7-я гадавіна

Сёньня – шэсьць гадоў з дня зьнікненьня Зьмітра Завадзкага 07.07.2006 “Рэпартэры бязь межаў” нагадваюць пра лёс Зьмітра Завадзкага 07.07.2005
XS
SM
MD
LG