Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нямеччына: паліцыя забараніла везьці дзяцей у Менск на беларускім аўтобусе


Радыё Свабода Нягледзячы, на ўсе просьбы беларускіх кіроўцаў, супрацоўнікі дарожнай паліцыі фэдэральнай зямлі Паўночны Рэйн – Вэстфалія не дазволілі перавозку чарнобыльскіх дзяцей у Менск. Як вынікае з пратаколу, транспартны сродак зь Беларусі зьяўляецца “цалкам разьбітым і небясьпечным для шляху адлегласьцю ў 2000 км”.

Двухпавярховы аўтобус прыбыў у Тэкленбург зь Беларусі ў якасьці замены іншай машыне, якая трапіла ў аварыю, і мусіў забраць у Менск прыкладна 50 беларускіх дзяўчатак і хлопчыкаў. Гэтыя дзеці адпачывалі ў Вэстфаліі на запрашэньне мясцовага чарнобыльскага таварыства.

У часе пасадкі дзяцей і разьмяшчэньня іхнага багажу арганізатары адпачынку занепакоіліся некаторымі асаблівасьцямі машыны. З гэтай нагоды яны спэцыяльна запрасілі прадстаўнікоў транспартнай паліцыі, каб вызначыць, ці здолее аўтобус без праблемаў адолець шлях амаль у 2000 кілямэтраў.

Дзяцей адвезьлі ў Менск на нямецкім аўтобусе

У часе тэхнічнага дагляду было высьветлена, што машына цалкам іржавая, у ёй дрэнна працуюць тармазы, няправільна замацаваныя сядзеньні. Паводле экспэртаў, аўтобус можа рухацца выключна з дапамогай тросу. Такому транспартнаму сродку забаронена ехаць па аўтабане.

Паводле нямецкай дабрачыннай ініцыятывы “Дапамога Чарнобылю”, непрыгодны беларускі аўтобус замянілі на нямецкі, а беларускія дзеці былі пасьпяхова дастаўленыя дадому.

Як адзначаюць нямецкія дарожныя паліцыянты, яны не ўпершыню сустракаюцца з падобнымі праблемамі пры аглядзе беларускім турыстычных машынаў.


Беларускі аўтобус вонкава выглядаў у парадку да першага кантролю (Фота – Baar)
XS
SM
MD
LG