Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 30.06.2007 - 06.07.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Што кажуць, тое і раблю. Скажуць дошкі цягаць, буду дошкі цягаць. Скажуць крукі навешваць для пад’ёму матэрыялаў, “майна” –“віра”, буду навешваць. Скажуць капаць, буду капаць. Скажуць закопваць, буду закопваць”.

Артур Фінькевіч, моладзевы актывіст, асуджаны да абмежаваньня волі («хіміі») за ўдзел у «Маладым Фронце» – пра сваю працу на будоўлі аграгарадку ў гаспадарцы «Зара».

“Я, шчыра кажучы, прынцыповай розьніцы паміж Пуціным і Ельцыным у стаўленьні да Беларусі ня бачу. Проста гэтыя кіраўнікі выконвалі розныя этапы экспансіі Расеі на Беларусь”.

Сьвятлана Калінкіна, шэф-рэдактар газэты “Народная воля” – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“Я ўжо чую галасы з ЗША, што мы тут супраць вас нешта зробім эканамічна. Калі толькі такія рэчы хоць найменшым спосабам будуць з боку ЗША, мы зробім самыя жорсткія захады адносна тых прадпрыемстваў і калектываў, якія сёньня працуюць на тэрыторыі Беларусі з боку ЗША”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – з прамовы на ўрачыстым сходзе з нагоды афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня.

“Вядома, што рэвалюцыя зьядае ўласных дзяцей. Рэформы, у гэтым сэнсе, ня менш пражэрлівыя. Палітык, які стаў на шлях рэформаў, мае мала часу, бо правесьці іх трэба так, каб ніхто не пасьпеў апамятацца. Прычым, ён вымушаны сысьці з палітыкі. Так было ў Польшчы, дзе аўтар рэформаў Бальцаровіч хутка сышоў. Так было ў Расеі, дзе такі ж лёс напаткаў каманду Гайдара. У нас я ня бачу ніякіх аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў, каб Лукашэнка стаў на шлях рэформаў”.

Канстанцін Скуратовіч, эканамічны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» - у перадачы «Экспэртыза Свабоды».

“Варыянты ёсьць. Першае – набраць пазыкі ўнутры краіны, у прадпрыемствах альбо ў грамадзянаў. Я яшчэ памятаю, як гэта рабіў таварыш Сталін – аблігацыі дзяржаўнай пазыкі, на якія ў бацькоў забіралі траціну заробку. Так што можна выпусьціць аблігацыйную пазыку “За багатую Беларусь”, без усялякіх намераў вяртаць грошы. Але людзі ня надта кідаюцца”.

Міхась Залескі, эканаміст – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”.

“Карты здадзеныя, можна пачынаць гульню. Але вельмі хацелася б, каб мы гулялі ў адну і тую ж гульню”.

Уладзімір Пуцін, прэзыдэнт Расеі – пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам у Кенэбанкпорце.

“Лукашэнка хваліць Чавэса, каб атрымаць нейкія дывідэнды. У красавіку гэтага году беларускі лідэр казаў журналістам: “Роля Уга Чавэса неацэнная. Ён матор і лякаматыў усясьветнага разьвіцьця”. Але я думаю, што з гэтым маторам мы далёка не заедзем”.

Аляксандар Старыкевіч, рэдактар газэты «Салідарнасьць» – у перадачы «Экспэртыза Свабоды» пра візыт у Беларусь прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса.

“Пакуль нібыта зацішша перад бурай. Магчыма, нешта й будзе. Разумееце, не магу казаць, што нешта сур’ёзнае, так, розная дробязь. Волю калі даеш... Культуры ж у нас пакуль што няма”.

Супрацоўнік дзяжурнай часткі МУС – у дзень сьвяткаваньня афіцыйнага Дня незалежнасьці 3 ліпеня.

“Сьледчы паведаміў, што я пераводжуся са стану падазраванага ў стан абвінавачанага. У прынцыпе, нічога дзіўнага ў гэтым я ня бачу. Хутка ўжо й скончыцца двухмесячны тэрмін, які даецца пракурорам і сьледчым. З улікам таго, што Беларусь страціла прэфэрэнцыі, цяпер няма ніякіх важкіх аргумэнтаў Эўразьвязу, каб уплываць на сытуацыю ў Беларусі. І няма ніякіх падставаў, каб улады лібэралізаваліся зноў, як на пачатку лета”.

Іван Шыла, моладзевы актывіст – наконт заведзенай супраць яго крымінальнай справы па абвінавачваньні ва ўдзеле ў дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі.

“Хто вінаваты?”, “Што рабіць?”, “Хто каго?”, “Хто там ідзе?”... Вінаватыя мы самі. І мы самі ў першую чаргу мусім несьці адказнасьць і каяцца за той стан, у якім знаходзіцца зараз краіна”.

Павал Севярынец, палітык, былы палітзьняволены – падчас прэзэнтацыі кнігі «Брату».
XS
SM
MD
LG