Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму З.Дашкевічу не даюць доўгатэрміновых спатканьняў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чаму за 7 месяцаў знаходжаньня ў Шклоўскай калёніі Зьміцер Дашкевіч не атрымаў ніводнага доўгатэрміновага спатканьня са сваякамі? Артуру Фінькевічу адмовілі ўва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Ці была ў калёніі бойка Аляксандра Казуліна зь міліцыянтам? Чаму няма лістоў ад Андрэя Клімава?

Доўгатэрміновае спатканьне Зьмітра Дашкевіча з бацькамі, заплянаванае на ліпень, не адбудзецца. Адмовай у спатканьні пакарала вязьня адміністрацыя Шлоўскай калёніі. Пра гэта бацькі Зьмітра Дашкевіча даведаліся зь ягонага ліста, які атрымалі 6-га ліпеня. Пра прычыны пакараньня ў лісьце было напісана вельмі коратка, кажа бацька актывіста Вячаслаў Дашкевіч:

“За што? Піша, што камісія нібыта адзначыла, што да працы ставіцца добрасумленна, але па-ранейшаму ёсьць парушэньні. То ў выкананьні рэжыму, то ў адзеньні. Больш нічога не паведамляе”.

Апошні раз Дашкевічы бачыліся з сынам у красавіку, калі той лячыўся ў менскім турэмным шпіталі. Увогуле ў калёніі Зьміцер ужо болей за 7 месяцаў, а доўгатэрміновыя спатканьні паводле ягонага рэжыму мусяць даваць 3 разы на год. Бацькі актывіста лічаць, што гэтае правіла адносна іх сына не вытрымліваюць. На яго наўмысна накладаюць пакараньні, каб зрабіць больш пакорлівым, кажа Вячаслаў Дашкевіч. Бацькі актывіста вельмі разгубленыя, што ня ўбачацца з сынам у ліпені, як яны чакалі.

Лідэра “Маладога фронту” асудзілі на 1,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ўва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі.

Фінькевічу адмовілі ў датэрміновым вызваленьні – за “дрэнныя паводзіны”

Артуру Фінькевічу паведамілі, што ягоная скарга на адмову ўва ўмоўна-датэрміновага вызваленьні не задаволеная. Скаргу ад імя вязьня накіроўваў адвакат Аляксандр Галіеў. Гэтае рашэньне ў дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС патлумачылі дрэннымі паводзінамі Фінькевіча.

Між тым маладзёвы актывіст кажа пра прыдзіркі да яго з боку адміністрацыі. Гэтак, Артур згадвае, што апошняе пакараньне на яго наклалі за тое, што пасьля адбою зайшоў у суседні пакой, каб папрасіць лекі. Нагадаю, два гады “хіміі”, якімі суд пакараў Артура Фінькевіча за графіці палітычнага зьместу, заканчваюцца сёлета ў сьнежні. Аднак за новыя парушэньні актывіста могуць накіраваць яшчэ на пэўны час у калёнію.

“Лістоў няма ўжо месяц”

Што з вязьнямі адбываецца ў калёніі, часта становіцца вядома ўжо пасьля адбыцьця пакараньня. Днямі прыйшлі зьвесткі, нібыта Аляксандра Казуліна ў калёніі зьбіў супрацоўнік адміністрацыі. Пра гэта паведамілі былыя вязьні. Але адміністрацыя калёніі “Віцьба-3”, дзе ўжо амаль год трымаюць былога кандыдата на прэзыдэнта, гэтыя зьвесткі абвяргае.

Сам Аляксандр Казулін ужо шмат часу лістоў дамоў не пісаў, што ягоныя сваякі лічаць вельмі падазроным. Кажа дачка Юля:

“Лістоў няма ўжо месяц. Мы вельмі хвалюемся з гэтай прычыны і сказаць нічога пакуль ня можам”.

Паводле Юлі Казулінай, на наступным тыдні паехаць да бацькі зьбіраецца ягоны адвакат.

Працягваецца інфармацыйны вакуум і вакол былога дэпутата Андрэя Клімава, якога трымаюць у менскім сьледчым ізалятары ўжо болей за тры месяцы. Клімава падазраюць у распаўсюджваньні заклікаў супроць дзейнай ўлады. Яшчэ тры тыдні таму Клімаў зь менскага турэмнага шпіталя патрапіў у мэдычны пункт сьледчага ізалятару. Адтуль ад яго зьвестак сябрам не было, кажа калега Клімава па Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігар Шынкарык.

Магілёў: скаргі Артура Фінькевіча не задаволілі 03.07.2007 Зьмітру Дашкевічу адмовілі ўва датэрміновым вызваленьні 29.06.2007 Чаму Аляксандр Казулін адмаўляецца ад шпіталізацыі? 14.06.2007
XS
SM
MD
LG