Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане Беларусь пятай зонай расейскага гульнявога бізнэсу?


Ігар Карней, Менск Ад 1 ліпеня ў Расеі забаронена праца заляў, дзе месьціцца да 50 гульнявых аўтаматаў, а да канца 2008-га ўсе расейскія казіно пераедуць з буйных гарадоў у адмысловыя “рэзэрвацыі”. На ўсю Расею вызначаныя чатыры “зоны”: у Прыморскім, Алтайскім і Краснадарскім краях, а таксама ў Калінінградзкай вобласьці. Прадстаўнікі беларускага гульнявога бізнэсу не выключаюць: каб сыграць у рулетку, у карты ці на аўтаматах, расейцы пачнуць ехаць у Беларусь. Ці прыйдзе ў сувязі з гэтым у краіну расейкі гульнявы бізнэс? Што думаюць уладальнікі беларускіх казіно пра магчымую канкурэнцыю?

Летась за навядзеньне парадку ў гульнявым бізнэсе ўзяўся асабіста прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Паводле яго, у гэтай сфэры абарочваюцца мільярды даляраў, не абкладзеных падаткамі. Пуцін параўнаў залежнасьць ад рулеткі з алькагалізмам і наркаманіяй, што пагражае генафонду Расеі. Прэзыдэнцкую заклапочанасьць падтрымаў намесьнік кіраўніка Дзярждумы Ўладзімер Жырыноўскі, які першы выказаўся за тое, каб казіно (па аналёгіі з папраўчымі ўстановамі), перанесьці ў аддаленыя рэгіёны.

Ці пераўтворыцца Менск у “запасны аэрадром” Расеі?

Уладальнік сеткі казіно “Данькофф” прадпрыемства “Джорджык і К” Юрый Данькоў пазыцыю кіраўніцтва Расеі лічыць памылковай. Аднак кажа, што пакуль ня бачыць пагрозы прыходу на гульнявы рынак Беларусі расейскага капіталу.

“Няма там насамрэч моцнага апанэнта. Адказаць на абвінавачаньне, маўляў, куды ты патраціў грошы – дык гэта заўсёды можна патлумачыць. Што гэта за паказьнік? Але, я вам скажу, цяпер наўрад ці што можна толкам зразумець. Дый за чым тут назіраць? Што можна сёньня прагназаваць? Працэс толькі ідзе. І самі падумайце: хто захоча даводзіць да беспарадку штосьці, дзесьці і ў чымсьці?”

Круп’е аднаго зь менскіх казіно дадае, што беларусам асабліва няма чаго турбавацца наконт магчымай канкурэнцыі і па іншай прычыне – казіно ў Беларусі і без таго трымаюць пераважна замежнікі:

“Ніякіх размоваў пакуль няма, таму што няшмат беларусаў, якія трымаюць тут, у нас, казіно. Туркі, тыя ж расейцы колісь паадкрывалі казіно. Таму тут ужо ёсьць шмат іншых. Так што беларусы ў гэтым сэктары і без таго ў меншасьці. А таму і размоваў наконт канкурэнцыі гэтаксама не вядзецца. Пакуль усё, як і раней”.

Ад Масквы да Менску бліжэй, чым да іншай “рэзэрвацыі”

У 2009 годзе ў большай часткі кампаній, якія трымаюць казіно, сканчаюцца ліцэнзіі. І калі раптам Міністэрства спорту і турызму іх не працягне, нішу на рынку могуць заняць расейскія канкурэнты. Некаторыя бізнэсоўцы спадзяюцца, што беларускія ўлады не зацікаўленая ў масавым прытоку канкурэнтаў.

Мае суразмоўцы не выключаюць, што больш частымі гасьцямі ў Беларусі стануць расейскія гульцы. Ад той жа Масквы да Менска бліжэй, чым да іншых, выбраных для дысьлякацыі казыно месцаў у Калінінградзе, Краснадары, ня кажучы пра Алтай ды Прымор’е.

Аднак у Беларусі на дзяржаўным узроўні гатовыя да ўсіх праяваў экспансіі расейскага інтарэсу да Беларусі, – заявіў адказны за гульнявы сэктар у Міністэрстве спорту і турызму Вадзім Солапаў:

“Дзяржава думае над гэтым пытаньнем. На Савеце бясьпекі такое пытаньне неаднаразова ўзьнікала, ідуць зьмены заканадаўства ў гэтай галіне. Разглядаецца пытаньне новага ўказу прэзыдэнта і новай пастановы Савету міністраў па гульнявым бізнэсе. Так што зрухі ня тое, што павінны адбыцца, а яны ўжо ёсьць. З улікам, што штосьці зьмяняецца ў Расеі, нешта будзе зьмяняцца і ў нас. І гэта будзе хутка. Канкрэтна па тэрмінах сказаць не магу, але ў вельмі агляднай будучыні. І гэта робіцца сыходзячы пераважна з таго, што ў Расеі ідуць навацыі – каб адэкватна адрэагаваць на ўсе зьмены з улікам нашай беларускай спэцыфікі і інтарэсаў”.

Ляс-Вэгасу ў Глыбокім ня будзе?

Дзейнасьць клюбаў і казіно рэгулюецца прэзыдэнцкім Дэкрэтам і адпаведнымі пастановамі Савету Міністраў. У іх – ня толькі сьпіс інструкцый пра ўмовы дзейнасьці, але і правілы рулеткі ды картачных гульняў.

Цяпер ліцэнзіі на гульнявы бізнэс маюць два дзесяткі фірмаў. Па ўсёй Беларусі яны ўтрымліваюць 230 заляў гульнявых аўтаматаў і больш за 30 казіно. Пры гэтым палова аўтаматаў і траціна казіно месьціцца ў Менску, дзе адпаведныя ліцэнзіі маюць 13 установаў. Агулам на ўсе вобласьці Беларусі прыходзіцца 18 прадпрыемстваў, якія культывуюць гэты бізнэс.

Летась дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол выступіў зь ініцыятывай стварыць у Беларусі свой Ляс-Вегас. У якасьці пляцоўкі чыноўнік прапанаваў горад Глыбокае на Віцебшчыне, дзе ён балятаваўся ў дэпутаты. Аднак неўзабаве Хрол пайшоў на падвышэньне і стаў працаваць у структурах гэтак званай Саюзнай дзяржавы. Прасоўваць ідэю стварэньня беларускага Ляс-Вэгасу ў Глыбокім ня стала каму. Але нават калі Хрол агучыў сваю ідэю, мала хто да гэтага паставіўся сур''ёзна. У дзяржаўнай праграме аднаўленьня вёскі і стварэньня аграгарадкоў пра казіно і залі гульнявых аўтаматаў нічога не гаворыцца.

“Начная аБЛОГа” – 5 ліпеня Чым жыве беларускі гульнявы бізнэс?, 06.10.2006
XS
SM
MD
LG