Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“За мурам” – новы зборнік хрысьціянскай лірыкі паэта Зьніча


Севярын Квяткоўскі, Менск Філёзаф Алег Бембель, паэт Зьніч, праваслаўны манах айцец Мікалай – гэта імёны адной асобы. Дысыдэнт і патрыёт Беларусі. Аўтар зборнікаў “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”, “Рэха малітвы”, “Саната ростані”, “Малітвы за Беларусь”. Ад 1996 году Алег Бембель зьвярнуўся да праваслаўя. “За мурам” – першы зборнік Зьніча як духоўнай асобы.

Імпрэзу распачаў бард Андрэй Мельнікаў песьнямі на вершы Зьніча:

Мельнікаў: “...Было беларусам зь веку ў век: маліся, працуй, Гасподзь дапаможа... Госпадзе, немачным дапамажы...”

Прэзэнтацыя новай кнігі Алега Бембеля “За мурам”, Менск; Андрэй Мельнікаў
Імпрэзу распачаў Андрэй Мельнікаў

Прэзэнтацыя новай кнігі Алега Бембеля “За мурам”, Менск; Алег Бембель, Зьніч
Зьніч слухае свае вершы, пакладзеныя на дваравыя акорды

Зборнік “За мурам” мае падназву “Саната вяртаньня ў чатырох частках”. Аўтар прачытаў шмат сваіх новых вершаў.

Зьніч: “Беларусам”

...мала вернікаў засьпее Збаўца – калі прыйдзе ў Славе – Другі раз... на дай Божа—каб і сярод нас Ён засьпеў адных Хрыста-прадаўцаў...

...Божа, зразумець дапамажы – нам і ўсім зямным закона-даўцам: мы – у часе й вечнасьці – са Збаўцам... мы – і на Фаворы... й на Крыжы...”

Невялікае памяшканьне ПЭН-цэнтру не магло зьмясьціць усіх ахвочых, сярод якіх былі людзі самых розных генэрацыяў.

Прэзэнтацыя новай кнігі Алега Бембеля “За мурам”, Менск; Алег Бембель, Зьніч

Наведніца імпрэзы сп-ня Валерыя пра вершы Зьніча:

“У яго гучаць проста як музыка. Радасна, што чалавек, які пайшоў у манастыр, ён не зачыніўся там. Тое што за мурам, яно не застаецца толькі там, за мурам. Яно выходзіць у сьвет, і можа радаваць нас. Мы можам таксама думаць пра Бога, і пра нашу краіну, і разважаць на гэтую тэму”.

Арганізатар прэзэнтацыі Віталь Рымашэўскі:

“Гэтая імпрэза з шэрагу падобных ініцыятывы “Шлях да Беларусі”. Гэта ня першая наша імпрэза. Мы шмат рабілі сустрэчаў зь Андрэем Мельнікавым ды іншымі хрысьціянскімі бардамі. Мэта ініцыятывы – хрысьціянізацыя Беларусі і беларусізацыя царквы. Гэта адна з такіх сустрэчаў”.

Алег БЕМБЕЛЬ — нарадзіўся ў 1939 г. у Менску. Вучыўся ў Беларускай тэхнічнай акадэміі. У 1963 г. скончыў Менскую музычную вучэльню імя Глінкі. У 1963 г. — Беларускую акадэмію музыкі, у 1974 г. — асьпірантуру Інстытуту філязофіі й права АН Беларусі. Філёзаф, паэт, праваслаўны манах.
XS
SM
MD
LG