Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 6 ліпеня


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва.

На форумах парталу абмяркоўваюць тое, як Аляксандар Лукашэнка павіншаваў суайчыньнікаў з 125-годзьдзем зь дня нараджэньня Янкі Купалы. “Усё жыцьцё Янкі Купалы прасякнутае імкненьнем бачыць Бацькаўшчыну незалежнай, мірнай і магутнай дзяржавай. Сёньняшняя сувэрэнная Беларусь з высокім узроўнем эканамічнага, навуковага й культурнага разьвіцьця ёсьць увасабленьнем мараў вялікага песьняра”, – адзначыў Аляксандар Лукашэнка. Рэакцыі ўдзельнікаў форумаў.

"Ня мог Янка Купала марыць пра сучасны заняпад беларускай культуры, мовы. Проста балюча на сэрцы, як такое пачуеш".

“Якое неверагоднае крывадушша. Хоць калі гэта той, іншы Купала зь ліку тых, што й паэт Быкаў, вершы якога будучы прэзыдэнт вывучаў у школе, дык гэты Купала мог марыць пра цяперашнюю краіну Памяністага й пра Такую Беларусь”.

“Купала ў магіле напэўна перавярнуўся ад такога пэрла сучаснага Мікіты Зноска...”

“Сорамна за краіну, у якой такі твар”.

Воля Дудко на сайце блогаў піша пра свае ўражаньні ад наведваньня былой савецкай вайсковай базы ў Чэхіі. “Мы заходзім у пад’езд. Вакол цішыня й змрок… На парэпанай сьцяне каля лесьвіцы яшчэ можна разабраць надпіс: “При пожаре звонить 04”. Мы заходзім у пустую кватэру. Яшчэ зусім нядаўна тут жылі людзі, гэта сямнаццаць год таму. Пустыя пакоі з выбітымі вокнамі, са столі зьвісае фарба, са сьценаў – адыйшоўшыя шпалеры, прылепленыя на газэту “Советский солдат”, недзе яшчэ можна заўважыць рэшткі мэблі – вось і ўсё што засталося ў іх. У нейкім пакоі знаходзім стос газэтаў і скрыню ад пасылкі з адрасам, запыленую канапу, дзіцячыя кніжкі. Такія сюрэалістычныя малюнкі пасавалі б хіба да якога фільму пра канец сьвету. Нешта падобнае даводзілася чуць пра Чарнобыль. Але гэта ўсяго толькі сёньняшняя рэальнасць былой савецкай базы ў чэскім горадзе Міловіцэ”.

Блогер піша пра другі тур галасаваньня ў барацьбе за Першую прэмію ў беларускім сэгмэнце Жывога Журналу – прэмію Жэжэбай. “Цяпер напружаныя баталіі разгортваюцца ў дзесяцёх намінацыях (палітыка, літаратура, копіпэйст, публіцыстыка, камэнтарар, найлепшы дзёньнік, музыка, фотаблог, суполка, найлепшы крэатыў). Лідэры сярод блогераў выкарыстоўваюць усе магчымыя рэсурсы, каб выйграць прэмію... Пераможца ў кожнай намінацыі атрымлівае ад брэнда “Шпаркі Дамавік” сэртыфікат на суму 50 даляраў на любыя паслугі правайдэра... Намінацыю “Флудэр году” выкупіў “Шпаркі дамавік!” Як вядома, праймарыс у гэтай намінацыі працягваецца. Самы актыўны флудэр будзе ўзнагароджаны ня толькі Жэжэбаем і дыплёмам пераможцы, але й сэртыфікатам на хатні безьлімітны доступ у Інтэрнэт да канца году! Яшчэ ня позна актыўнічаць”.

Блогер зьмясьціў у сваім Жывым журнале верш, прысьвечаны кампутарнай клявіятуры:

“мае пальцы песьцяць клаву яна плоская негрыцянка па нейкім непаразуменьні такое славянскае імя яна дасканала ведае алфавіт і аказвае мне знакі прыпынку трымае пад контралам і часам дазваляе ўставіць на ўсе выпадкі жыцьця ў яе ёсьць дэліт і бэкспэйс

мая клава мае свае плюсы, мінусы і нават сваё роўна

пакуль я зь ёю – я з вамі мне з вамі цудоўна”.

Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG