Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тралейбус Янкі Купалы ў Магілёве


Радыё Свабода Сёньня ў Магілёве ад абласнога драмтэатру да чыгуначнага вакзалу курсаваў тралейбус імя Янкі Купалы. Гэтак суполка Таварыства беларускай мовы адзначыла 125-годзьдзе Янкі Купалы.

“Радыя вітаць вас у нашым тралейбусе, прысьвечаным 125-годзьдзю славутага паэта, беларускага песьняра Янкі Купалы”, — гэтак віталі пасажыраў у тралейбусе імя Янкі Купалы.

Пра ідэю незвычайна адсьвяткаваць юбілей песьняра апавёў “Свабодзе” адзін з ініцыятараў акцыі Дзьмітры Дзьмітрыеў:

“Прапагандаваць нейкія беларускія ідэі ў нейкіх вузкіх колах вельмі складана. Грамадзкі транспарт дужа зручны — тым больш, што яны прапануюць экскурсійныя паслугі, і я падумаў — чаму б не скарыстацца з гэтай паслугі, каб данесьці беларускае слова да нашых людзей? Яны беларускае слова чуюць усё радзей і радзей”.

Тралейбус імя Янкі Купалы зрабіў чатыры рэйсы за дзьве гадзіны. За гэты час ён перавез каля ста пяцідзесяці пасажыраў, кожны зь якіх атрымаў буклет пра паэта.

У тралейбусе гучалі вершы Янкі Купалы, праводзілася віктарына для пасажыраў.

А хто там ідзе, а хто там ідзе У агромністай такой грамадзе? — Беларусы. А што яны нясуць на худых плячах, на руках ў крыві, на нагах у лапцях? — Сваю крыўду.

Праезд у тралейбусе быў бясплатны, што зьдзіўляла пасажыраў:

“Заходзьце, калі ласка, праезд у гэтым тралейбусе бясплатны. Тралейбус едзе да чыгуначнага вакзалу. А далей да плошчы Арджанікідзэ з усімі прыпынкамі”.

Уражаньнямі ад паездкі падзяліліся некаторыя пасажыры.

“Вельмі хвалюючы момант — гэты тралейбус, гэты маршрут, які сёньня прыдумалі. Тут і жартаўліва й весела. Тут ёсьць людзі, якія зьдзіўляюцца, якія не разумеюць, ці ім увайсьці, ці гэта жарт, можа не заходзіць. Найперш калі заходзіш, то разумееш, што гэта вельмі кранальная сытуацыя, і толькі шкада пра тое, што гэта адбываецца ня кожны дзень”, — сказаў адзін пасажыр.

“На першы погляд — як нейкая правакацыя, але потым разумееш, што гэта вельмі цудоўна, настрой уздымаецца адразу ж. Прыемна, да плошчы Арджанікідзе паеду”, — заявіла іншая спадарыня.

“Мне проста тут хораша. Тут весела, тут гучыць родная мова. Тут вельмі шмат моладзі”, — кажа пасажырка купалаўскага тралейбуса.

Магілёў, 6.07.2007. Тралейбус Купалы “Тралейбус Купалы”

Магілёў, 6.07.2007.

Магілёў, 6.07.2007.

Магілёў, 6.07.2007. Арганізатары акцыі “Тралейбус Купалы” Арганізатары акцыі

Магілёў, 6.07.2007. Буклет, які сёньня раздавалі пасажырам Буклет, які сёньня раздавалі пасажырам
XS
SM
MD
LG