Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня 120 гадоў з дня нараджэньня Марка Шагала


Радыё Свабода 6 ліпеня спаўняецца 120 гадоў ад нараджэньня Марка Шагала. Але большасьць урачыстых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 120-годзьдзя, пачнецца 7 ліпеня ў Віцебску, дзе нарадзіўся мастак. Адкрыюцца XVII Міжнародныя Шагалаўскія дні, у цэнтры Марка Шагала будзе дзень адкрытых дзьвярэй. Шагал жыў у Віцебску ад 1887-га да 1920 году, пасьля ў Маскве, а большую частку жыцьця — у Францыі, дзе стаў усясьветна вядомым мастаком.

“Яго творчасьць магла ўзьнікнуць толькі ў Расеі”, — піша “Віцебскі інфармацыйны партал”.

Габрэй з паходжаньня, жыхар беларускага Віцебску, грамадзянін спачатку Расейскай імпэрыі, пасьля РСФСР, а затым Францыі. За гонар называць яго сваім мастаком змагаюцца чатыры народы.

На думку мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, ня варта займацца геаграфічнай эквілібрыстыкай:

“Так далёка можна зайсьці. Зразумела, што ўсе будуць расейскімі: і народы Цэнтральнай Азіі, і Каўказу, і літоўцы, і латышы, і палякі, — Адам Мікцевіч, напрыклад. Сам Шагал заўсёды вызначаў сябе і атаясамліваў сваю творчасьць перад усім з габрэйствам”.

Сяргей Харэўскі: “Шагал — гэта цалкам плод нашай зямлі, яе геній”
Сяргей Харэўскі без сумневу ўключыў імя Марка Шагала ў свой мастацтвазнаўчы праект “Сто твораў беларускага мастацтва”:

“Шагал вырас, узгадаваўся, і продкі ягоныя вырасьлі на беларускай глебе. На ягоны сьветапогляд наклаў калясальны адбітак беларускі краявід, беларускае сьвятло. Безумоўна, Шагал — гэта цалкам плод нашай зямлі, яе геній. Дзяліць не выпадае”.

Тэма Марка Шагала ў беларускім кантэксьце разьвіваецца адносна нядаўна — ад часу абвяшчэньня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь:

“Каб Шагал насамрэч стаўся нашым, мы павінны яго вывучаць, шанаваць, вучыць на гэтым дзяцей. Толькі так Шагал увойдзе ў наш беларускі дом. Роўна ж як і Адам Міцкевіч ды іншыя геніі, народжаныя ў нашым краі”.

Віцебскія ўлады абвясьцілі пра намер пабудаваць побач з домам-музэем Марка Шагала копію дому, выяўленага на карціне “Дом у Лёзна”, дзе жыў дзядзька мастака Зусман Шагал.

А сёлета ў шагалаўскіх сустрэчах у Віцебску возьмуць удзел больш за чатыры дзясяткі дасьледнікаў творчасьці мастака.

У Беларусі няма ніводнай карціны Марка Шагала. Ёсьць толькі два дзесяткі эцюдаў, эскізаў і некалькі літаграфіяў. Тры гады таму на аўкцыёне Paragis у Менску ананім выстаўляў карціну, якую прыпісаў аўтарству Шагала. Шэраг эўрапейскіх і расейскіх музэяў зняпраўдзілі аўтэнтычнасьць карціны.


• У Віцебску пачаліся XVI Міжнародныя Шагалаўскія чытаньні, 6.07.2006 • У Менску адкрылася выстава “Марк Шагал. Колер у чорна-белым”, 26.09.2005 • “Марк Шагал. Колер у чорна-белым”, 15.09.2005 • Упершыню ў Менску экспануецца жывапісная работа Марка Шагала , 18.05.2005
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG