Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крымінальную справу на Івана Шылу перадаюць у суд


Любоў Лунёва, Менск Шаснаццацігадовы кіраўнік салігорскай філіі “Маладога фронту” Іван Шыла абвінавачваецца ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Напярэдадні суду над пяцьцю менскімі сябрамі арганізацыі, які адбыўся 28-29 траўня ў Менску, КДБ завёў крымінальныя справы таксама на рэгіянальных актывістаў “Маладога фронту”. Паплечнікі Івана не выключаюць, што падобнае абвінавачаньне могуць выставіць прынамсі тром рэгіянальным актывістам.

Сьледчы Салігорскай пракуратуры прад’явіў 16-гадоваму Івану Шылу афіцыйнае абвінавачаньне ў крымінальнай справе за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”.

Крымінальная справа складаецца зь пяці тамоў, куды ўвайшлі паказаньні сьведак, школьных псыхолягаў і настаўнікаў, а таксама адміністрацыйныя пратаколы затрыманьняў маладафронтаўца.

Іван падлічыў, што ад кастрычніка 2005 году, калі ён пачаў удзельнічаць у грамадзкім жыцьці, яго затрымлівалі 53 разы.

Дашкевіч адмовіўся сьведчыць, яму пагражае новая справа

Іван не чакаў ад сваіх школьных настаўнікаў паказаньняў пра тое, што ён нібыта на ўроках агітаваў аднаклясьнікаў уступаць у “Малады фронт”. Хлопец апавёў “Свабодзе”, што ў крымінальнай справе ёсьць паказаньні людзей, якіх ён наагул ня ведае.

Апроч таго, Шыла даведаўся, што ў справе спрабавалі дапытаць Зьмітра Дашкевіча ў турме, але ён адмовіўся даваць паказаньні супраць Івана. За гэта лідэру “Маладога фронту” пагражае новая крымінальная справа.

“Яны вырашылі цалкам зьнішчыць “Малады фронт”

Іван Шыла лічыць, што крымінальныя справы супраць рэгіянальных маладафронтаўцаў — працяг дзеяньняў КДБ, які імкнецца зьнішчыць моладзевую арганізацыю.

“Цяжка тут нешта прагназаваць, бо справа мае палітычны характар, а ў палітычных справах не фігуруюць ніякія доказы. Тут усё вырашаецца зьверху. Яны вырашылі цалкам зьнішчыць “Малады фронт”.
І.Шыла: "Яны наўрад ці маглі прагназаваць сытуацыю, што пачнецца гандаль гэтымі прэфэрэнцыямі. Яны ж думалі, што спачатку зьнішчаць менскую арганізацыю, а потым пачнуць зьнішчаць і рэгіянальныя”."
Першым пунктам гэтага пляну было тое, што яны пасадзілі Дашкевіча. Думалі, што ўсё на гэтым і скончыцца. Атрымалася наадварот — у Менску зноў паўстала моцная структура, якая абыходзілася без Дашкевіча, нармальна працавала. Тады яны вырашылі завесьці справу на менскіх актывістаў.

Але яны наўрад ці маглі прагназаваць сытуацыю, што пачнецца гандаль гэтымі прэфэрэнцыямі. Яны ж думалі, што спачатку зьнішчаць менскую арганізацыю, а потым пачнуць зьнішчаць і рэгіянальныя”.

Крымінальную справу Івана Шылы перададуць у Салігорскі суд 9 ліпеня. Такім чынам, калі ў іншых рэгіёнах па часе выставяць абвінавачаньні кіраўнікам філій “Маладога фронту”, то судзіць кожнага зь іх будуць асобна.

За ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі пакаралі чатырох актывістаў “Партнэрства”. Паўтара году зьняволеньня адбывае ў шклоўскай турме лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч. Пяцёх актывістаў арганізацыі суд Савецкага раёну Менску пакараў штрафамі.


Івана Шылу выклікаюць у пракуратуру, 06.07.2007 Івана Шылу перавялі з падазраваных у абвінавачаныя, 05.07.2007 Алег Корбан: “Прысуд ніяк не паўплывае на далейшую дзейнасьць”, 29.05.2007
XS
SM
MD
LG