Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці спраўна плацяць падаткі А.Лукашэнка і высокія чыноўнікі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск З кожным годам беларусы плацяць усё больш падаткаў і усё меней падаткаплатнікаў маюць запазычанасьці. Ці дэманструюць такую ж дысцыпліну высокія чыноўнікі?

Летась 10 тысяч супрацоўнікаў падатковай службы сабралі болей за 23 трыльёны рублёў падаткаў. Гэта 80% адсоткаў бюджэту.

Службовыя пляны падатковікі перавыконваюць, прычым зь меншымі цяжкасьцямі: прымусова налічылі ўдвая меней падаткаў, цяпер запазычанасьць складае ўсяго 0,6%.

Пра заўважны рост падатковай дысцыпліны грамадзянаў казаў у Нацыянальным прэс-цэнтры намесьнік міністра падаткаў і збораў Васіль Каменка.

Велічыня падаткаў Лукашэнкі – асабістая таямніца

Журналісты спыталі: ці ёсьць прэтэнзіі да кіраўніка дзяржавы і высокіх чыноўнікаў як да падаткаплатнікаў? Таксама пацікавіліся, колькі падаткаў заплаціў Аляксандар Лукашэнка. Васіль Каменка лічбы не называў, спаслаўшыся на асабістую таямніцу:

“Пры налічэньні падатку з прыбыткаў бухгальтэрыя ўтрымлівае зь яго 30%, як і з нас. Запазычанасьці няма, інакш бы ня выплацілі заробку”.

Нагадаю, паводле зьвестак самога Аляксандра Лукашэнкі, ягоны заробак штогоду павялічваецца. У 2000 годзе кіраўнік Беларусі паведамляў, што зарабляе 265 даляраў на месяц. У 2005 годзе ў інтэрвію журналістам “ТВЦ-цэнтар” Аляксандар Лукашэнка сказаў, што зарабляе ўжо 1000—1100 даляраў.

“Мы ўсе плацім спраўна”

Паводле афіцыйных зьвестак, заробкі высокіх чыноўнікаў з 2005 году павысіліся, але на колькі — не паведамляюць.

Пытаньне пра тое, ці гэтак жа дысцыплінавана плацяць падаткі іншыя высокія чыноўнікі, Васіль Каменка назваў “пустым”. “Мы ўсе плацім спраўна”, — заявіў намесьнік міністра.

Найбольш прэтэнзіяў у падатковых службаў да прадпрымальнікаў. Некаторых чыноўнік назваў “несьвядомымі падаткаплатнікамі”. Паводле Васіля Каменкі, ёсьць і група такіх, якія заслужылі прывілеі.

Найбольш дысцыплінаваных падаткаплатнікаў вызваляць ад праверак?

Намесьнік міністра паведаміў, што рыхтуецца ўказ прэзыдэнта, які на пяць гадоў вызваліць найбольш дысцыплінаваных падаткаплатнікаў ад праверак падатковай службы. Хто ўзначальвае сьпіс “выдатнікаў”, спадар Каменка не сказаў.

Летась пятнаццаць супрацоўнікаў падатковай службы былі звольненыя за розныя парушэньні, на частку зь іх завялі крымінальныя справы за нядбайнасьць, паведаміў намесьнік міністра. На ягоную думку, да некаторых падатковікаў прэтэнзіі выставілі неабгрутнавана.

“У мяне ўражаньне, што нехта заводзіць крымінальныя справы, толькі каб выканаць задачу”, — сказаў чыноўнік.

За пяць гадоў афіцыная зарплата А.Лукашэнкі павялічылася ў 10 разоў, Хартыя ’97, 20.10.2006
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG