Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пінскі завод наклалі штрафныя санкцыі за нявыплату заробкаў


Вячаслаў Кулік, Менск Канфлікт паўстаў у калектыве Пінскага заводу сродкаў малой мэханізацыі. На патрабаваньне своечасова плаціць заробленае адміністрацыя запалохвае працаўнікоў.

Пасьля скаргаў працаўнікоў Пінскі завод сродкаў малой мэханізацыі ў апошні час правяралі падатковая інспэкцыя, кантрольна-рэвізійнае ўпраўленьне, міжраённая інспэкцыя працы.

Як паведаміла Радыё Свабода дзяржінспэктарка Ніна Грамада, у прадпісаньні ад 27 чэрвеня кіраўніцтва заводу мусіць тэрмінова выправіць два дзясяткі парушэньняў:

“Гэта была ня плянавая, а мэтавая праверка, яна праводзілася сумесна з упраўленьнем працы Пінскага гарвыканкаму. Выкарыстаныя штрафныя санкцыі”.

Пакрыўджаных на заводзе — дзясяткі

Са словаў дзяржінспэктаркі Грамады, на прадпрыемстве парушаюць тэрміны выдачы заробку. Яшчэ тут незаконна затрымліваюць сумы пэрсанальных надбавак.

Праверка таксама выявіла нясвоечасовасьць грашовай выплаты да адпачынку і ў разьліках пры звальненьні. Пакрыўджаных — дзясяткі.

Сярод іх і Аксана Богнат:

“Я пісьмова зьвярталася да прафсаюзнага сходу. Прасіла, каб людзі давялі дырэктару. І на сходзе аднагалосна выказаліся, што ёсьць факт парушэньня. Мне мусяць вярнуць грошы”.

“А хто скардзіцца? Ну, людзі...”

Узначальвае Пінскі завод сродкаў малой мэханізацыі Рыгор Галавач. Пагутарыць зь ім не ўдалося.

Вось што паведаміў старшыня прафкаму Павал Кахавец:

“Я тут ад заснаваньня заводу працую — ад 1986 году. Ня вельмі прыемна, калі людзі пішуць. А хто скардзіцца? Ну, людзі… Вы ж чуеце і бачыце — тут у кожнага свае праблемы”.

“Сытуацыя на заводзе — варожая”

Канкрэтна працуе са скаргамі пінскіх машынабудаўнікоў юрыст Вадзім Макееў. Вось як ён вызначае прычыны канфлікту:

“Сытуацыя на заводзе нібыта варожая. Самі разумееце, якое эканамічнае становішча ў краіне. Трэба шукаць вінаватых. А таму сьпіхваюць на шараговых людзей. І цяпер у нас нібыта бойка. Затрымліваюць заробак, незаконна пазбаўляюць прэміяльных. Я два з паловай гады працую. Колькі можна гаварыць гэтым людзям пра закон?! Для іх закон не пісаны ўвогуле”.

Пінскі завод сродкаў малой мэханізацыі вырабляе аўтагідрапад’ёмнікі на шасі ЗІЛ-131, ГАЗ-3302, экскаватары-пагрузчыкі на трактарах МТЗ-82, рукавы высокага ціску ды іншую прадукцыю мэталаапрацоўкі. Больш як 45 працэнтаў акцыяў належыць расейскаму прадпрыемству “СТД-сэрвіс”.


У гэтым дакумэнце пералічаныя больш за дваццаць парушэньняў
XS
SM
MD
LG