Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

<B>У цэнтры Менску зноў бураць гістарычныя дамы</B>


Радыё Свабода У гістарычным цэнтры Менску зьнішчылі чарговыя будынкі зь дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў. Гэта дамы ХІХ стагодзьдзя ў дварох вуліцы Інтэрнацыянальнай. Стала вядома, што наступнымі ахвярамі “бульдозэрнай рэстаўрацыі” будуць старыя дамы на вуліцы Камсамольскай, якія “замінаюць” функцыянаваньню новага офісна-паркінгавага комплексу на Нямізе.

Раён Старога гораду ў Менску ўсё менш нагадвае гістарычны цэнтар-помнік. Дамы, што “аднаўляюцца” па татальнай перабудове, збольшага ня маюць нічога агульнага з прататыпам. Але некаторыя будынкі папросту руйнуюцца, каб вызваліць месца спарудам са шкла і бэтону.

“Мэтадычна зьнішчаюцца эпохі, якія былі да Лукашэнкі”

Гэтымі днямі за фасадамі будынкаў на вуліцы Інтэрнацыянальнай бураць пабудовы ХІХ стагодзьдзя.

Сяргей Харэўскі: “Мы маем справу са сьвядомым, мэтадычным зьнішчэньнем усёй старасьветчыны ў нашай краіне, з усім тым, што нагадвае пра эпохі да Лукашэнкі”
Як кажа гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі, што паўстане на гэтым месцы, ведаюць, праўдападобна, толькі ініцыятары архітэктурнай рэвалюцыі, што адбываецца ў Менску. Прынамсі, з грамадзкасьцю адносна гістарычнай часткі сталіцы раіцца ўжо даўно кінулі:

“Калі помнікі, якія цяпер былі зьнішчаныя, унесеныя ў рэестар, у сьпіс, шматкроць зацьверджаныя на розных узроўнях, то мы сутыкаемся з тым, што ў нашай краіне ўсё гэтае заканадаўства, усе гэтыя паперы, сьпісы нічога ня значаць, яны нікога і ні да чаго не прывязваюць. Усё робіцца таемна, уціхую, нас ставяць ужо перад фактам зьнішчэньня. Ну, што яшчэ можа зрабіць грамадзкасьць паводле факту?

Калі пра гэтыя пляны не было вядома ні Таварыству аховы помнікаў, калі гэтыя пляны не былі надрукаваныя, не расказвалася, што там будзе, у гарадзкой прэсе менскай, як гэта рабілася колісь. Мы маем справу са сьвядомым, мэтадычным зьнішчэньнем усёй старасьветчыны ў нашай краіне, з усім тым, што нагадвае пра эпохі да Лукашэнкі”.

Ёсьць зьвесткі, што падобны лёс можа напаткаць і іншыя гістарычныя будынкі, разьмешчаныя побач.

Паводле інфармацыі Сяргея Харэўскага, бульдозэрная атака можа пайсьці на будынак старой пошты ХVIII cтагодзьдзя — цяпер гэта дом №6 на вуліцы Камсамольскай, які выходзіць фасадам на Нямігу. Дом нібыта замінае аўтамабільнаму руху ў раёне паркінгу, што паўстаў насупраць “Гандлёвага дому “На Нямізе”.

“Тое, што адбываецца, — трагедыя”

Калі галоўным дзяржаўным інспэктарам аховы гістарычна-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму быў Уладзімер Папруга, ён намагаўся хаця б мінімізаваць маштаб зьнішчэньня бясцэнных помнікаў, — за што ўрэшце і пазбавіўся пасады.

Уладзімер Папруга: “А пазьней Ярмошын вырашыў падсадзіць сваіх інвэстараў, і была выкарыстаная дубіна закону “Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны”
Цяпер архітэктар кажа, што зьнішчэньне Верхняга гораду практычна непадкантрольнае:

“Проста трагедыя — тое, што адбываецца. Іншыя меркаваньні ўжо даўно не разглядаюцца. Пасьля 2000 году фактычна пачаўся гэты разбой. То бок, у 2000-м улада зрабіла гэткі рэвэранс, які падаваўся людзям зацікаўленым у прынцыпе пазытыўным крокам.

Быў калісьці інвэстар, які прэтэндаваў на гэтую пляцоўку, на Нямізе, і зьбіраўся збудаваць там паркінг. Быў абвешчаны конкурс у 1999 годзе, і гэты конкурс адбыўся, выйграў яго архітэктар Грэчын, ягоная творчая майстэрня. Гэта была, у існасьці, паркоўка.

А пазьней Ярмошын вырашыў падсадзіць сваіх інвэстараў, і была выкарыстаная дубіна закону “Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны”.

“Любы аб’ект пасьля ста гадоў — гістарычная каштоўнасьць”

Археоляг Сяргей Тарасаў зважае на тое, што сёньня ўсе працы на так званай “рэстаўрацыі” гістарычных аб’ектаў праводзяцца без папярэдніх, грунтоўных археалягічных дасьледаваньняў. Іншымі словамі, будаўнікі пад новымі мурамі навечна хаваюць унікальныя сьведчаньні беларускай гісторыі:

Сяргей Тарасаў: “Сто гадоў прайшло, і ўжо можна будынку надаваць статус каштоўнасьці”
“Калі падыходзіць з гледзішча юнэскаўскіх хартый, у прыватнасьці, Хартыі ІКАМОС, то любы аб’ект пасьля таго, як мінулі сто гадоў, ужо можа ўяўляць гістарычна-культурную каштоўнасьць і спадчыну. Для любога народу, разумееце?

То бок, сто гадоў прайшло, і ўжо можна будынку надаваць статус каштоўнасьці й клапаціцца аб гэтым ня толькі на нейкім нацыянальным, дзяржаўным узроўні, але і на міжнародным. Так што, тое, што мы тут маем, безумоўная каштоўнасьць, пытаньняў няма, канечне... А-я-яй, экскаватарам, усё робяць экскаватарам”.

Як сьведчаць спэцыялісты, пасьля пачатку татальнай перабудовы Верхняга гораду ў Менску засталося два дзясяткі аўтэнтычных пабудоваў дасавецкага пэрыяду. Але нават гэтыя адзінкі хутка зьнікаюць.

Ігар Чарняўскі: “Наколькі я ведаю, ішоў разбор будынку 11а... Так, ідуць разборкі, ну дык і што з гэтага?”
Сытуацыю зь Верхнім Горадам і канкрэтна будынкам №11а на вуліцы Інтэрнацыянальнай у Менску камэнтуе намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі:

“Наколькі я ведаю, ішоў разбор будынку 11а... Так, ідуць разборкі, ну дык і што з гэтага? Пакінуць той бляшаны дах прапануе Харэўскі, ці як? Пакінуць тыя лесьвіцы надворныя на другі паверх ён прапануе, ці што іншае? Фактычна той будынак настолькі быў перабудаваны ў свой час (а я яго вельмі добра ведаю, бо мы там побач колісь знаходзіліся, і я кожны дзень у вакно бачыў той дом), што яшчэ трэба паглядзець у праектную дакумэнтацыю спачатку, што прапануецца. А прапануецца зь ім зрабіць прыблізна (я так думаю) тое, што робіцца з суседнім – 13а”.

Менск, 5.07.2007. Дом №11а па Інтэрнацыянальнай Чарговы ўзор “бульдозэрнай рэстаўрацыі”. Дом №11а па Інтэрнацыянальнай

Менск, 5.07.2007.Выгляд дому №11а па Інтэрнацыянальнай. Выгляд праз пралом у сьцяне з Камсамольскай Выгляд дому №11а па Інтэрнацыянальнай праз пралом у сьцяне з Камсамольскай

Менск, 5.07.2007.Выгляд дому №11а з аркі з боку Інтэрнацыянальнай Выгляд дому №11а з аркі з боку Інтэрнацыянальнай

Менск, 5.07.2007.Дом №13а па Інтэрнацыянальнай Побач узор “адрэстаўраванага” дому пад офісы. Дом №13а па Інтэрнацыянальнай

Менск, 5.07.2007. Былая пошта ХVІІІ cт. На Камсамольскай, 6 Лёс былой пошты ХVІІІ cт. у руках менскіх уладаў. Камсамольская, 6

Менск, 5.07.2007. Пошта замінае выяжджаць з новага паркінгу Пошта замінае стылізаванаму пад даўніну паркінгу

•“34 паверхі пакладуць цень на ўвесь Верхні горад”, 22.05.2007 • Урад вызначыў 50 прыярытэтных помнікаў гісторыі, 13.04.2007 •Пачынаецца барацьба за зямлю ў Менску і ваколіцах , 16.03.2007
XS
SM
MD
LG