Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Там, дзе кіраўнік дзяржавы трымаецца за сваё крэсла пажыцьцёва, дабрабыту няма”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

У гэтыя ліпеньскія дні ў Беларусі з высокіх трыбунаў шмат гаварылі і гавораць пра подзьвіг савецкага салдата ў гады Другой усясьветнай вайны. І ніхто зь дзяржаўных кіраўнікоў ня згадвае, што перамога 1945 году здабывалася ня толькі на ўсходнім фронце і ня толькі ў савецкім тыле.

На гэтую тэму — ліст ад нашага даўняга слухача Ўладзімера Гардзейкі са Смалявічаў:

“Колькі памятаю, ні разу ніводзін наш высокі дзяржаўны чын, гаворачы пра вайну, ня ўспомніў добрым словам амэрыканскую дапамогу Савецкаму Саюзу.

А вось усе мы, людзі старэйшага пакаленьня, ніколі не забудзем смаку амэрыканскага яечнага парашку ў галодныя пасьляваенныя гады. Які гэта быў тады для нас ласунак! А аўтамабіль “Студэбэкер”, на які дзівіліся, як на цуд? Роўных яму не было!

Нядаўна мне ў рукі трапіла кніга “Злучаныя Штаты Амэрыкі ў Другой усясьветнай вайне”, падрыхтаваная Інфармацыйным агенцтвам ЗША. Прыведзеная ў ёй статыстыка мяне надзвычай уразіла.

Аказваецца, у пэрыяд з 7 лістапада 1941-га да 20 верасьня 1945 году Злучаныя Штаты даставілі Савецкаму Саюзу ў якасьці саюзьніцкай дапамогі: больш як 4 мільёны тон харчоў, каля 400 тысяч грузавікоў, каля 15 тысяч самалётаў, больш як 7 тысяч танкаў… І яшчэ многа іншага — аўтаматы, вагоны, трактары, шыны, абутак — усяго не пералічыш…

Чаму ў нас ніколі пра гэта не ўспамінаюць — нібы гэтага і не было?”

Ваенныя перамогі вельмі зручна выкарыстоўваць дзеля палітычных мэтаў, спадар Гардзейка. У Беларусі ваенная тэма — падмурак усёй прапагандысцкай ды ідэалягічнай апрацоўкі насельніцтва. Так было ў камуністычную эпоху, так ёсьць і цяпер.

Толькі раней ваенныя перамогі прыпісвалі выключна мудраму партыйнаму кіраўніцтву, а цяпер у промнях салдацкай славы імкнецца пагрэцца ўладная прэзыдэнцкая вэртыкаль.

Сучасныя ідэалягічныя камісары актыўна выкарыстоўваюць антыамэрыканскую рыторыку, пры гэтым ні словам ня згадваючы пра тое, што мільёны савецкіх салдат ратавала ад голаду ў акопах менавіта амэрыканская тушонка. І старыя салдаты пра гэта не забылі.

Ліст ад Міколы Чыбісава з пасёлку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну. Слухач разважае пра тое, якім сымбалем стала для Беларусі так званая “Лінія Сталіна” — даваенны абарончы раён пад Менскам, адноўлены нядаўна уладамі:

“Лінія Сталіна — гэта ня толькі мэмарыял. Гэта і сымбаль, і палітычная лінія цяперашняга беларускага кіраўніцтва. А палітыка сёньняшніх правадыроў накіраваная на адну мэту — заставацца пры ўладзе пажыцьцёва. Дзеля гэтага і кідаюць людзей у турму толькі за тое, што яны ня хочуць думаць так, як загадвае ўлада.

Паслухаеш нашых кіраўнікоў — дык яны робяць усё дзеля таго, каб народ жыў добра. І цяперашняя мадэль улады для гэтага нібыта найлепшым чынам прыстасаваная.

Тады давайце параўнаем заробак у Эўропе і ў Беларусі. Там — дзьве тысячы эўра і вышэй, у нас — у дзесяць разоў меней. Некаторыя скажуць: дык мы ж пацярпелі ад вайны. Але пасьля вайны мінула ўжо больш як шэсьцьдзесят гадоў. Ды і Эўропа (тая ж Нямеччына) падчас вайны была разбураная ня менш за нас.

Словам, я прыходжу да наступнай высновы: дзе застой і адсутнічае зьмена ўлады, дзе кіраўнік дзяржавы трымаецца за сваё крэсла пажыцьцёва, там дабрабыту няма. Гістарычныя факты сьведчаць менавіта пра гэта. Няўжо гісторык Лукашэнка гэтай ісьціны, гэтых фактаў ня ведае?”

Зьмена ўлады — істотная, але не адзіная ўмова для стварэньня такой дзяржаўнай сыстэмы, якая б забясьпечвала ўстойлівае разьвіцьцё эканомікі й дабрабыт людзей.

Улада, бывае, часта зьмяняецца і пры дыктатарскіх рэжымах — напрыклад, у экватарыяльнай Афрыцы, дзе шляхам змовы і ваеннага перавароту на зьмену аднаму дыктатару прыходзіць другі (здараецца, яшчэ больш жорсткі).

Заможна і свабодна людзі жывуць там, дзе ўладу выбіраюць падчас справядлівых дэмакратычных выбараў, дзе закон вышэйшы за прэзыдэнта і дэпутатаў, дзе выканаўчая ўлада не камандуе судзьдзямі, дзе прадпрымальны ініцыятыўны чалавек адчувае дапамогу дзяржавы ў сваёй працы.

Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну свой ліст напісаў, пачуўшы па “Свабодзе” тэлефанаваньне аднаго нашага слухача, які хваліў прэзыдэнта Лукашэнку за тое, што ў Беларусі акуратна выплачваюцца пэнсіі і што людзі сталага веку, як ён лічыць, усім забясьпечаныя.

Спадар Макарэвіч з нагоды пачутага піша:

“Такое ўражаньне, што мы жывем з гэтым грамадзянінам у розных краінах. Можа, гэты слухач — адстаўны палкоўнік: тады, канечне, усё зразумела. Але ж ня ўсе такія. Нельга ўсё ацэньваць толькі са сваёй званіцы.

Вось я, напрыклад, з 34-гадовага ўзросту — інвалід другой групы. Здароўе падарванае, многае страчанае… І на маю пэнсію доўга не пашыкуеш.

У ідэале кожны грамадзянін павінен мець гарантыі сваіх правоў і свабодаў. Але нам да гэтага далёка. У нас праўда на баку тых, у каго ўлада. Самае кепскае тое, што многія знарок ня хочуць заўважаць нэгатыўнага ў нашым жыцьці. А бачыць і цьвяроза ацэньваць трэба ўсё, інакш ні пра якую сацыяльна арыентаваную і справядлівую дзяржаву ня можа быць ніякай размовы”.

Гарантыі правоў і свабодаў у Беларусі нібыта ёсьць, спадар Макарэвіч. Прынамсі, і ў Канстытуцыі, і ў шматлікіх законах яны замацаваныя.

Але з дэкаратыўнай Канстытуцыяй не было праблемаў і ў былым Савецкім Саюзе. Разгарніце, напрыклад, брэжнеўскую Канстытуцыю 1977 году.

Свабода слова, сходаў, мітынгаў, веравызнаньня — усё нібыта гарантавалася савецкаму грамадзяніну. А паспрабаваў бы той грамадзянін наладзіць мітынг, напрыклад, супраць уводу савецкіх войскаў у Аўганістан — тут жа трапіў бы ў лепшым выпадку ў псыхушку, у горшым — на турэмныя нары.

Наша слухачка Галіна Аленіч з Магілёва ў сваім лісьце на “Свабоду” выказваецца пра некаторыя асаблівасьці цяперашняй палітычнай сыстэмы Беларусі:

“Галоўная праблема Беларусі, якая стварыла і ўсе іншыя нашы цяжкасьці, гэта адсутнасьць нармальнага легітымнага прэзыдэнта. У парлямэнце ды ўрадзе сядзяць гэткія зайчыкі з падцятымі вушкамі, якія выконваюць любыя каманды правадыра-ваўка. І варта толькі аднаму зь іх выпрастаць вушкі — як воўк імгненна хапае яго і выкідае за борт. І яшчэ добра, калі толькі так, а можна ж і ў турму патрапіць”.

Ва ўмовах аўтарытарнай сыстэмы паводзіць сябе па-іншаму чыноўнікі ня могуць, спадарыня Аленіч.

І рэч тут ня толькі ў асабістых якасьцях прэзыдэнта ці ступені яго легітымнасьці. Калі ў дзяржаве няма самастойнага парлямэнту і незалежных судоў, калі ліквідаваныя альбо абмежаваны ўсе дэмакратычныя інстытуты, то толькі гэткі варыянт функцыянаваньня ўсёй дзяржаўнай машыны і магчымы.

На заканчэньне некалькі лістоў слухачоў, якія пакіну без камэнтароў.

Нам піша Тацяна Шарсьнёва зь Іўя:

“З прыкрасьцю думаю пра тое, як доўгія гады блукала ў цемры, а маміны малітвы і веру лічыла за адсталасьць. І толькі цяпер памалу адыходжу ад таго няведаньня і пачынаю жыць паўнавартасным духоўным жыцьцём. Ён — ня нейкі мітычны інкогніта, а вечна жывы Бог, які хоча дапамагаць нам ва ўсім. Не заўсёды мае такую магчымасьць праз наша нявер’е. І ўсё ж любіць нас усіх незалежна ні ад чаго”.

І яшчэ адзін кароткі ліст, аўтар якога Міхаіл Дубнікаў з пасёлка Наваельня Дзятлаўскага раёну:

“Усё ў нашым агульным доме пад назвай Зямля ўзаемазьвязана і ўзаемазалежна. Назіраеш за драматычнымі падзеямі ў розных рэгіёнах сьвету — і міжволі задумваесься: чым жа можа скончыцца ўсё гэта шаленства, нястрымная пагоня за ўладай, грашыма і славай? І куды могуць зайсьці сьляпыя натоўпы, якія вядуць правадыры, асьлепленыя прагай улады і апантаныя папулізмам?”

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG