Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандра Казуліна ў турме зьбіваў міліцыянт?


Падрыхтаваў Алег Грузьдзіловіч Анонс недзяржаўных СМІ за 6-га ліпеня.

Ці праўда тое, пра што распавялі былыя вязьні віцебскай калёніі адносна інцыдэнту з удзелам Аляксандра Казуліна? “Народная воля” ў нумары за 6-ае ліпеня друкуе вынікі свайго расьсьледаваньня.

Нагадаем, напярэдадні ў інтэрнэце зьявілася заява былога дэпутата Сяргея Скрабца і ягонага брата Аляксандра пра тое, што Аляксандра Казуліна ў калёніі зьбіў афіцэр міліцыі. Браты Скрабцы спасылаліся на былых вязьняў калёніі, якія днямі выйшлі на волю.

Паводле Скрабцоў, гэтым людзям міліцыянты “не рэкамэндавалі” казаць пра інцыдэнт з удзелам Аляксандра Казуліна, але шмат хто ў калёніі бачыў бойку і замоўчваць яе няма сэнсу. Нібыта вязьні нават дапамаглі спыніць зьбіцьцё палітыка, адцягнуўшы яго ад раз’юшанага міліцыянта.

Ці так ўсё было? Карэспандэнтка “Народнай волі” Марыя Эйсмант задае гэтае пытаньне намесьніку начальніка адміністрацыі калёніі “Віцьба-3” Руслану Прымаку.

Цэлая паласа нумара газэты прысьвечана 125-ці годзьдзю Янкі Купалы. “Народная воля” працягвае друкаваць ўспаміны людзей, якія былі асабіста знаёмы са славутым паэтам. Кампазытар Мікола Шчаглоў згадвае ўрачыстае паседжаньне з нагоды 30-годзьдзя творчай дзейнасьці Янкі Купалы.

Праслухаўшы двухгадзінную кантату Аладава на твор Купалы жонка паэта запытала ў аўтара: “Што вам, дзядзька Мікола, зрабіў такога дрэннага мой Яначка?”

Цікавыя факты з біяграфіі песьняра зьмяшчае на сваіх старонках “Наша ніва”.

Таксама штотыднёвік піша пра Будслаўскую пілігрымку, у якой сёлета бралі ўдзел болей за 40 тысяч чалавек.

Пра гэтую ж пілігрымку піша ў апошнім нумары і газэта “Вольнае Глыбокае”, але чытачу прапанавана перанесьціся ў мінулае болей як на 70 гадоў. Газэта пачала публікацыю сэрыі ўспамінаў селяніна Шаркаўшчынскага павета Іосіфа Шудзеля. Рэдактар “Вольнага Глыбокага” Уладзімер Скрабатун распавёў “Свабодзе”:

“Гэта пра дзяцінства, пра жыцьцё беларусаў ў польскай дзяржаве, пра стасункі з габрэямі, якія тады трымалі мясцовы гандаль. Нам падаліся гэтыя ўспаміны звычайнага селяніна надзвычай цікавымі. Вось я зачытаю маленькую цытату пра яблыкі:

“Сады былі пераважна ў багатых. Яблыкі былі дарагімі. Габрэі бралі сады ў арэнду, плацілі валам за ўвесь сад, зьбіралі ўраджай, а потым прадавалі яблыкі ў розьніцу. Літровы слоік каштаваў 10 грошаў. Вазілі яблыкі на кірмашы і фэсты. Сады старанна ахоўваліся, але мы, дзеці, ўсё роўна хадзілі ў сад па яблыкі, за што часта ад гаспадара мелі нахлабучку. І нікому не пажалісься, бо калі скажаш бацьку, дык ён яшчэ дадасьць..”

Успаміны Іосіфа Шудзеля падрыхтаваў для друку настаўнік Уладзіслаў Ляскоўскі з Шаркаўшчыны, вядомы сваёй працай па захаваньні гісторыі гэтых мясьцінаў.

Колькі каштавала сьвяткаваньне 740-годзя Магілёва? Гэтым пытаньнем зацікавілася недзяржаўная газэта “Наш Магілёў” пасьля правядзеньня сьвята горада.

Рэдактар газэты Генадзь Суднік:

“Сьвята было добрым, але мы ўбачылі і шмат таго, што заслугоўвае крытыкі. Ня можам пагадзіцца з абсалютнай адсутнасьцю на сьвяце беларускай мовы: яна не гучала ані на канцэртных пляцоўках, ані ў выступах прадстаўнікоў адміністрацыі, нават на сьвяточных плякатах не было слова па-беларуску.

Не пазбавіліся ў нас і савецкай звычкі “пускаць пыл у вочы”, калі фасады дамоў упрыгожвалі, а сьмецьце ў дварах пакідалі. І такіх прыкладаў было дастаткова. Вось мы і запыталіся, колькі гарадзкому бюджэту абышлася гэтая пампэзнасьць?

Справа ў тым, што ў Магілёве ніяк не адбудуюць гарадзкую ратушу, зруйнаваную у 1957 годзе. Спасылаюцца на недахоп грошай, а на падобныя сьвяты сродкі заўсёды знаходзяць. Між тым мы спадзяемся, што з адбудовай ратушы ў горад паступова вернуцца традыцыі самакіраваньня.

Нагадаю, Магілёў адным з першых гарадоў Беларусі меў Магдэбурскае права. Менавіта з такога пункту гледжаньня мы і разважаем пра сьвята горада на старонках выданьня”.
XS
SM
MD
LG