Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплывае на транзытны статус Беларусі газаправод праз Чорнае мора?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі зь Менску.

Расейскі канцэрн “Газпром” і італьянская кампанія “ЕNI” плянуюць пабудаваць газаправод праз Чорнае мора ў Баўгарыю. Якое геапалітычнае, значэньне будзе мець рэалізацыя гэтага праекту? Ці зьніжае ён статус транзытных краінаў — найперш Беларусі і Ўкраіны? Ці патрэбная зьмена палітычнай стратэгіі Беларусі ў пытаньні транзыту?

Класкоўскі: “Ідзе разгорнуты наступ “Газпрому” на Эўропу”

Валер Карбалевіч: “Усьлед за паўночным газаправодам хутка будзе пабудаваны і новы газаправод “Паўдзённы паток” з Расеі ў Баўгарыю. Дамова аб будаўніцтве заключаная паміж “Газпромам” і італьянскай кампаніяй “ЕNI”.

Расейскі газ будзе дастаўляцца да спажыўцоў Баўгарыі, Аўстрыі, Славеніі, Італіі. Новы газаправод павінен быць пабудаваны за год, праект атрымаў адабрэньне кіраўніцтва Эўразьвязу. Якое геапалітычнае, геаэканамічнае значэньне будзе мець рэалізацыя гэтага праекту для Расеі, яе дачыненьняў з Эўропай, для іншых краінаў?”

Кірыл Коктыш: “Расея працягвае сваю стратэгію шчыльнай эканамічнай інтэграцыі з Эўропай, найперш, з “старой” Эўропай. Празь дзесяць-пятнаццаць гадоў гэты працэс прывядзе да новай рэчаіснасьці. На нашых вачах узьнікае мадэль “Вялікай Эўропы”. У пытаньні каштоўнасьцяў паміж Расеяй і Эўропай абвастраецца канфлікт. А ў эканоміцы ўсё наадварот”.

Аляксандар Класкоўскі: “Я б ня маляваў працэс дачыненьняў Расеі з Эўразьвязам у такіх ідылічных танах — маўляў, ідзе ледзь ня братняя інтэграцыя.

З аднаго боку, Эўропа мае патрэбу ў расейскіх энэрганосьбітах. А зь іншага боку, у ЭЗ ёсьць моцная засьцярога, каб ня трапіць у вялікую залежнасьць ад Расеі. Таму тут ёсьць і момант супрацьстаяньня. Я б нават казаў пра энэргетычную экспансію Расеі ў Эўропу. Тут ёсьць і момант канкурэнцыі. Газаправод “Паўдзённы паток” зьяўляецца альтэрнатывай праекту “Набука”, які мае на мэце наўпрост пампаваць энэрганосьбіты з Ірану і Цэнтральнай Азіі ў Эўропу ў абыход Расеі.

Таму новы расейскі газаправод — гэта яшчэ і адсяканьне канкурэнтаў. Не выпадкова Пуцін сам паляцеў у Заграб, на энэргетычны саміт, раздаваў там пернікі балтыйскім краінам. То бок, ідзе разгорнуты наступ “Газрому” на Эўропу. І пэўны ўплыў на гэтую сытуацыю аказаў нядаўні канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй”.

Коктыш: “Канечне, ніякай ідыліі тут няма. Але Эўразьвяз пасьпяхова гуляе на два франты. Эўразьвяз пагадзіўся на будаўніцтва элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе. Гэта можна разглядаць як паразу Расеі.

А зь іншага боку, ЭЗ пагадзіўся на будаўніцтва новага газаправоду. І гэта важная перамога Расеі й параза ЗША. Бо праект “Набука” відавочна губляе свой сэнс”.

Коктыш: “Транзытныя краіны выштурхоўвацца на пэрыфэрыю расейска-эўрапейскага мэйнстрыму”

Карбалевіч: “Экспэрты азначаюць, што будаўніцтва газаправоду “Паўдзённы паток”, Паўночна-Эўрапейскага газапроваду, новага нафтаправоду да Балтыйскага мора зьніжае статус транзытных краінаў, найперш, Беларусі і Ўкраіны.

Падчас леташняй прэсавай канфэрэнцыі для ўкраінскіх журналістаў Аляксандар Лукашэнка выказаў ідэю, што Менску і Кіеву трэба дамовіцца і выставіць Расеі ўзгодненыя ўмовы транзыту энэрганосьбітаў, якія б больш улічвалі інтарэсы Беларусі і Ўкраіны. Такія ж прапановы гучалі і ад украінскіх палітыкаў.

Ці актуальныя цяпер такія праекты, калі залежнасьць Расеі ад транзытных краінаў зьменшылася?”

Коктыш: “Ад палітыкі транзытных краінаў стамілася і Расея, і Эўразьвяз. У гэтым пляне вельмі паказальная рэакцыя сяброў Эўразьвязу на пазыцыю Польшчы на апошнім саміце Эўразьвязу, якая чуць не заблякавала вырашэньне канстытуцыйнага пытаньня гэтай арганізацыі.

Заходняя Эўропа не жадае больш залежаць ад Усходняй Эўропы. Тое, што Эўразьвяз ухваліў будаўніцтва “Паўдзённага патоку” і ён будзе пабудаваны так хутка, ясна паказвае курс вялікіх краінаў Эўразьвязу.

Як вынік, статус транзытных краінаў радыкальна пачынае зьмяншацца да задавальненьня і Эўразьвязу, і Расеі. Яны выштурхоўвацца на пэрыфэрыю расейска-эўрапейскага мэйнстрыму. Гэта праблема для транзытных краінаў. Спробы гэтых краінаў аб’яднацца супраць Расеі будуць толькі паскараць гэты працэс”.

Класкоўскі: “Безумоўна, у энэргетычнай галіне каапэрацыя мае пэрспэктыву. Іншая рэч, што ня варта гэта разглядаць толькі ў плашчыні — як даць адлуп Расеі. Хоць узгадненьне тарыфаў на прапампоўку таксама можа прынесьці плён.

Аднак галоўны кірунак — гэта дывэрсыфікацыя паставак энэрганосьбітаў. Існуюць праекты атрыманьня Беларусьсю азэрбайджанскай ці цэнтральнаазіяцкай нафты праз дабудаваны нафтаправод Адэса — Броды. Бо павінна быць меншая залежнасьць ад аднаго пастаўшчыка, то бок Расеі. І тады можна будзе спакойна глядзець на ўсе гэтыя абходныя манэўры “Газпрому”.

Ці патрэбная зьмена палітычнай стратэгіі Беларусі ў пытаньні транзыту?

Карбалевіч: “Афіцыйныя асобы Беларусі шмат разоў адзначалі, што транзытны статус Беларусі — гэта яе стратэгічны рэсурс, якім трэба эфэктыўна скарыстацца. І сапраўды, дзяржаўнае кіраўніцтва ім скарысталася падчас навагодняга нафтагазавага крызісу.

Але ў зьвязку з новай сытуацыяй, магчыма, патрэбная зьмена палітычнай стратэгіі Беларусі ў пытаньні транзыту.

Магчыма, замест выстаўленьня ўсё новых умоваў, павышэньня коштаў транзыту, жорсткага баданьня з “Газпромам” і расейскімі нафтавымі кампаніямі патрэбна перайсьці да прапанаваньня ўсё большых ільготаў, зацікавіць партнэраў больш спрыяльнымі ўмовамі, чым у суседзяў. Напрыклад, каб не апынуцца з трубой бяз газу, мо варта прапанаваць “Газпрому” купіць больш як 50% акцыяў “Белтрансгазу”?”

Коктыш: “Пасьля навагодняга канфлікту галоўная праблема беларуска-расейскіх дачыненьняў — адсутнасьць даверу. А давер выбудоўваецца шмат гадоў, а траціцца адзін раз.

Калі нават Беларусь прапануе прадаць больш як 50% акцыяў “Белтрансгазу”, то гэта не спрацуе. Бо, як паказвае досьвед, беларускае кіраўніцтва як лёгка нешта аддае, тае лёгка і забірае назад.

Таму ёсьць неабходнасьць зьмены стратэгіі, а ня тактыкі. Беларусі трэба спыніць гульні з адмоўнай сумай і пачаць гуляць у гульні з станоўчай сумай. Беларусь можа далучыцца да працэсу расейска-эўрапейскай інтэграцыі й атрымаць для сябе добрыя дывідэнды”.

Класкоўскі: “Безумоўна, патрэбны новыя падыходы. Бо можна адзін раз напалохаць Расею нейкімі экстрэмальнымі мерамі, але другі, трэці раз не атрымаецца. Бо Масква пачала пракладваць трубы ў абыход.

У кіраўніцтва Беларусі быў момант самаўпэўненасьці, што наша краіна ледзь ці ня цэнтар Зямлі — маўляў, мы знаходзімся на перакрыжаваньні эўрапейскіх дарогаў, нас ніхто не аб’едзе. Цяпер трэба пераасэнсоўваць гэтыя ўяўленьні. Таму што абыходзяць і аб’яжджаюць.

Дарэчы, некаторы час таму жорсткія захады да транзытных перавозчыкаў прывялі да таго, што яны пачалі нас аб’яжджаць. І ў выніку давялося адкручваць назад.

Таму цяпер патрэбныя болей гнуткія падыходы. Патрэбны дакладны эканамічны разьлік. Ня трэба думаць, што продаж часткі акцыяў — гэта страта палітычнага сувэрэнітэту.

Тут трэба ўлічваць, што ў хуткім часе нас чакае пераход на ўсясьветныя кошты ў пакупцы расейскіх энэргарэсурсаў. Цяпер Менск трымаецца за трубу, бо за цэны, ніжэйшыя за ўсясьветныя, мы зьніжаем і кошт транзыту. А калі адбудзецца пераход на ўсясьветныя цэны, то ўся гэтая стратэгія траціць сэнс. Без інвэстыцыяў трубы ператворацца ў мэталалом.

Іншая рэч, што тут сплеценыя эканамічнае і палітычнае мысьленьні. Кіраўніцтва Беларусі прызвычаілася да сілавых мэтадаў як ва ўнутранай палітыцы, так і ў вонкавай. Вось паспрабавалі выкарыстаць такія мэтады ў дачыненьні з Расеяй ў энэргетычнай сфэры, але апяклося.

Тут патрэбная перабудова мэнталітэту, пераход на новае эканамічнае й палітычнае мысьленьне. Наколькі гэта магчыма для сёньняшняй ўлады — гэта балючае пытаньне”.

Карбалевіч: “Такім чынам, будаўніцтва газаправоду “Паўдзённы паток” — гэта новы ўдар па транзытным статусе Беларусі, новы выклік для беларускай эканамічнай і палітычнай эліты. Кіраўніцтва дзяржавы цяпер заклапочанае пошукам альтэрнатыўных крыніцаў энэрганосьбітаў і новых шляхоў іх дастаўкі. Аля цяпер ня менш актуальная праблема, каб не згубіць тыя рэсурсы, што мае краіна цяпер”.
XS
SM
MD
LG